Камянец-Падольскі
Камяне́ц-Падо́льскі (укр.: Кам’янець-Подільський) — горад у Хмяльніцкай вобласці Украіны, адміністрацыйны цэнтр Камянец-Падольскага раёна, адзін з найстаражытнейшых гарадоў краю.
Размешчаны ў цэнтры Валына-Падольскага ўзвышша (48° 25’ паўночнай шыраты, 26° 32’ усходняй даўгаты) за 101 км ад Хмяльніцкага. Праз горад працякае рака Смотрыч, утвараючы скалістым каньёнам свайго рэчышча амега-падобную завесу. На тэрыторыі ўтворанага каньёнам паўвострава размешчаны Стары горад — старажытны гісторыка-культурны комплекс. Стары горад складаецца са старадаўніх архітэктурных пабудоў, якія адлюстроўваюць культуры народаў, што пражывалі тут у розныя часы.
Сярэдняя гадавая тэмпература ў горадзе +9 °C., а для пор года: зіма −3°, вясна +6°, лета +20°, восень +10°. Пераважныя вятры NW і W.
Гістарычны агляд
Асноўны артыкул: Гісторыя Камянца-Падольскага Горад заснаваны як крэпасць, якая мела важнае геапалітычнае становішча на мяжы хрысціянскай і мусульманскай культур, скрыжаванні сухапутных і водных шляхоў. Горад уваходзіў у склад Кіеўскай Русі, у XIII—XIV стагоддзях — Галіцка-Валынскага княства, затым быў заваяваны татара-манголамі. З другой паловы XIV стагоддзя далучаны да Літвы; з 1430 года — Польскаму Каралеўству, з 1463 года — цэнтр Падольскага ваяводства, пераўтвораны ў крэпасць.
У сярэднія стагоддзі Камянец быў рамесным і гандлёвым цэнтрам, па сваім развіцці стаяў у адным шэрагу з такімі гарадамі, як Львоў і Кіеў. У 1672 годзе захоплены Турцыяй, але ў 1699 годзе вернуты Рэчы Паспалітай. У 1793 годзе, пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, разам з усёй правабярэжнай Украінай адышоў да Расійскай імперыі (1795-97 гадах цэнтр Падольскага намесніцтва, у 1797—1917 гадах — Падольскай губерніі). У 1918—1921 гадах — галоўны цэнтр фарміравання войскаў і дыслакацыі ваеннага кіраўніцтва Украінскай Народнай Рэспублікі, апошняя апора абаронцаў Украінскай незалежнасці. Пры савецкай уладзе — буйны прамысловы горад. З 1991 — у складзе Украіны. Маецца нацыянальны ўніверсітэт, заснаваны ў 1918 годзе.
Дэмаграфічны рост насельніцтва
1390 — 2 000 | 1912 — 50 500 | 1986 — 100 000 |
1570 — 4 500 | 1921 — 26 600 | 1989 — 102 200 |
1630 — 12 000 | 1926 — 31 000 | 1990 — 103 000 |
1699 — 1 400 | 1939 — 36 400 | 1991 — 105 000 |
1840 — 14 700 | 1944 — 11 000 | 2001 — 99 610 |
1862 — 18 900 | 1959 — 40 300 | 2003 — 99 929 |
1892 — 36 662 | 1966 — 50 000 | 2004 — 99 540 |
1893 — 36 951 | 1970 — 57 000 | 2005 — 99 398 |
1897 — 35 934 | 1976 — 77 000 | 2007 — 100 025 |
1903 — 40 000 | 1979 — 84 000 |
Знешнія транспартныя камунікацыі
Патрапіць у горад з Кіева прасцей за ўсё па трасе Н03 (А269), якая праходзіць праз Жытомір, Стараканстантынаў і Хмяльніцкі, а з боку заходняй Украіны — з Цярнопаля спачатку па М12 (А267) да Хмяльніцкага, а затым па Н03 (А269). Альтэрнатыўны, не самы хуткі для аўтастопу, але цікавы шлях з Цярнопаля пралягае праз Чарткоў і Скалу-Падольскую, трасы M 19 і А268. Па чыгунцы да Камянца дабрацца можна прыгарадным цягніком з Хмяльніцкага ці прамым пасажырскім, а таксама хуткім з Кіева.
Гасцініцы, харчаванне, транспарт
У горадзе вялікая колькасць маленькіх прыватных гасцініц. Грамадскі транспарт — аўтобусы і маршрутныя таксі.
Адукацыя
Турыстычныя выдатнасці
Камянец-Падольскі — адзін з найстаражытнейшых гарадоў Украіны. Дзякуючы ўнікальнаму спалучэнню гісторыка-архітэктурнай, горадабудаўнічай спадчыны, ландшафту каньёна ракі Смотрыч, «Стары горад (Камянец-Падольскі)» абвешчаны дзяржаўным гісторыка-архітэктурным запаведнікам. Колькасць помнікаў архітэктуры XI—XIX стагоддзяў налічвае каля 200 будынкаў і збудаванняў. Магутныя абарончыя ўмацаванні «Старога горада», крэпасць і прыгонны мост, спалучэнне культавых збудаванняў розных рэлігій пакідаюць непаўторнае ўражанне. Улічваючы багатую архітэктурна-гістарычную спадчына «Старога горада», нацыянальнай камісіяй Украіны па справах ЮНЕСКА у маі 1994 года было рэкамендавана ўключыць яго кандыдатам у рэестр сусветнай культурнай спадчыны.
Самая вялікая каштоўнасць — практычна цалкам захаваны гістарычны цэнтр без украпванняў архітэктуры XX стагоддзя. Галоўная гарадская выдатнасць — старадаўняя крэпасць, першыя пабудовы якой адносяцца да XI—XII стагоддзяў, а асноўныя ўмацаванні, — да XVI—XVII стагоддзяў. Абарончыя ўмацаванні ў Камянцы-Падольскім лічацца выдатным узорам лепшых фартыфікацый Усходняй Еўропы.
Таксама варта наведаць Кафедральны касцёл святых Апосталаў Пятра і Паўла (XVI—XVIII стагоддзі) і турэцкі мінарэт побач з ім, Францысканскі касцёл (XIV—XVIII стагоддзі), гарадскую Ратушу (XIV—XIX стагоддзі), армянскую Нікалаеўскую царкву (XIV стагоддзе). Дзейнічаюць два выставачныя залы, музеі этнаграфіі (Замкавая, 1), гістарычны (Іаана-Папярэдніцкая, 2), мастацкі (Пятніцкая, 11). Можна наведаць батанічны сад. Стары цэнтр знаходзіцца на паўвостраве, акружаным каньёнам, па дне якога працякае рака Смотрыч, прыток Днястра. Стары Горад злучаны з цэнтральнай часткай горада Навапланавым мостам. Абрывістыя скалістыя берагі ракі Смотрыч прыцягваюць у Камянец альпіністаў.
Мясцовыя святы і фестывалі
- Адкрыццё турыстычнага сeзона
- Тэхнапарк Каменнага перыяду
- Дзень горада «Камянец старажытны сэрца Падолля»
- Аквадром
- Terra Heroica
Вядомыя камянчане
- Мікола Платонавіч Бажан (1904—1983) — украінскі савецкі паэт, перакладчык, публіцыст і грамадскі дзеяч
- Антон Афодзьевіч Васюцінскі (1858—1935) — мастак, скульптар-медальер, разьбяр
- Міхаіл Іосіфавіч Велер (нар. 1948) — расійскі пісьменнік і філосаф
- Мікіта Паўлавіч Гадованец (1893—1974) — украінскі паэт-байкапісец
- Юзаф Каленбах (1861—1929) — польскі гісторык літаратуры
- Уладзімір Рыгоравіч Хіраска (1874—1933) — беларускі рэлігійны дзеяч, свяшчэннапакутнік.
Літаратура
- Камянец-Падольскі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 7: Застаўка — Кантата. С. 556.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Камянец-Падольскі
- Камянец-Падольскі гістарычны сайт
- Сайт гарадской мэрыі
- Камянец-Падольскі сайт Архівавана 14 мая 2011.
- Прыродны запаведнік «Падольскія Тоўтры» Архівавана 27 чэрвеня 2009.
- Фатаграфіі горада
- Замкі і храмы Камянец-Падольскага раёна
- Савецкая тапаграфічная карта 1:100,000 Архівавана 1 красавіка 2007.
Дакументальныя фільмы пра гісторыю станаўлення і развіцця горада
Зноскі
Тэмы гэтай старонкі:Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.