wd wp Пошук:

Калгары

Калгары (англ.: Calgary) — горад у Канадзе, размешчаны на поўдні правінцыі Альберта, у вобласці перадгор’яў і прэрый, прыкладна ў 80 км на ўсход ад водападзелу Канадскіх Скалістых гор.

У 2011 годзе насельніцтва Калгары складала 1 096 833 жыхара[2], такім чынам горад стаў не толькі найбуйнейшым у Альберце, але трэцім паводле колькасці насельніцтва ў краіне пасля Таронта і Манрэаля. Разам з прадмесцямі насельніцтва Калгары складала 1 214 839 чалавек, а Калгараўская агламерацыя стала пятай паводле велічыні ў Канадзе ў 2011 годзе. Горад размешчаны ў 294 км на поўдзень ад Эдмантана, сталіцы рэгіёна, а густа населеная зона паміж гэтымі гарадамі вядома як «Калідор Калгары—Эдмантан».

Дзелавая актыўнасць у Калгары ў асноўным звязана з нафтавай прамысловасцю, сельскай гаспадаркай і турызмам. У 1988 годзе Калгары стаў першым канадскім горадам, у якім прайшлі Зімовыя Алімпійскія гульні.

Гісторыя

Калгары ў 1885 годзе

Да таго як у раёне Калгары пасяліліся еўрапейцы, яго не менш за 11 тысяч гадоў засялялі дакловіскія народы[3]. У 1787 годзе картограф Дэвід Томпсан перазімаваў разам з групай індзейцаў пікані на беразе ракі Боу. Ён быў першым вядомым еўрапейцам, які наведаў гэту тэрыторыю, а першым вядомым еўрапейцам, які стала пасяліліся ў раёне Калгары, стаў у 1873 годзе Джон Глен[4]. Тубыльны лад жыцця заставаўся практычна нязменным аж да 1870-х гадах, пакуль еўрапейцы не вынішчылі папуляцыю амерыканскіх бізонаў да амаль поўнага знікнення.

У раёне Калгары быў заснаваны пост Паўночна-Заходняй коннай паліцыі. Аддзяленне гэтай службы было створана ў 1875 годзе для абароны заходніх раўнінаў ад амерыканскіх гандляроў віскі, а таксама для абароны пушной здабычы. Пасля таго як у 1883 годзе да горада падышла Канадская Ціхаакіянская чыгунка і была пабудавана чыгуначная станцыя, Калгары стаў ператварацца ў важны гандлёвы і сельскагаспадарчы цэнтр. У 1885 годзе быў арганізаваны Нацыянальны парк Банф, які разам з гатэлем Банф Спрынгз стаў месцам паломніцтва турыстаў з усяго свету.

Нафту ў Альберце ўпершыню знайшлі ў 1902 годзе, але яна не гуляла важнай ролі ў жыцці правінцыі да 1947 года, калі былі адкрыты яе вялізныя запасы. Калгары адразу апынуўся ў цэнтры нафтавага буму. Дзякуючы арабскаму нафтаваму эмбарга 1973 года, кошты на нафту рэзка падвысіліся, і эканоміка горада пачала расці вельмі хутка. За гады буму ў горадзе адзін за адным пачалі з’яўляцца небаскробы, і адносна невысокі дзелавы раён хутка апынуўся забудаваны шматпавярховымі будынкамі.

У сувязі з тым, што вялікая колькасць калгарцаў была занята ў сектары энергетыкі, наступствы эканамічнага крызісу пачатку 1980-х гадах былі значнымі, і імкліва ўзрос узровень беспрацоўя. Аднак да канца дзесяцігоддзя эканоміка аднавілася. У Калгары хутка ўсвядомілі, што горад не павінен моцна залежыць ад нафты і газу, і яго эканоміка з тых часоў стала больш разнастайнай.

Геаграфія

Калгары размешчаны ў пераходнай зоне паміж перадгор’ямі Канадскіх Скалістых гор і канадскімі прэрыямі. Вышыня цэнтру Калгары над узроўнем мора складае прыблізна 1048 м, а вышыня яго аэрапорта — 1083 м. Уласна Калгары займае плошчу ў 726,5 км² (2006), што, напрыклад, перавышае плошчу горада Таронта. Праз горад працякаюць дзве буйныя ракі. Рака Боу цячэ з паўночнага захаду на поўдзень. Яе прыток Элбау цячэ з поўдня на поўнач і ўпадае ў Боу каля даўнтаўна Калгары.

Эканоміка

Нафтагазавая прамысловасць ужо не займае пануючага становішча ў калгараўскай эканоміцы, як раней, хоць яе доля ў валавым гарадскім прадукце і застаецца самай буйной. У 2006 годзе рэальны валавы прадукт Калгары, у коштах 1997 года, склаў 52,39 трыльёны канадскіх долараў, а доля нафтагазавай і горнай прамысловасці ў ім — 12%. Найбуйнейшымі нафтагазавымі кампаніямі з’яўляюцца BP, EnCana, Imperial Oil, Suncor Energy, Shell Canada, TransCanada і Nexen — такім чынам, у Калгары размяшчаюцца кіраванні 87% канадскіх вытворцаў нафты і прыроднага газу і 66% вуглездабыўных прадпрыемстваў.

Зноскі

  1. Getty Research Institute Getty Thesaurus of Geographic NamesLA: Getty Research Institute, 1997. Праверана 8 красавіка 2021.
  2. 1 2 “Census Profile: Calgary, Alberta (Population Centre)”. 2011 census. Statistics Canada
  3. Archaeology Timeline of Alberta Архівавана 28 верасня 2009.. University of Calgary
  4. Alberta Tourism, Parks, Recreation and Culture The Glenns Архівавана 27 верасня 2007.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be