wd wp Пошук:

Кіш (Шумер)

У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Кіш.

Старажытнае Двурэчча

Кіш (шум. Kiš) — горад і дзяржава ў Старажытнай Месапатаміі (Ірак), за 18 км на паўночны ўсход ад Вавілона.

Горад Кіш (суч. Тэль-Ухаймір) быў заснаваны ў канцы 4-га тыс. да н.э. на месцы больш старажытных паселішчаў. Абшчынным богам Кіша быў Забаба.

У XXVIII ст. да н.э. быў цэнтрам 1-га аб’яднання шумерскіх плямёнаў. У пачатку Раннедынастычнага перыяду ў Кішы кіравала паўлегендарная I дынастыя Кіша, вядомая толькі па «Царскім спісе».

Першапачаткова спіс кіраўнікоў I дынастыі Кіша адкрываўся Этанам. Затым да пачатку кішскага спісу (перад Этанам) быў дададзены пералік мясцовых семіцкіх родапачынальнікаў і татэмаў, які паводле свайго паходжання, мабыць, не меў дачынення да пераліку «цароў». Для ўсяго кішскага спісу — як да, так і пасля Этаны — характэрны фантастычныя лічбы працягласці кіравання цароў.

Аж да XXVI стагоддзя кіраўнікі Кіша былі самымі магутнымі ў Паўночным Двурэччы.

Каля 3500 г. да н.э. тут з’яўляецца найстаражытнае клінапіснае пісьмо (таблічка з Кіша).

У XXVIII ст. да н.э. у барацьбе з г. Урукам страціў сваё панаванне.

У XXIV ст. да н.э. Кіш быў разбураны шумерскім царом Лугальзагісі, неўзабаве быў адноўлены акадскім царом Сарганам. У далейшым Кіш самастойнай ролі не адыгрываў, застаючыся буйным правінцыйным цэнтрам Вавілоніі, дзяржавы Ахеменідаў, Парфянскага царства і дзяржавы Сасанідаў. Пры раскопках (1912 і 1923—32) выяўлены рэшткі палаца (XXVIII—XXV стст. да н.э.), які складаўся з 2 будынкаў: больш старажытнага, прамавугольнага ў плане, абнесенага крапасной сцяной з вежамі, і пазнейшага, які меў у заходняй частцы вузкую залу з 4 калонамі па цэнтральнай восі, а ва ўсходняй — галерэю з калонамі на парапеце. Даследаваны некропаль раннедынастычнага перыяду (2-я чвэрць III тысячагоддзя да н.э.) са мноствам керамікі, бронзаў, зброі і ўпрыгожванняў, цыліндрычных пячатак. Выяўлены будынкі акадскай эпохі і наступных перыядаў (у тым ліку 3 палацавыя будынкі, 224—651), а таксама вялікі архіў клінапісных дакументаў (пачатак III—I тысячагоддзе да н.э.).

Французская група археолагаў пад кіраўніцтвам Анры дэ Жэнуяка праводзіла ў Кішы першыя раскопкі паміж 1912 і 1914. У перыяд з 1923 па 1933 там таксама працавала англа-амерыканская група (Oxford-Field Museum Expedition — экспедыцыя музея Оксфарда) на чале са Стывенам Лэнгданам.

Гл. таксама

Галерэя

  • Гарадзішча Тэль-Ухаймір, Ірак
  • Гліняныя таблічкі з Кіша (3500 г. да н.э.)
  • Ваза, знойдзеная ў раскопках Кіша (III ст. да н.э.)

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be