wd wp Пошук:

Кражэй

Кражэй (літ.: Kražiai), традыцыйная беларуская назва Кро́жы — колішні горад, цяпер мястэчка ў Кяльмскім раёне Шаўляйскага павета Літвы, на рацэ Кражэнце. Адміністрацыйны цэнтр Кражэйскай сянюніі. Насельніцтва 784 чал. (2001). Знаходзяцца за 17 км на ўсход ад Кяльме, паміж Варнеем і Расяйнеем. Згодна з сучаснай афіцыйнай літоўскай класіфікацыяй мястэчка належыць да этнаграфічнага рэгіёна Жамойць.

Гісторыя

Першы пісьмовы ўспамін пра Крожы (Crase) датуецца 1253 годам; былі ў ліку розных зямельных уладанняў, падараваных Міндоўгам Тэўтонскаму ордэну[1]. З 1410 года з’яўляюцца звесткі пра Крожскую воласць. Каля 1421 года тут заснавалі касцёл.

З пачачтку XV стагоддзя Крожамі валодалі Кезгайлы, у 1549 годзе Станіслаў Кезгайла тытулаваўся «графам на Крожах». З 1554 года — ва ўладанні Завішаў і Шэметаў, з 1568 года — Радзівілаў.

У 1607 годзе жамойцкі біскуп Мельхіёр Гедройц запрасіў у Крожы езуітаў. З 1608 года ў горадзе працавала езуіцкая місія, а з 1618 года — калегіум. Пры калегіуме дзейнічаў тэатр. У 16291742 гадах у Крожах размяшчалася духоўная семінарыя Жамойцкага біскупства.

Захаваўся рэнесансны двухпавярховы будынак бурсы (інтэрната) езуіцкага калегіума, пабудаваны, як мяркуецца, у 1693 годзе. У калегіуме, затым у гімназіі на яго аснове выкладалі Мацей Казімір Сарбеўскі, Альберт Віюк-Каяловіч, Мацеюс Валанчус, Адам Крупскі; вучыліся Дыянізас Пашка, Сымонас Станявічус, Людвік Адам Юцэвіч.

У 1639 годзе тут заснавалі кляштар бенедыкцінак, у 1758 годзе — дом марыявітак.

У 1780 годзе атрымалі прывілей на таргі і кірмашы. Станам на 1790 год у Крожах было 160 двароў[2]. У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) апынуліся ў складзе Расійскай імперыі.

З 1918 года — у складзе Літвы.

Насельніцтва

  • 1897 — 1761 чал.
  • 1959 — 998 чал.
  • 2001 — 784 чал.

Турыстычная інфармацыя

Славутасці

  • Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсв. Дзевы Марыі (1757—1763) і кляштар бенедыкцінак
  • Калегіум езуітаў (XVII ст.)

Страчаная спадчына

  • Касцёл езуітаў (захаваліся падмуркі)

Галерэя

  • Калегіум езуітаў
  • Падмуркі езуіцкага касцёла
  • Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсв. Дзевы Марыі, фрагмент
  • Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсв. Дзевы Марыі, інтэр’ер

Зноскі

  1. ЭнцВКЛ, 2010, с. 284
  2. ЭнцВКЛ, 2010, с. 285

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Кяльмскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be