Комарна (Украіна)
Камарна ці Комарна[1] (укр.: Комарно) — горад раённага значэння ў Гарадоцкім раёне Львоўскай вобласці Украіны, за 35 км на паўднёвы захад ад Львова. Размешчаны на рацэ Верашчыца.
Гісторыя
У ваколіцах Камарна ў 1936 годзе раскапаны курган са знаходкамі II тысячагоддзя да н.э.
Паводле археолагічных звестак, паселішча ўзнікла ў XII ст. У 1349 годзе ў складзе Галіцкай зямлі тэрыторыя ўвайшла ў Польскае каралеўства, адміністрацыйна належала да Рускага ваяводства. Вядома з 1427 года, калі разам з іншымі паселішчамі нададзена каралём Уладзіславам Ягайлам князю Дзмітрыю Друцкаму-Зубравіцкаму. У 1471 годзе кароль Казімір IV Ягелончык даў гораду магдэбургскае права, тады ж пабудаваны замак і драўляны касцёл, які стаў асяродкам распаўсюду каталіцызму ў наваколлі.
У 1524 г. турэцкае войска, не здолеўшы ўзяць Львоў, пайшло шляхам на Камарна, абаронцы горада здолелі адбіць напад. Горад, умацаваны толькі валамі, адчуваў ненадзейнасць земляных умацаванняў у часы развіцця артылерыі – неўзабаве на валах з’явіліся рознакаліберныя гарматы.
Пазней паселішчам валодалі Станіслаў і Атон з Ходча. З 1578 года Ян Мялецкі. Нягледзячы на магдэбургскае права, Камарна засталося параўнальна невялікім мястэчкам, у 1578 годзе жыло 435 чалавек, значная частка з іх рамеснікі. З 1590 — Ян Астрарог, пазней магнаты Вішнявецкія, Агінскія і Ланцкаронскія.
У 1592 г. створана мясцовае праваслаўнае брацтва, пры ім школа, бальніца. За яго ўзорам падобнае братэрства ствараецца ў прыгарадзе Камарна, пры царкве св. Тройцы.
У XVII ст. развіваліся промыслы – з’явіліся млыны, браварні, пасекі, хмелярні, у вялікіх сажалках вырошчвалі рыбу. Штогод праводзіліся вялікія кірмашы.
У 1648 г. Хмяльніцкі з-пад Львова разаслаў свае атрады на заняцце меншых вакольных гарадоў. Але казацкі палкоўнік Галавацкі не здолеў узяць Камарна, якое стала адным з чатырох гарадоў не занятых казакамі ў сярэдзіне XVII ст.
У 1672 г. палова Заходняй Украіны трапіла пад турэцкае панававанне, каля Камарна польская армія разграміла 10-тысячнае войска Нурэддзін-султана. Жыхары горада вырылі роў папярок дамбы, закідаўшы яго дровамі. Калі туркі паспрабавалі перабрацца праз дамбу, месцічы ачысцілі роў і вада заліла ўсю даліну. Вораг адступіў да Рудкаў і Вішні, дзе яго і перамаглі каралеўскія атрады.
13 верасня 1768 г. на мясцовым рынку былі павешаны некаторыя ўдзельнікі Каліеўшчыны.
У аўстрыйскія часы ў Камарна развіваецца вытворчасць палатна, працуе суконная фабрыка, вырабы экспартуюцца нават у Вену, мясцовыя ткачы славіліся вытворчасцю тонкага палатна, абрусаў і інш. З асяроддзя камарнянскіх ткачоў пазней выйшаў правадыр АУН Яўген Канавалец.
Яшчэ адзін гістарычны від экспарту з Камарна - садавіна. У 1875 г. прыбытак ад гандлю садавінай склаў 12 000 злотых. Працавала 10 маслабоен. У 1908 г. узведзены цагляны завод (3 млн. штук цэглы ў год). Дзейнічалі дзве пяцікласныя школы (мужчынская і жаночая), а таксама бурса.
На пачатак XIX ст. жыло 2350 чал.
У 1940-1959 гг. горад быў цэнтрам Камарнаўскага раёна.
Помнікі гісторыі і архітэктуры
- Міхайлаўская царква (драўляная) 1730 г.,
- Царква святога Архістратыга Міхаіла 1901-1910 гг.,
- Царква святых Пятра і Паўла. Размешчана на месцы старажытнай драўлянай, якая згадвалася ў візітацыі 1764-1765 гадоў. Новая каменная пабудаваная ў 1848 годзе згарэла падчас баявых дзеянняў 1915 года, адбудавана да 1929 г.,
- Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Марыі Панны 1656 г.,
- Рымска-каталіцкая капліца.
Зноскі
- ↑ Напісанне ў адпаведнасці з ТКП 177-2009 (03150) «Спосабы і правілы перадачы геаграфічных назваў і тэрмінаў Украіны на беларускую мову»
Катэгорыя·Населеныя пункты Гарадоцкага раёна (Львоўская вобласць) Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.