Клінцы
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Клінцы (значэнні).
Клінцы́ (руск.: Клинцы) — горад (з 1729 года) у Расіі, адміністрацыйны цэнтр Клінцоўскага раёна Бранскай вобласці. Насельніцтва 66,1 тыс. чалавек (2005), другі па велічыні ў вобласці пасля Бранска.
Размешчаны на рацэ Ту́расна (басейн Дняпра), за 170 км ад Бранска на трасе Гомель — Бранск.
Аўтакранавы завод, фабрыка па апрацоўцы дыяментаў, аўтарамонтны завод, швейная фабрыка, трыкатажная фабрыка, камбінат будаўнічых матэрыялаў, завод тэлефоннай апаратуры.
Гісторыя
Паселішча на месцы Клінцоў заснавана ў 1703 годзе беглым селянінам-стараабраднікам Васілём Апанасавічам Клінцовым. У 1708—1709 гадах мясцовыя стараверы аказалі значную дапамогу расійскім войскам у ходзе Паўночнай вайны (1700—1721), за што ў 1715 годзе цар Пётр I спецыяльным указам замацаваў за імі гэтую зямлю, а паселішча атрымала статус слабады пад назвай Клінцы. У 1720 годзе І. Г. Сабальшчыкаў заснаваў тут першую буйную гарбарную вытворчасць. Значны прыток насельніцтва адбыўся пасля разгрома цэнтра стараверства ў Ветцы ў 1735—1736 гадах і асабліва ў 1763—1764 гадах. Пасад Суражскага павета Ноўгарад-Северскага намесніцтва (1782—1796), Маларасійскай губерні (1796—1802), Чарнігаўскай губерні (1802—1919). З апошняй чвэрці XVIII стагоддзя да пачатку 1810-х гадоў цэнтр выдання старадрукаваных кніг «новым цісненнем»: у 1785 годзе адкрыта друкарня Жалезнікавых, Рукавішнікава (да канца 1780-х гадоў), у 1786 годзе — Карташова. У пачатку ХІХ стагоддзя ўзнікла буйная тэкстыльная вытворчасць. У 1870—1890-х гадах Клінцы перажывалі эканамічны заняпад.
У красавіку 1918 года заняты аўстра-германскімі войскамі, у снежні 1918 года вызвалены Багунскім палком Чырвонай Арміі пад камандаваннем М. А. Шчорса. Павятовы цэнтр Гомельскай губерні (1921—1926), Бранскай губерні (1926—1929).
Горад з 1925 года. Акруговы цэнтр (1929—1930) Заходняй вобласці. З 1929 года раённы цэнтр Заходняй вобласці (1929—1937), Арлоўскай вобласці (1937—1944), Бранскай вобласці (з 1944).
У час Вялікай Айчыннай вайны 20 жніўня 1941 года акупіраваны германскімі войскамі, практычна разбураны. Вызвалены савецкім войскам 25 верасня 1943 года падчас Бранскай наступальнай аперацыі.
У 1986 годзе горад і яго наваколлі пацярпелі ў выніку Чарнобыльскай аварыі. З 2005 года ўтварае гарадскую акругу. У 2015 годзе Пастановай Урада РФ горад аднесены да зоны пражывання з правам на адсяленне.
Гарады-пабрацімы
Вядомыя асобы
- Аляксандр Васільевіч Даманаў (1940—2014) — беларускі мастак.
- Святлана Мікалаеўна Курылкіна (нар. 1963) — беларускі фізік-оптык. Доктар фізіка-матэматычных навук (2000), прафесар (2003).
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Клінцы
Катэгорыя·Населеныя пункты Бурабайскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты без паштовага індэкса Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.