wd wp Пошук:

Кохтла-Ярвэ

Ко́хтла-Я́рвэ (эст.: Kohtla-Järve) (з 1946 г.) — горад на паўночным усходзе Эстоніі, у павеце Іда-Вірумаа. Транспартны вузел на шашы Талін — Нарва — Пецярбург (Расія) і станцыя на чыгунцы Талін — Нарва. Пяты па плошчы і па колькасці насельніцтва горад Эстоніі.

Геаграфія

Адміністрацыйныя раёны Кохтла-Ярвэ: 1-Ярвэ, 2-Ахтмэ, 3-Ору, 4-Сомпа, 5-Кукрузэ.

Кохтла-Ярвэ знаходзіцца на паўночным усходзе Эстоніі, у павеце Іда-Вірумаа. Складаецца з 5 асобных раёнаў (эст.: linnaosad):

  • Ярвэ
  • Ахтмэ
  • Ору
  • Сомпа
  • Кукрузэ.

Планіроўка горада вельмі своеасаблівая. Яго раёны раскіданыя па вялікай тэрыторыі, і хоць насельніцтва горада меней за 40 тыс. чалавек, аднак адлегласць паміж раёнамі Ярвэ і Ору складае каля 20 км.

Гісторыя

Рэшткі замку ў Ярвэ

Першыя згадкі пра паселішча на тэрыторыі сучаснага Кохтла-Ярвэ адносяцца да 1241 года. На той час гэта была вёска Ярвэ (Jeruius), згаданая ў Дацкай пазямельнай кнізе. Тамсама згаданая і вёска Кукрузэ (Kukarus) — цяпер гэта адзін з раёнаў Кохтла-Ярвэ. Яшчэ адно паселішча на месцы сучаснага раёна Сомпа згадана ў 1420 годзе (Soenpe).

Мясцовыя жыхары даўно ведалі пра вялізныя паклады гаручых сланцаў у ваколіцах, аднак не выкарыстоўвалі іх у практычных мэтах. Толькі на пачатку XX стагоддзя былі праведзены даследаванні, якія паказалі, што сланцы могуць выкарыстоўвацца як у якасці паліва, так і сыравіны для хімічнай прамысловасці. У 1919 ужо ў незалежнай Эстоніі было створана аб’яднанне «Дзяржаўная сланцавая прамысловасць» і распачалася здабыча сланцаў як шахтавым, так і адкрытым спосабам. У 1924 непадалёк ад чыгуначнай станцыі Кохтла быў пабудаваны завод па вытворчасці сланцавае алівы, а побач пачаў расці рабочы пасёлак, які атрымаў назву Кохтла-Ярвэ. У сярэдзіне 30-х ён складаўся з некалькіх рабочых кварталаў — Кява, Вахекюля, Паванду.

У Другую сусветную вайну немцы разглядалі гэты рэгіён як істотную крыніцу паліва, аднак поўнамаштабную распрацоўку распачаць не паспелі.

Пасля вайны здабыча сланцаў усё болей павялічвалася дзеля патрэбаў савецкай прамысловасці. 15 чэрвеня 1946 рабочы пасёлак Кохтла-Ярвэ атрымаў статус горада і цягам наступных дваццаці гадоў уключыў у свае межы суседнія пасёлкі і гарады: Кохтлу і Кукрузэ ў 1949; Йыхві, Ахтмэ і Сомпу ў 1960; Ківіылі, Ору, Пюсі і Війвікану ў 1964. Да 1980 года колькасць насельніцтва дасягнула 90 000 чалавек у асноўным за кошт рабочых, якія прыбывалі з розных куткоў СССР.

Па развале Саюза Йыхві, Ківіылі і Пюсі былі вылучаны са складу Кохтлы-Ярвэ ў асобныя гарады, а Кохтла атрымала статус пасёлку. Значна зменшылася здабыча і перапрацоўку сланцу, як след вялікая колькасць жыхароў з’ехала на працаўладкаванне ў Талін або Расію.

Насельніцтва

Па стане на 2012 год у горадзе пражывае 37 965 чалавек[1]. Найбуйнейшыя часткі Кохтлы-Ярвэ — Ярвэ (каля 22,3 тыс. чал. у 2010) і Ахтмэ (прыкладна 18,8 тыс.).

Прыкладна 14 700 чалавек — пенсіянеры. Прыкладна чатыры пятыя — рускія або рускамоўныя жыхары, пятая частка — эстонцы, астатнюю доля складаюць каля чатырох дзясяткаў нацыянальнасцей[2].

Адукацыя

Дзейнічаюць 6 сярэдніх і 8 базавых школаў, 3 прафесійна-тэхнічныя вучылішча, Вірумааскі каледж Талінскага тэхнічнага ўніверсітэта. Інстытут сланцаў Талінскага тэхнічнага ўніверсітэта.

Турыстычная інфармацыя

Возера ў паркуВозера ў парку

Гарады-пабрацімы

Вядомыя асобы

Зноскі

  1. Eesti statistika 2012 Архівавана 7 ліпеня 2013. (эст.)
  2. Архіўная копія(эст.)  (PDF) (недаступная спасылка). Kohtla-Järve city council. Архівавана з першакрыніцы 19 сакавіка 2012. Праверана 17 снежня 2014.

Літаратура

  • БЭ ў 18 тамах. Т.8, Мн., 1999, С.439

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты без паштовага індэкса Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be