Кавалі (Бабруйскі раён)
У гэтага тапоніма ёсць і іншыя значэнні, гл. Кавалі.
Кавалі́[2] (трансліт.: Kavali, руск.: Ковали) — аграгарадок у Бабруйскім раёне Магілёўскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Кавалёўскага сельсавета.
Кавалі знаходзяцца паміж аўтадарогай А250 і чыгункай Бабруйск—Жлобін. Побач з вёскай знаходзіцца чыгуначная станцыя Цялуша.
Насельніцтва
- 1885 год — 556 чалавек
- 1897 год — 867 чалавек
- 1917 год — 977 чалавек
- 1959 год — 579 чалавек
- 1998 год — 833 жыхары, 330 двароў[3]
Гісторыя
Артыкул вымагае праверкі арфаграфіі |
Сяло Кавалі ўпершыню ўзгадваецца ў 1560 годзе ў сувязі з правядзеннем валочнай памеры ў Бабруйскім старастве. У1565 годзе сяло ў Бабруйскай воласці Рэчыцкага павета Мінскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. У 1621 годзе сяло Кавалева Трокскай палавіцы Бабруйскага стараства, 7 дымоў. Па гаспадарчаму інвентару 1639 года сялу належала 8 валок зямлі (каля 170 гектараў), з якіх 5 былі пусткамі. Ваенныя дзеянні (грамадзянская вайна и вайна паміж Маскоўскім княствам і Рэччу Паспалітай) другой паловы XVII стагоддзя прывялі да поўнага спусташэння краю. Паводле перапісу 1684 года ў Кавалях 4 няжылых двары. У 1786 годзе - сяло ў складзе маёнтка Міхалёва, шляхецкая ўласнасць, 18 гаспадарак. З 1793, пасля II-га падзела Рэчы Паспалітай, Кавалі ў складзе Расійскай імперыі, з 1795 года ў Бабруйскім павеце Мінскай губерніі, уласнасць памешчыкаў Кельчэўскіх і Лашкаровых. У 1891 годзе працуюць млын і сукнавальня (у 1895 годзе працуе 3 рабочыя). Паводле перепісу 1897 года сяло Кавалі Туркоўскай воласці Бабруйскага павета Мінскай губерніі, 125 двароў, дзейнічаюць царква, магазін, пастаялы двор. Штогод 30 жніўня ладзіцца таржок. У Кавалях шырока развіта рамесніцтва - кавальства, бандарства, ткацтва. У 1904 годзе адкрыта земскае народнае вучылішча. У пачатку ХХ стагоддзя 119 двароў. З 29.08.1919 г. да 10.08.1920 г. ў складзе Гомельскай губерніі. З 1924 года центр сельсавета 1-га Бабруйскага раёна, са жніўня 1927 Бабруйскага раёна Бабруйскай акругі БССР. У 20-ыя гады ХХ стагоддзя створана працоўная школа 1-ай ступені. У 1925 годзе ў школе 128 вучняў, пры школе працуе драматычны гурток, пункт па ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых. У 1925 годзе у Кавалях дзейнічалі два ветраныя і паравы млыны, крупадзёрка. Пад канец 1920-х гадоў арганізавана тарфяная арцель “Прагрэс”, пачынае работу кузня. У 1926 годзе ў Кавалях 162 двары. З ліпеня 1930 года ў складзе Бабруйскага раёна БССР. У 1931 годзе 31 гаспадарка вескі абˈядналіся ў калгас “Зара рэвалюцыі”, 9 гаспадарак увайшлі ў склад калгаса “Пралетарый”. З 15.01.1938 года і з 08.01.1954 года Кавалі ў складзе Бабруйскага раёна Магілеўскай вобласці, з 20.09.1944 года да 08.01.1954 года ў складзе Бабруйскага раёна Бабруйскай вобласці. Пад час Вялікай Айчынай вайны ў баях каля вескі загінулі 24 савецкіх воіны і партызаны (пахаваны ў 2 брацкіх магілах на могілках і ў центры вескі). 101 вясковец не вярнуўся з фронту. У 1967 годзе да вескі далучана чыгуначная станцыя “Цялуша”, у 1992 годзе - паселкі Падліпˈе, Зара. У 1997 годзе ў Кавалях 318 двароў, цэнтральная сядзіба сельсавета і калгаса імя Неўскага. Дзейнічаюць чыгуначная станцыя, лесапільня, майстэрні па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі, комплекс БРС, ферма, устаноўка па прыгатаванні вітаміннай мукі. У сацыяльнай сферы працуюць васьмігадовая школа, дзіцячыя яслі-сад, Дом культуры, аддзяленні сувязі і Беларусбанка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, сталовая, магазін, комплексны пункт бытавога абслугоўвання насельніцтва, аўтаматычная тэлефонная станцыя. У 2014 годзе ў Кавалях 758 жыхароў, 302 гаспадаркі.
Вытворчасць
У вёсцы працуе СВК «Калгас імя А. Неўскага».
Сацыяльная сфера
У вёсцы Кавалі працуюць дом культуры, ФАП, бібліятэка, дзве крамы, аддзяленні паштовай сувязі i Беларусбанка.
Вядомыя асобы
- Максім Архіпавіч Ляўкоў (1894—1937) — савецкі беларускі дзяржаўны дзеяч
- Аляксандр Яфімавіч Балыка (нар. 1936) — беларускі архітэктар.
- Васіль Пятровіч Вадаевіч (нар. 1940) — беларускі ўрач-тэрапеўт. Доктар медыцынскіх навук (1999), прафесар.
Зноскі
- ↑ Ковалёўскі сельсавет
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 7: Застаўка — Кантата. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7), ISBN 985-11-0035-8. — С. 396.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Кавалі (Бабруйскі раён)
- Кавалёўскі сельсавет(недаступная спасылка)
Катэгорыя·Населеныя пункты Бабруйскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.