Кацельнікава
Кацельнікава (руск.: Котельниково) — горад (з 1955 года) у Расіі, адміністрацыйны цэнтр Кацельнікаўскага раёна Валгаградскай вобласці. Насельніцтва 19,7 тыс. чалавек (2005). Заснаваны ў 1897 годзе. Размешчаны за 190 км на паўднёвы захад ад Валгаграда, на рацэ Курмаярскі Аксай. Чыгуначная станцыя Прыволжскай чыгункі на лініі Валгаград — Сальск.
Гісторыя
Узнік у 1897 годзе як пасёлак пры аднайменнай чыгуначнай станцыі (станцыя, у сваю чаргу, атрымала назву ад бліжэйшага хутара, першапасяленцам якога быў Кацельнікаў). Некаторы час пасёлак называўся Нікалаеўскі, аднак гэтая назва не прыжылася.
У лістападзе 1942 года, падчас Сталінградскай бітвы, у раёне Кацельнікава была сканцэнтравана буйная групоўка нямецка-фашысцкіх войскаў — вайсковая група «Гот», якая знаходзілася ў складзе групы войскаў «Дон» пад камандаваннем генерал-фельдмаршала Манштэйна. Перад групоўкай ставілася задача дэблакады акружаных у раёне Сталінграда нямецкіх войскаў; 12 снежня група «Гот» перайшла ў наступленне, якое, дзякуючы паспяховай абароне савецкіх войскаў, да 23 снежня прыпынілася; неўзабаве савецкія войскі пачалі контрнаступленне, у выніку якога вайсковая група «Гот» была амаль цалкам разгромленая; 29 снежня савецкія войскі вызвалілі пасёлак і чыгуначную станцыю Кацельнікава.
Эканоміка
У горадзе — прадпрыемствы чыгуначнага транспарта і харчовай прамысловасці (кансервавы, малочны і іншыя заводы), завод сельскагаспадарчага машынабудавання, вытворчасць будаўнічых матэрыялаў (арматурны, цагляны і асфальтавы заводы). У Кацельнікава дзве бальніцы, пяць сярэдніх школ, стадыён, тры бібліятэкі, краязнаўчы музей.
Зноскі
- ↑ Колькасць насельніцтва Расійскай Федэрацыі па гарадах, пасёлках гарадскога тыпу і раёнах на 1 студзеня 2010 года (руск.)
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.