Гомель
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Гомель (значэнні).
Го́мель[4] (трансліт.: Homieĺ, руск.: Гомель) — горад абласнога падпарадкавання на паўднёвым усходзе Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Гомельскай вобласці і Гомельскага раёна. За 301 км ад Мінска, 609 км ад Гродна, 222 км ад Кіева. Размешчаны недалёка ад мяжы з Украінай. Горад пацярпеў ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986), тэрыторыя горада і ваколіц забруджана радыяцыйнымі выкідамі. Другі паводле колькасці насельніцтва горад краіны. Насельніцтва 535 229 чал. (2017)[5].
Назва
Эвалюцыя форм
Найбольш старажытнай версіяй назвы лічыцца «Гомій», хаця ў абедзвюх першых вядомых летапісных згадках Гомеля яго назва не падавалася ў пачатковай форме: «около Гомия» (1142 г.), «в Гомью», «до Гомьа» (1158 г.). Іншых пісьмовых згадак Гомеля невядома аж да канца XIV ст., калі ён патрапіў у так званы «Спіс гарадоў рускіх» акурат як «Гомій» («Гомий»). Канцом XV ст. датуюцца дакументы, што фіксуюць форму «Гомей» (або «Гомеи»)[6], якая ў XVI ст. робіцца асноўнай[7].
Пачатак выкарыстання формы «Гомель» прасачыць праблематычна з прычыны спецыфікі публікацыі некаторых гістарычных крыніц. Апублікаваная ў так званым «Зборніку Муханава» (1858 г.) грамата вялікага князя літоўскага Аляксандра Ягелончыка 1499 г. утрымлівае менавіта форму «Гомель», што фоне іншых дакументальных сведчанняў той эпохі выглядае анахранізмам і можа тлумачыцца «мадэрнізацыяй» з боку публікатара[8][7]. «Рэестр рэвізіі гаспадарскай Гомельскай воласці» 1560 г. (публікацыі 1853 і 1886 гг.), не ўтрымліваючы пачатковай формы назвы, паслядоўны ва ўжыванні вытворных формаў кшталту «Гомельскій», якія нібыта выводзяцца ад назвы «Гомель»[9][10]. Аднак гісторыя гэтага дакумента настолькі спецыфічная, што немагчыма адназначна сцвярджаць, ці ўжываліся такія ж формы ў страчаным арыгінале — нам вядомы актуалізаваны ў 1752 г. «экстракт» (вынятак), які быў зроблены ў 1640 г. з транслітэрацыяй арыгінальнага кірылічнага старабеларускага тэксту ў лацінку, тады як публікатары XIX ст. зрабілі зваротную транслітарацыю ў кірыліцу[11]. Нельга выключаць, што на нейкім этапе згаданых відазмяненняў маглі адбыцца скажэнні пачатковага дакумента. Паказальна, што ў прывілеі вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста аб наданні Гомелю герба (той жа 1560 г.) выкарыстоўвалася вытворная форма «Гомеиского» («мещане места Гомеиского»)[12].
У гістарычных крыніцах зафіксаваныя іншыя версіі назвы: Гомь, Гом’е, Гом’і[13]. На многіх еўрапейскіх картах XVII — пачатку XX стст. назва горада перадавалася лацініцай як Homel. Краязнавец Л. А. Вінаградаў (1900 г.) меркаваў, што менавіта пад уплывам лацінкавага напісання паступова і пашырылася форма «Гомель» кірыліцай[13]. Пры адсутнасці грунтоўных даследаванняў на гэты конт падобнае меркаванне ўспрымаецца і сёння як праўдападобнае[7].
Паходжанне
Паходжанне яго назвы некаторыя даследчыкі звязваюць з назвай роду, што пасяліўся на тэрыторыі сучаснага горада, або з імем заснавальніка гэтага роду. Паводле іншых версій, у аснове назвы ляжыць старажытнаславянскае слова «гом» у значэнні «пагорак, узвышша над ярам, нізінай»[14].
Магчыма, назва паходзіць ад назвы ракі (ручая) Гамяюк, што ўпадае ў раку Сож недалёка ад гістарычнага цэнтра горада.
Згодна з народнай этымалогіяй, адлюстраванай у адпаведным паданні, паходжанне назвы Гомеля звязана з выкрыкам «Го! Мель!», якім нібыта ў даўнія часы папярэджвалі плытагонаў ад небяспецы трапіць на мель.
Герб
Асноўны артыкул: Герб Гомеля
Гісторыя
Старажытнасць
Дакладная дата заснавання Гомеля невядома. Горад узнік у канцы І тыс. н.э. на землях радзімічаў, у сутоках ракі Сож і ручая Гомій (Гамяюк). Дзядзінец старажытнага Гомеля размяшчаўся на мысе паміж правым берагам ракі і левым берагам ручая. Археалагічнымі раскопкамі і даследаваннямі, праведзенымі ў 1926 І. Юшчанкам, у 1975 М. Ткачовым, у 1986—1992 А. Макушнікавым, выяўлены матэрыялы эпохі неаліту і бронзавага веку, мілаградскай, зарубінецкай, калочынскай культур, рэчы X—XIII ст. Самыя старажытныя гарадскія ўмацаванні датуюцца IX—XI ст. Першапачаткова частку мысавай тэрасы плошчай каля 1 га ахоўваў глыбокі роў. У XI—XII ст. дзядзінец з боку Сажа ўмацаваны абарончым земляным валам і драўляным частаколам. Надвальныя драўляныя канструкцыі ў XIII ст. згарэлі. У XII ст. плошча дзядзінца каля 1,4 га, на ім вялося каменнае будаўніцтва. 3 поўначы і захаду да дзядзінца прымыкаў умацаваны ровам вакольны горад, які размяшчаўся паміж ярамі Гаміюк і Кіеўскі спуск; у X ст. яго плошча 3—8 га, у XI—XIII ст. больш за 12 га. За вакольным горадам развіваліся пасады. У XII—XIII ст. агульная плошча горада не менш за 40 га. Насельніцтва жыло ў наземных і заглыбленых у зямлю пабудовах зрубнай і слупавой канструкцыі, займалася рамёствамі, гандлем, промысламі, земляробствам, жывёлагадоўляй. Верагодна, з XII ст. развіваліся апрацоўка бурштыну, паліванай керамікі.
Першая пісьмовая згадка пра Гомель датуюцца 1142 г., калі ён уваходзіў у Чарнігаўскае княства. У 1157 быў далучаны да Смаленскага княства, з 1161 зноў уладанне чарнігаўскіх Ольгавічаў.
Напэўна ў 1239—1240 гадах Гомель быў разбураны і спалены мангола-татарскімі заваёўнікамі. Пры археалагічных раскопках устаноўлена, што ўсе драўляныя пабудовы ў вакольным горадзе і на дзядзінцы загінулі ў вялікім пажары, у тым ліку майстэрня па вырабе зброі. У памяшканнях знойдзены схаваныя каштоўныя рэчы, за якімі іх уласнікі ўжо ніколі не вярнуліся. Наяўнасць у слаях абарончага вала крэпасці тыповых манголата-тарскіх стрэл-зрэзняў пераконвае, што горад быў узяты мангола-татарамі штурмам пасля адчайнага супраціўлення яго абаронцаў і зруйнаваны дашчэнту[15].
У Вялікім Княстве Літоўскім
Каля 1335 года Гомель увайшоў у склад Вялікага Княства Літоўскага. У канцы 14 ст. згадваецца сярод кіеўскіх гарадоў у «Спісе гарадоў рускіх далёкіх і блізкіх». У 14—18 ст. існаваў Гомельскі замак. У 1446 годзе быў нададзены вялікім князем Казімірам Ягелончыкам уцекачам з Масквы Васілю Яраславічу Бароўскаму, потым князю Івану Мажайскаму. У 1500 годзе сын апошняга — Сімяон зноў вярнуўся ў Маскву, што стала падставай для актыўных ваенных дзеянняў паміж дзяржавамі. Заняты маскоўскімі войскамі, вызвалены войскамі ВКЛ 17 ліпеня 1535, цэнтр Гомельскага староства. Пасля заключэння міру (1537) Гомель застаўся ў ВКЛ, у горадзе пабудаваны новы моцны дубовы замак, абнесены драўлянай сцяной і ровам з пад’ёмнымі мастамі. 21 сакавіка 1562 года атрымаў магдэбургскае права і пячатку з выявай крыжа. Рэканструкцыя тагачаснага герба Гомеля ўяўляе сабой у чырвоным полі сярэбраны кавалерскі крыж. Колер поля і крыжа на самай справе невядомыя, магчыма, поле было блакітным, а крыж — залатым. На італьянскай карце Азіi, надрукаванай (1565) Дж. Гастыльды горад называецца Homia, на карце Еўропы галандца П. Планцыя (Амстэрдам, 1594) — Homei. З 1565 у Рэчыцкім павеце Менскага ваяводства. Гомель — старажытны цэнтр праваслаўя, найстаражытнейшая вядомая па пісьмовых крыніцах праваслаўная царква (15 ст.) асвечана ў імя Міколы Цудатворца.
Падчас паўстання С. Налівайкі (1595) Гомель быў захоплены паўстанцамі i спалены. Падчас войнаў 1648—1667 гадоў моцна пацярпеў, некалькі разоў пераходзіў з рук у рукі. У Паўночную вайну 1700—1721 у Гомелі размяшчаліся расійскія войскі пад камандаваннем А. Д. Меншыкава (1706), пасля перамогі ў бітве пры Лясной (1708) яны праходзілі праз горад і разбурылі яго. У першай чвэрці 18 ст. у горадзе быў пабудаваны першы касцёл.
У Расійскай імперыі
У склад Расійскай імперыі Гомель увайшоў пры першым падзеле Рэчы Паспалітай у 1772 годзе, і быў канфіскаваны ў імператарскую казну. У 1775 годзе імператрыца Кацярына II падарыла Гомель і Гомельскае староства ў вечнае спадчыннае валоданне вядомаму рускаму палкаводцу П. А. Румянцаву-Задунайскаму «для забавы». У 1779 годзе староства ўключала 82 вёскі з 12 665 дварамі. Румянцаў, не жадаючы прысутнасці ў сваім горадзе павятовых чыноўнікаў, дамогся ператварэння Гомеля ў прыватнаўласніцкае мястэчка пры ўмове пабудовы ім новага горада, дзе б размясціўся павятовы цэнтр. У 1796 годзе была створана Беларуская губерня. Горад стаў павятовым горадам Рагачоўскай правінцыі. Затым (1802) губерню падзялілі на дзве — Віцебскую і Магілёўскую. Значная частка Гомельскай вобласці і Гомель былі ўключаныя ў Магілёўскую губерню. Пры ўтварэнні ў складзе Магілёўскай губерні паветаў, Гомель увайшоў у Беліцкі павет; яго адміністрацыя часова размясцілася ў мястэчку Беліца, што ў 20 км на паўночны захад ад Гомеля (цяпер вёска Старая Беліца Гомельскага раена). Будаўніцтва Румянцавым новага павятовага цэнтра — Новай Беліцы — ажыццяўлялася ў 1777—1786 гадах на левым беразе ракі Сож у 3 вярстах ад Гомеля. У 1852 годзе новы ўладальнік Гомеля князь І. Ф. Паскевіч перавёў павятовы цэнтр у Гомель з перайменаваннем павета ў Гомельскі, абвясціўшы Новую Беліцу заштатным горадам, а затым (1854) яна была далучаная да Гомеля ў якасці прадмесця (цяпер — Навабеліцкі раён Гомеля). На аснове герба Новай Беліцы (1781) быў распрацаваны герб Гомеля (1856).
Перыяд знаходжання Гомеля ў складзе Расійскай імперыі адзначыўся бурным ростам насельніцтва, гарадской інфраструктуры, прамысловага патэнцыялу. П. А. Румянцаў замест драўлянага замка Чартарыйскіх у 1785—1793 гадах пабудаваў каменны палац, які затым неаднаразова дабудоўваўся наступнымі ўладальнікамі Гомеля. У 1809—1819 гадах па праекце архітэктара Джона Кларка (жыў і працаваў у Гомелі ў 1800—1826 гадах) быў узведзены Петрапаўлаўскі сабор. 8 лістапада 1819 г. ў Гомелі адкрылася першая ў Расіі ланкастэрская школа. Яна была пабудаваная на цэнтральнай вуліцы Гомеля па праекце таго ж Джона Кларка. Гэта быў цэлы комплекс будынкаў (галоўны корпус і чатыры флігелі, лазні, гумно, стайні) з зямельнымі ўгоддзямі, узорнай фермай і майстэрнямі. Гэта была першая навучальная ўстанова такога тыпу ў Расійскай імперыі.
У горадзе сталі праводзіцца два штогадовыя кірмашы — студзеньскі (Васільеўскі) і вераснёвы (Узвіжанскі), у 1840-х гадах да іх дадаўся гадавы (Траецкі). У снежні 1796 года пасля смерці П. А. Румянцава-Задунайскага ўладальнікам Гомеля стаў яго сын М. П. Румянцаў. Пры ім у Гомелі адкрыліся першая гімназія (1797), Гасціны двор, шкляны, кафляны, спіртавы заводы, ткацкая і прадзільная фабрыкі, пабудаваны пастаянны драўляны мост праз Сож. У 1822 годзе было скончана будаўніцтва касцёла. Пры М. П. Румянцаве таксама адбылося ўмацаванне стараверскай абшчыны, пабудавана сінагога, аптэка і багадзельня. У 1793 годзе на беразе Сожа была пабудаваная Ільінская царква, якая ўяўляе сабой 3 пастаўленыя адзін на другі зрубы. У цяперашні час прызнаная помнікам драўлянага дойлідства.
Пасля смерці М. П. Румянцава (1827) уладальнікам горада стаў яго брат С. П. Румянцаў. Пры ім былі пабудаваныя Траецкая царква і будынак духоўнага вучылішча. З прычыны безграшоўя С. П. Румянцаў заклаў Гомель у дзяржаўную казну Расійскай імперыі (1827) за 401,1 тыс. рублеў, а ў 1834 г., не маючы магчымасці пагасіць доўг, прадаў маёнтак казне. Палацавую частку горада набыў у яго князь І. Ф. Паскевіч-Эрыванскі, якому Мікалай I падарыў (1838) астатнюю частку горада.
Пры І. Ф. Паскевічу былі адкрытыя шкляная мануфактура, цукравы завод (1832), свечачны завод (1840), крупадзёрка (1853), некалькі лінна-вяровачных і лесапільных прадпрыемстваў, царкоўна-прыходскае аднакласнае вучылішча (у Новай Беліцы, 1835) народнае вучылішча (1841). У сярэдзіне XIX стагоддзя на тры гомельскія кірмашы штогод прывозілася тавару больш чым на 1 млн рублёў (39 % прывозу і 38 % рэалізацыі ўсіх тавараў Магілёўскай губерні). Гомельскі маёнтак І. Ф. Паскевіча складаўся з 8 эканомій з 209 662 дзесяцінамі зямлі. Выгаднае транспартна-геаграфічнае становішча спрыяла развіццю транспартнай сістэмы і далейшаму росту Гомеля як прамысловага цэнтра. У 1850 годзе праз Гомель прайшла шасейная дарога Санкт-Пецярбург — Адэса і першая ў Расіі тэлеграфная лінія Санкт-Пецярбург — Севастопаль, у 1873 — Лібава-Роменская чыгунка, у 1888 — Палеская чыгунка. На 1854 год у горадзе пражывала 10,1 тыс. насельніцтва і налічвалася 1219 будынкаў. Горад моцна пацярпеў ад пажару 1856 года, калі згарэла 540 дамоў. У сярэдзіне XIX стагоддзя склалася планіровачная схема горада, якая захавалася да нашага часу, з кампазіцыйным цэнтрам — палацам, паркам і цэнтральнай Саборнай плошчай з двух’ярусным гасціным дваром, гандлёвымі радамі, каталіцкім касцёлам, ратушай. Дзве прамалінейныя вуліцы Румянцаўская (у цяперашні час Савецкая) і Замкавая (цяпер праспект Леніна) стваралі двухпрамянёвую планіровачную сістэму. Праз Сож дзейнічаў 175-сажнёвы мост на плытах. На левым беразе знаходзілася насыпная плаціна з 9 драўлянымі мастамі (разбурана вясновай паводкай 1845 года). 25 верасня 1852 года Гомель атрымаў статус горада, ён стаў цэнтрам павета Магілёўскай губерні. У 1854 годзе да яго быў далучаны горад Новая Беліца з 1646 жыхарамі (3 цагляныя, 302 драўляныя дамы, 2 драўляныя царквы, 2 габрэйскія малітоўныя школы, царкоўна-прыходская школа, крупяны завод, запалкавы завод, 4 ветраныя млыны). У 1857 годзе праз раку быў пабудаваны арачны мост.
І. Ф. Паскевіч заснаваў вакол палаца парк, які стаў унікальным прыродным аб’ектам (цяпер Гомельскі палацава-паркавы ансамбль), тэатр.
Пасля смерці І. Ф. Паскевіча ў 1856 годзе маёнтак перайшоў да яго сына Ф. І. Паскевіча. Пры ім былі заснаваныя 3 чугуналіцейныя прадпрыемствы, 2 цагляныя заводы, запалкавая фабрыка «Везувій», вуліцы пачалі асвятляцца газам (1873) і брукавацца (з 1879). Жонкай Фёдара Іванавіча Паскевіча Ірынай Іванаўнай у Гомелі быў заснаваны прытулак для малалетніх дзяўчынак, грамадства дапамогі навучэнцам (1878), пабудаваны будынак Гомельскага прытулку, мужчынская класічная гімназія, вочная лякарня. Княгіня спрыяла пабудове водаправода, утрымлівала іншыя ўстановы адукацыі і аховы здароўя. У 1912 годзе выдавалася газета «Отклики».
У 1913 годзе Гомель быў буйным прамысловым цэнтрам і налічваў 104,5 тысячы чалавек насельніцтва. Найбуйнейшымі прадпрыемствамі з’яўляліся механічныя майстэрні Лібава-Роменскай чыгункі і запалкавая фабрыка «Везувій». Падчас Першай сусветнай вайны ў Гомелі створана 8 шпіталяў і тылавая гаспадарка Варшаўскай ваеннай акругі, Гомельскі перасыльны пункт, франтавыя майстэрні. Працавалі эвакуіраваныя з іншых гарадоў прадпрыемствы.
- Віды дарэвалюцыйнага Гомеля
- Бераг ракі Сож, прыстань
- Выгляд на вуліцу Румянцэўскую
- Замкавая вуліца і Вакзал
- Мужчынская гімназія
- Вялікая сінагога, 1910
У савецкі перыяд
Падчас Грамадзянскай вайны асноўнымі падзеямі сталі акупацыя Гомеля германскімі войскамі (1 сакавіка 1918 г.), установа Гомельскай дырэкторыі (17 снежня 1918 г.) і ўвод у Гомель войскаў Украінскай Народнай Рэспублікі, уваходжанне горада ў склад Украінскай дзяржавы і адкрыцце ўкраінскага тэатра, адступленне немцаў і захоп горада войскамі Чырвонай арміі (14 студзеня 1919 г.). Найбуйнейшым у Гомелі выступам супраць бальшавікоў стала Стракапытаўскае паўстанне: паўстанцы захапілі стратэгічныя аб’екты і расстралялі членаў савецкага кіраўніцтва горада, але самі былі разбіты Чырвонай арміяй[16].
У 1919 годзе Гомель стаў цэнтрам створанай Гомельскай губерні РСФСР. Пасля заканчэння ваенных дзеянняў пачалося аднаўленне прамысловасці і транспарту. У ліпені 1920 года пачалі працу суднарамонтныя майстэрні (з 1935г. суднарамонтны завод). У 1921 годзе ўступіла ў строй фабрыка «Палесдрук» (створана на базе некалькіх дробных паліграфічных майстэрняў). У 1922-1924 створана фабрыка «Труд», хлебакамбінат. 29 красавіка 1923 года пачала работу 1-я чарга гарадской электрастанцыі. 4 лістапада 1928 года адкрыт рух на чыгуначнай лініі Навабеліца — Прылукі. У 1928 годзе пачалося будаўніцтва завода «Гомсельмаш», у 1929 годзе — мясакамбіната, у 1930 годзе — тлушчавага камбінату, у 1929-1932 гадах пабудаваны дрэваапрацоўчы камбінат. У 1933 годзе заснаваны рачны порт.
У 1926 годзе на Гомельшчыне працавала камісія Палітбюро ЦК ВКП(б), якая прызнала беларускі характар насельніцтва губерні, хаця і адзначала нізкі ўзровень яго самасазнання і адмоўныя адносіны да беларусісацыі. Згодна з прынятым раней рашэннем аб далучэнні да БССР раёнаў з пераважна беларускім насельніцтвам 18.11.1926 Палітбюро ЦК ВКП(б) пастанавіла далучыць Гомельскі і рэчыцкі паветы Гомельскай губерні ў склад БССР[17][18]. 1 — 2.12.1926 гэту прапанову адобрыў аб’яднананы пленум Гомельскага губкама і гаркама ВКП(б)[18].
У перыяд індустрыялізацыі створана фабрыка «Камінтэрн», паравоз-вагонарамонтны завод, завод «Гомсельмаш», іншыя прадпрыемствы. Да 1940 года ў горадзе налічвалася 264 прамысловых прадпрыемствы, па аб’еме прадукцыі Гомель займаў 3-е месца ў БССР пасля Мінска і Віцебска, яго ўдзельная вага складала 16,6 % прамысловасці БССР. Функцыянавалі настаўніцкі і лесатэхнічны інстытуты, 2 НДІ.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны горад быў акупаваны Нямеччынай 19 жніўня 1941 года . Разгарнулася партызанскі і падпольны рух. Горад быў вызвалены 26 лістапада 1943 года войскамі Беларускага фронту пад камандаваннем К. Ракасоўскага ў выніку Гомельска-Рэчыцкай аперацыі. Горад быў разбураны больш чым на 80 %, знішчаны амаль усе прамысловыя вытворчасці.
Не паспелі эвакуіравацца яўрэі Гомеля, якія складалі да вайны 29,38 % ад агульнай колькасці жыхароў[19], практычна цалкам былі знішчаны ў Гомельскім гета.
Пасля вайны пачалося імклівае аднаўленне горада. Да 1950 годзе аднавілі сваю працу амаль усе прадпрыемствы даваеннага часу[19]. У 1970 годзе Гомель узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Вялікую шкоду гораду нанесла аварыя на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе. Гомель апынуўся ў зоне радыеактыўнага заражэння. Экалагічную сітуацыю пагоршыў глыбокі эканамічны крызіс, які пачаўся ў канцы 1980-х гадоў. Гэта паслужыла прычынай рэзкага зніжэння ўзроўню жыцця і дэпапуляцыі на працягу 1990-х гадоў. У 1991 годзе Гомель стаў часткай якая абвесціла незалежнасць Беларусі[16].
У Рэспубліцы Беларусь
У першую палову 1990-х гадоў Гомель, як і ўся Беларусь, быў ахоплены вострым эканамічным крызісам, смяротнасць стала перавышаць нараджальнасць, аб’емы эканамічнага вытворчасці рэзка знізіліся. З 1996 года пачалося паступовае адраджэнне. Пабудаваны новыя аб’екты (Прыгарадны чыгуначны вакзал, Лядовы палац, тры вяслярных базы, рэканструяваны Цэнтральны стадыен, палац гульнявых відаў спорту, Палац водных відаў спорту і інш.), рэканструяваны асноўныя славутасці, адкрываюцца новыя тралейбусныя лініі, устаноўлены помнікі М. П. Румянцаву, Кірыле Тураўскаму, Янку Купалу, пабудаваныя новыя жылыя мікрараёны.
У цяперашні час Гомель па колькасці насельніцтва (530,7 тысячы чалавек), плошчы тэрыторыі (135,4 км²) і прамысловай вытворчасці з’яўляецца другім горадам Беларусі пасля сталіцы. У горадзе налічваецца 795 вуліц, працягласцю 478,4 км, 26 транспартных пуцеправодаў і мастоў. Неад’емнай часткай аблічча сучаснага горада стаў пешаходны мост праз раку Сож даўжыней 243 м, які злучыў адміністрацыйны цэнтр горада і выдатную левабярэжную зону адпачынку гамяльчан. Горад па праву лічыцца адным з самых зяленых у рэспубліцы. Дрэвы, хмызнякі і кветкі займаюць больш за 660 га.
Насельніцтва
Пасля далучэння Гомеля да Расійскай імперыі і стварэння рысы аселасці, Гомель паступова становіцца адным з цэнтраў рассялення яўрэйскага насельніцтва Расіі. Паводле перапісу 1897 гады ў Гомелі пражывала каля 25 %. У 1903 годзе ў Гомелі адбыўся яўрэйскі пагром. У 1926 годзе яўрэі складалі каля 35 % насельніцтвы Гомелю. Масавая эміграцыя яўрэяў з Гомеля прыйшлася на канец 1980 — пачатак 1990 гадоў, у выніку чаго яўрэйскае насельніцтва горада ў 1999 годзе ў параўнанні з 1979 годам скарацілася ў 6,5 разоў, дасягнуўшы адзнакі 4029 чалавек.
Колькасць працаўнікоў, занятых у народнай гаспадарцы, складае каля 192 тыс. чалавек, у тым ліку ў прамысловасці — каля 69 тыс. чалавек. Нацыянальны склад: беларусы — 76,7 % ад агульнай колькасці, рускія — 16,9 %, украінцы — 5,1 %. У агульнай колькасці насельніцтва 55 % складаюць жанчыны і 45 % — мужчыны.
- XXI стагоддзе: 2009 — 477 079 чал.; 2009 — 482 652 чал. (перапіс)[3]; 2010 — 484 466 чал.; 2011 — 491 790 чал.; 2012 — 498 075 чал.; 2013 — 505 362 чал.; 2014 — 512 314 чал.; 2015 — 516 976 чал.[20]; 2016 — 521 452 чал.[21]; 2017 — 535 229 чал.[5]
Эканоміка
Буйны прамысловы цэнтр Беларусі. Прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі (радыёзавод, завод станочных вузлоў, станкабудаўнічы імя Кірава («СтанкаГомель»), Гомсельмаш, пускавых рухавікоў, Гомельскі ліцейны завод «Цэнтраліт»), хімічнай (хімічны завод), лясной, цэлюлозна-папяровай, лёгкай («Камінтэрн»), харчовай прамысловасці (кандытарская фабрыка «Спартак», «Малочныя прадукты», Гомельскі мясакамбінат), будаўнічых матэрыялаў («Гомельбудматэрыялы»), Гомельскі лікёра-гарэлачны завод. Гомель — перспектыўны цэнтр турызму Беларусі міжнароднага значэння. Гасцініцы: «Гомель», «Верас», «Дынама», «У палёт», «Кастрычніцкая», «Сож», «Турыст», гасцінічны комплекс «Уют», Гомельскага дзяржаўнага цырка, «Навучальна-метадычны цэнтр прафсаюзаў» («Надзея»).
Транспарт
Вузел чыгунак і аўтадарог. Чыгуначны вузел з напрамкамі на Жлобін, Калінкавічы, Бабруйск, Чарнігаў. Порт на рацэ Сож. Недалёка ад горада размешчаны Аэрапорт Гомель (пагранічны пункт пропуску).
Грамадскі транспарт у Гомелі прадстаўлены тралейбусамі, аўтобусамі, маршрутнымі таксі.
Тралейбусны рух у Гомелі адкрыты 20 мая 1962 года і налічвае 29 маршрутаў. Працягласць вулічнай сеткі з транспартнымі лініямі складае каля 74 км, а агульная працягласць тралейбусных шляхоў — 475 км. Рухомы састаў прадстаўлены машынамі АКСМ-201, АКСМ-321, АКСМ-213. Лік аўтобусных маршрутаў больш за 70 агульнай працягласцю каля 670 кіламетраў, для шэрага маршрутаў існуюць экспрэс-варыянты. Рухомы састаў — у асноўным аўтобусы МАЗ-105, МАЗ-107, МАЗ-103, меней прадстаўлены МАЗ-203,МАЗ-206, з 2014 года актыўна закупляюцца аўтобусы асабліва вялікай умяшчальнасці, нізкападлогавыя МАЗ-215. На экспрэс-маршрутах выкарыстоўваюцца аўтобусы Радзіміч-А092. Дзейнічае 24 лініі маршрутных таксі, на лініях працуюць пераважна мікрааўтобусы Ford Transit, Газэль, Mercedes-Benz, Peugeot.
Культура
Дзейнічаюць 4 творчыя саюзы, 3 тэатры (Абласны драмтэатр, тэатр лялек, маладзёжны тэатр), 3 кінатэатры, філармонія, цырк, 3 выставачныя залы, шэраг іншых музеяў, помнік архітэктуры 18-19 стст. палацава-паркавы ансамбль Румянцавых-Паскевічаў, каледж мастацтваў, мастацкая галерэя, мастацкае вучылішча, гарадскія сімфанічны і духавы аркестры, 7 дзіцячых музычных школ і школ мастацтваў, адна харэаграфічная і адна мастацкая школы, шэраг цэнтраў і палацаў культуры, бібліятэк (у тым ліку самая вялікая ў Гомельскай вобласці Гомельская абласная ўніверсальная бібліятэка імя У. І. Леніна). Штогод праводзіцца каля 20 фестываляў, у тым ліку міжнародныя: фестываль харэаграфічнага мастацтва «Сожскі карагод», тэатральны фестываль «Славянскія тэатральныя сустрэчы», маладзёжныя музычныя — «Арт-сесія», «Рэнесанс гітары», фестываль рок-музыкі «Go-Fest», адкрытыя міжнародныя турніры па спартыўных танцах. Арганізуюцца дзясяткі выставак.
У горадзе існуюць клубы гістарычнай рэканструкцыі эпохі Высокага Сярэдневякоўя, Позняга Сярэдневякоўя і Другой сусветнай вайны. Дзейнасць клубаў падтрымліваецца інтэрнэт-форумам «Гомельскі Гістарычны Форум. Метады прыкладнай гісторыі»[22].
Гомельскія клубы гістарычнай рэканструкцыі эпохі Сярэдневякоўя (у парадку ўзнікнення)[23]
- «Сцяг Алега Святаславіча». Год заснавання — 1998. Кірунак дзейнасці — Паўднёва-Рускія княствы ў 12—13 стагоддзях. У цяперашні час існуюць у выглядзе кампаніі сяброў. Працягваюць займацца гістарычнай рэканструкцыяй і бяруць удзел у фестывалях.
- «Старая Вежа». Год заснавання — 2001. Кірунак дзейнасці — матэрыяльная культура і духоўныя каштоўнасці Свяшчэннай Рымскай імперыі канца 13 — пачатку 16 стагоддзяў. Праводзіць жнівеньскія рыцарскія пешыя турніры. У 2008 годзе — чацвёрты. Мае статус «закрытага» (толькі для ўдзельнікаў) рэгіянальнага мерапрыемства[24].
- «Грыдні Мсціслава Глебавіча». Дата заснавання — 21 лютага 2004. Кірунак дзейнасці — гарадская культура Паўднёва-Рускіх княстваў у 13 стагоддзі («ад Калкі да Нашэсця»)[25].
- Клуб старадаўняга танца «Турдыён». Дата заснавання — 17 верасня 2006. Кірунак дзейнасці — вывучэнне еўрапейскіх танцаў эпохі Сярэдневякоўя, Адраджэння і інш. аж да 17 стагоддзя (контрдансы).
- «Morgenstern» (Ранішняя Зорка). Год заснавання — 2007. Кірунак дзейнасці — матэрыяльная культура Вялікага Княства Літоўскага 14-15 стагоддзяў.
- «Залатая рысь». Год заснавання — 2007. Кірунак дзейнасці — матэрыяльная культура Польскага Каралеўства 14—16 стагоддзяў.
Рэканструкцыя эпохі Другой сусветнай вайны ў Гомелі прадстаўлена падраздзяленнем «Пошук» ваенна-патрыятычнага клуба «Гонар» і прыватнымі асобамі.
Клімат
Клімат Гомеля | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Паказчык | Сту | Лют | Сак | Кра | Май | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сне | Год |
Абсалютны максімум, °C | 9,6 | 15,8 | 21,5 | 29,3 | 32,5 | 36,2 | 37,9 | 38,9 | 34,9 | 27,5 | 18,0 | 11,6 | 38,9 |
Сярэдні максімум, °C | −2 | −1,2 | 4,6 | 13,2 | 20,2 | 23,2 | 25,2 | 24,3 | 18,1 | 11,3 | 3,6 | −1 | 11,6 |
Сярэдняя тэмпература, °C | −4,2 | −3,5 | 1,3 | 9,0 | 15,0 | 18,6 | 20,4 | 19,3 | 13,7 | 7,4 | 1,6 | −2,7 | 8,0 |
Сярэдні мінімум, °C | −6,9 | −7,1 | −2,8 | 4,1 | 9,6 | 12,9 | 14,8 | 13,6 | 8,7 | 3,7 | −1,4 | −5,6 | 3,6 |
Абсалютны мінімум, °C | −35 | −35,1 | −33,7 | −13,6 | −2,5 | −0,2 | 6,0 | 1,2 | −3,6 | −12 | −21,7 | −30,8 | −35,1 |
Норма ападкаў, мм | 36 | 35 | 36 | 35 | 64 | 73 | 100 | 56 | 52 | 58 | 45 | 42 | 632 |
Крыніца: Надвор'е і клімат |
Найвялiкшая месячная колькасць ападкаў - 236 мм (лiпень 2000 г), найменшая месячная колькасць ападкаў - 0,8 мм (кастрычнiк 2021 г).
Адміністрацыйны падзел
Горад падзяляецца на 4 раёны:
Па меры разрастання горада Гомеля, у яго склад былі ўключаны некаторыя населеныя пункты:
- 2007 — вёскі Давыдаўка і Хутар
- 2010 — Пасёлак Красны Маяк увайшоў у гарадскую мяжу горада Гомеля, і адпаведна быў выключаны са складу Улукоўскага сельсавета[26]
- 2016 — рабочы пасёлак Касцюкоўка
Славутасці
За больш чым восем стагоддзяў гісторыі славутасцей у Гомелі захавалася досыць шмат. Асноўная іх частка адносіцца да канца XVIII—XIX стагоддзяў. Усе яны сканцэнтраваны ў цэнтральнай частцы горада. Асноўныя славутасці:
- Гомельскі палацава-паркавы ансамбль[27], закладзены пры графе Румянцаве-Задунайскім (першым гаспадары горада пасля падзелу Рэчы Паспалітай);
- Палац Румянцавых — Паскевічаў;
- Капліца-пахавальня Паскевічаў;
- Петрапаўлаўскі сабор, адноўлены ў канцы 1980-х. У гады Савецкай улады ў саборы быў планетарый;
- 35-метровая вежа агляду (труба былога цукровага завода князя Паскевіча);
- Паляўнічы домік (летняя рэзідэнцыя Паскевічаў);
- Зімовы сад;
- Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі
- Ільінская царква;
- Мікольская царква;
- Свята-Аляксандра-Неўская царква;
- Свята-Мікалаеўская царква;
- Царква Іверскай іконы Маці Божай;
- Свята-Міхайлаўская царква
- Свята-Панцеляймонаўская царква
- Царква ў імя святога прападобнага Сергія Раданежскага
- будынак гомельскага «рускага тракціра»
- будынак Гомельскага духоўнага вучылішча
- будынак Гомельскай ланкастарскай школы
- будынак аднаго з карпусоў бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі;
- будынак былой Гарадской думы;
- будынак былой Аляксандраўскай гімназіі (арх. С. Д. Шабунеўскі);
- будынак былой гасцініцы «Савой» (арх. С. Д. Шабунеўскі)
- і многія іншыя.
Для агляду горада папулярны кола агляду і вежа агляду, размешчаныя ў парку ў некалькіх сотнях метраў ад палацавага комплексу і якія зараз знаходзіцца на рамонце (дадзеныя на 10/05/10). Паколькі рэльеф Гомеля адносна раўнінны, вышыні будынкаў цалкам хапае для агляду горада.
З новых — будынак стацыянарнага цырка, пабудаванага ў 1972 годзе, мае форму лятаючай талеркі, адзін з самых скандальных у той час будынкаў краіны, які не ўпісваецца ў стандартныя праекты сацрэалізму; брацкая магіла савецкіх воінаў з Вечным агнём і статуяй салдата на плошчы Працы і іншыя помнікі.
Вядомыя асобы
Асноўныя артыкулы: Вядомыя асобы Гомеля і Ганаровыя грамадзяне Гомеля Сярод знакамітых людзей, чый жыццёвы шлях пачынаўся ў Гомелі, можна назваць такіх выдатных дзеячаў, як Андрэй Андрэевіч Грамыка (Міністр замежных спраў СССР) і Павел Восіпавіч Сухі (савецкі авіяканструктар), якім у Гомелі ўсталяваныя бронзавыя бюсты (як двойчы героям сацыялістычнай працы), І. Д. Чарняхоўскі. Адна з вуліц горада названа ў гонар братоў Герояў Савецкага Саюза Пятра і Аляксандра і камандзіра партызанскага атрада Яўгена Лізюковых, якія нарадзіліся ў Гомелі.
У Гомелі нарадзіўся вядомы савецкі матэматык Леў Генрыкавіч Шнірэльман і географ А. Г. Ісачэнка. У 1888 годзе ў Гомелі нарадзіўся выдатны савецкі геолаг, геахімік і мінералог, акадэмік АН УЗССР Аляксандр Сяргеевіч Уклонскі. У 1920-я гады ў Гомелі таксама жыў і працаваў выдатны псіхолаг Леў Сямёнавіч Выгоцкі.
З сучасных знакамітасцей, якія нарадзіліся ў Гомелі, — папулярны рэп-спявактСерёга. У 1981 годзе ў Гомелі нарадзіліся сучасныя беларускія пісьменніцы Аксана Бязлепкіна і Югася Каляда. Да Чарнобыльскай аварыі ў 1986 годзе ў Гомелі пражывалі бацькі тэнісісткі Марыі Шарапавай.
У 1986 годзе ў Гомельскім цырку падчас выступлення трагічна загінула цыркавая артыстка Ірына Асмус, вядомая ўсёй краіне па ролі Ірыскі ў «Абвгдэйцы» (16 сакавіка 1986 гады). Іншы вядомы чалавек, які памёр у Гомелі, — акцёр Уладзіслаў Вацлававіч Дваржэцкі, вядомы па ролях Ільіна з фільма «Зямля Саннікава» і прынца Дакара ў «Капітане Нэма».
Гл. таксама
- Уладзіслаў Ахроменка (1965 — 2018) — беларускі пісьменнік, празаік, драматург і кінасцэнарыст.
- Палута Бадунова — дзяячка беларускага нацыянальнага руху, сябра Рады БНР і ахвяра камуністычных рэпрэсій.
- Цімафей Сцяпанавіч Барадзін — Герой Савецкага Саюза.
- Яўген Абрамавіч Бірбраер — Герой Савецкага Саюза.
- Аляксандр Віхор (1995—2020) — ахвяра падчас пратэстаў супраць фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі 2020 года.
- Цімох Якімавіч Вострыкаў — дзеяч беларускага нацыянальнага супраціву 1950-х гадоў.
- Леанід Рыгоравіч Гейштар — беларускі канаіст.
- Людміла Васільеўна Жыжэнка — беларуская мастачка.
- Міхаіл Міхайлавіч Жызнеўскі — кавалер Ордэна Герояў Нябеснай Сотні.
- Аляксей Пятровіч Зефіраў — вучоны-хімік, член-карэспандэнт Акадэміі навук СССР.
- Яўген Канстанцінавіч Іванешка — беларускі мастак і графік.
- Міхаіл Кікоін
- Іван Ласкоў (1941 — 1994) — беларускі пісьменнік, перакладчык, крытык, гісторык
- Ілья Гіршавіч Ляндрас — беларускі хірург.
- Алег Анатольевіч Макушнікаў — доктар гістарычных навук (2012), дацэнт (1995).
- Аляксей Анатольевіч Мельнікаў — беларускі літаратуразнавец.
- Кацярына Паплаўская — беларуская лёгкаатлетка.
- Ірына Іванаўна Паскевіч
- Ксенія Прыемка-Дзяцук — беларуская лёгкаатлетка.
- Ніка Ракіціна
- Еўдакім Раманаў — этнограф, фалькларыст, археолаг.
- Сяргей Рассадзін — доктар гістарычных навук, прафесар.
- Алена Рыгораўна Рудкоўская
- Сяргей Сяргеевіч Сідорскі — беларускі дзяржаўны дзеяч.
- Вольга Сударава — беларуская лёгкаатлетка.
- Павел Сухі — авіяканструктар.
- Іван Міхайлавіч Труба
- Юрый Форман
- Яўген Цуркін — беларускі плывец.
- Станіслаў Данілавіч Шабунеўскі — гарадскі архітэктар Гомеля канца XIX — пачатку XX ст.
- Леў Генрыкавіч Шнірэльман — матэматык.
- Сяргей Леанідавіч Ціханоўскі (нар. 1978) — прадпрымальнік, грамадскі і палітычны дзеяч, палітвязень.
- Яўген Ільіч Лізюкоў — адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху ў Мінскай вобласці.
- Валянціна Якаўлеўна Латышава — беларускі ўрач-неўролаг і педагог.
- Леанід Аляксандравіч Шамяткоў (1937—2013) — беларускі матэматык, доктар фізіка-матэматычных навук (1970), прафесар (1973).
- Ларыса Фёдараўна Кузняцова (нар. 1958) — беларускі палітык.
- Анатоль Міхайлавіч Салаўёў (нар. 1954) — беларускі палітык.
Гарады-пабрацімы
Спіс гарадоў-пабрацімаў Гомеля[28][29]:
-
Абердын(англ.: Aberdeen), Шатландыя - Клермон-Феран (фр.: Clermont-Ferrand), Францыя
- Ліепая (лат.: Liepāja), Латвія
-
Радам(польск.: Radom), Польшча - Садберы (англ.: Sudbury), Антарыа, Канада
- Сакі (укр.: Саки, крымскатат.: Saq, Сакъ), Украіна, Аўтаномная Рэспубліка Крым
- Чарнігаў (укр.: Чернігів), Украіна
- Чэске-Будзеёвіцы (чэшск.: České Budějovice), Чэхія
- Бранск, Расія
Гл. таксама
- Gods Tower
- Гомельская забастоўка чыгуначнікаў 1918 – 1919
- Гомельская арганізацыя анархістаў-камуністаў
- Гомельская настаўніцкая семінарыя
- Гомельская сацыял-дэмакратычная група
- Гарады Гомельскай вобласці
- Гарады Беларусі
- Спіс вуліц Гомеля
- Гомельскі абласны клінічны шпіталь інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны
- Энергія Гомель
Зноскі
- ↑ «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
- ↑ Численность населения на 1 января 2022 г. и среднегодовая численность населения за 2021 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Национальный статистический комитет Республики Беларусь, 2022.
- 1 2 Перепись населения Республики Беларусь 2009 года. Национальный состав населения Гомельской области. (руск.)
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
- 1 2 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Языком документов [падборка гістарычных крыніц па гісторыі Гомеля] // Макушников, О. А. Гомель с древнейших времён до конца XVIII в. Историко-краеведческий очерк / О. А. Макушников. — Гомель : РУП «Центр научно-технической и деловой информации», 2002. — С. 181—184.
- 1 2 3 Темушев, В. Н. Гомельская земля в конце XV — первой половине XVI в. : территориальные трансформации в пограничном регионе / В. Н. Темушев. — Москва : Квадрига, 2009. — С. 7.
- ↑ Языком документов [падборка гістарычных крыніц па гісторыі Гомеля] // Макушников, О. А. Гомель с древнейших времён до конца XVIII в. Историко-краеведческий очерк / О. А. Макушников. — Гомель : РУП «Центр научно-технической и деловой информации», 2002. — С. 184—185.
- ↑ Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографической комиссией. — Санкт-Петербург : В тип. Э. Праца, 1853. — Т. 5. — С. 37—67.
- ↑ Акты, издаваемые Комиссиею, высочайше учрежденною для разбора древних актов в Вильне : Акты Главного литовского трибунала. — Вильна : Тип. А. Г. Сыркина, 1886. — Т. 13 — С. 343—377.
- ↑ Темушев, В. Н. Гомельская земля в конце XV — первой половине XVI в. : территориальные трансформации в пограничном регионе / В. Н. Темушев. — Москва : Квадрига, 2009. — С. 15—18.
- ↑ Lietuvos Metrika = Lithuanian Metrica = Литовская Метрика. Kn. 37 (1552—1561) / Parengė D. Baronus. — Vilnius : Lietuvos istorijos instituto leidykla, 2011. — С. 341.
- 1 2 Виноградов, Л. Гомель. Его прошлое и настоящее. 1142—1900 гг. / Л. Виноградов [Репринт. изд.]. — Гомель: КИПУП «Сож», 2005. — С. 6.
- ↑ ЭГБ. Т. 3.
- ↑ Макушников О. В поисках древнего Гомия. — Гомель, 1994. С. 54.
- 1 2 Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 1, кн. 1. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2004. 632 с.
- ↑ Сяргей Хоміч. Узбуйненне БССР // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі / Рэдкал.: Г. п. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны—Усая. — С. 566-567. — 592 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0241-8.
- 1 2 Н. И. Каминский. Укрупнение БССР // Белорусская ССР: Краткая энциклопедия. Т. 1. История. Общественный и государственный строй. Законодательство и право. Административно-территориальное деление. Населенные пункты. Международные связи / Ред. кол.: П. У. Бровка и др. Мн.: Гл. ред. Белорус. Сов. Энциклопедии, 1979. - С. 705. - 768 с. - 50 000 экз.
- 1 2 Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 1, кн. 1. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2004. 632 с.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2015 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2014 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (31 сакавіка 2015). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Гомельскі Гістарычны Форум. Метады прыкладнай гісторыі. Архівавана 1 лютага 2011.
- ↑ Гомельскі Гістарычны Форум. Клубы Архівавана 18 студзеня 2012.
- ↑ Рыцарский фест «Старая вежа» открылся под Гомелем Архівавана 8 красавіка 2009.
- ↑ «Грыдні Мсціслава Глебавіча» — гомельскі клуб гістарычнага мадэлявання Архівавана 30 снежня 2010.
- ↑ Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 сакавіка 2010 г. № 123(недаступная спасылка)
- ↑ Государственное историко-культурное учреждение «Гомельский дворцово-парковый ансамбль»
- ↑ Города-побратимы Гомеля
- ↑ Шатландскі і польскі гарады разарвалі ўсе сувязі з беларускім Гомелем Архівавана 16 сакавіка 2022.
Літаратура
- Гомель. Энцыклапедычны справачнік. — Мн.: БелСэ, 1991. — 527 с.
- Гомель // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 5. — С. 331—334. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0090-0 (Т. 5).
Спасылкі
-
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Гомель
- Карта Гомеля
- Геаграфічныя звесткі па тэме Гомель на OpenStreetMap
- Неафіцыйны сайт горада Гомеля — «Усё аб Гомелі»
- Здымкі на Radzima.org
- Гісторыя горадаГомеля Архівавана 16 сакавіка 2010.
- Гомель у ваенны перыяд Архівавана 15 сакавіка 2010.
- Грамадскі транспарт у Гомелі Архівавана 16 лютага 2008.
- Фотаздымкі Гомеля Архівавана 28 лютага 2008.
- (руск.) Падрабязная Гісторыя Гомеля Архівавана 4 чэрвеня 2008.
- Сайт «Вольны Гомель» Архівавана 12 снежня 2007.
- Надвор’е ў Гомелі
- Рэгіянальны партал «Гомель»
- Кароткія звесткі пра Гомель Архівавана 8 мая 2013.
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі без раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі без сельсавета Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Гомельскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Гомельскай вобласці Катэгорыя·Населеныя пункты Добрушскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Полацкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты на Іпуці Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Населеныя пункты, якія ўвайшлі ў склад Гомеля Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Беларусі Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Гомельскага раёна Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Гомельскай вобласці Катэгорыя·Былыя сельсаветы Беларусі Катэгорыя·Былыя сельсаветы Ветрынскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Гомельскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Дзятлавіцкага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Добрушскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Насовіцкага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Уваравіцкага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Церахоўскага раёна Катэгорыя·Пасёлкі гарадскога тыпу Беларусі Катэгорыя·Пасёлкі гарадскога тыпу Гомельскай вобласці Катэгорыя·Раёны Беларусі Катэгорыя·Раёны Гомельскай вобласці Катэгорыя·Раёны Гомеля Катэгорыя·Раёны, скасаваныя ў 1931 годзе Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1926 годзе Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1937 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1927 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1935 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1954 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1965 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1991 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 2006 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 2007 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 2008 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1926 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1948 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Гомельскага раёна Катэгорыя·Сельсаветы Гомельскай вобласці Катэгорыя·Сельсаветы Полацкага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.