wd wp Пошук:

Парфянскае царства

Парфія, Парфянскае царства або Парфянская дзяржава — рабаўладальніцкая дзяржава на поўдзень і паўднёвы ўсход ад Каспійскага мора. Існавала ў сяр. 3 ст. да н.э. — 226 н.э.

Гістарычны нарыс

Дзяржава ўзнікла пасля распаду дзяржавы Селеўкідаў. Першым царом Парфянскага царства быў правадыр племя парнаў Аршак (родапачынальнік дынастыі Аршакідаў), які ў 247 да н.э. перамог грэчаскага намесніка Парфіі Андрагора. Аршакіды пашырылі сваю ўладу на ўсход, захапілі Бактрыю і Маргіяну, на захадзе — да межаў Сірыі і Месапатаміі. Каля 170—137 да н.э. цар Парфіі Мітрыдат I заваяваў Мідыю, б.ч. Месапатаміі, Элімаіду з Сузамі, Парсу і частку Грэка-Бактрыйскага царства (каля 136 да н.э.). Тэрыторыя Парфянскага царства ў час росквіту (сярэдзіна I ст. да н.э.) распасціралася ад Двухрэчча да р. Інд, было сапернікам Старажытнага Рыма на Усходзе. У пач. І ст. да н.э. адбыліся першыя сутычкі парфян з рымлянамі. Паводле пагаднення 92 да н.э. паміж Парфянскім царствам і рымскай дзяржавай мяжой прызнана р. Еўфрат. У 53 да н.э. рымскія войскі М. Краса разбіты каля Караў. Да 40 да н.э. парфяне захапілі амаль усю Малую Азію, Сірыю і Палесціну. У 39 да н.э. рымяяне зноў адкінулі парфян за Еўфрат. Адначасова Рым імкнуўся выкарыстаць унутраную барацьбу ў Парфіі паміж варагуючымі групоўкамі, супрацьстаянне паміж якімі выклікала грамадзянскія войны ў П.ц. (57-55, 31-25 да н.э.). У I ст. н.э. пачаўся заняпад Парфянскага царства, выкліканы ростам мясцовага сепаратызму, дынастычнымі спрэчкамі і набегамі качэўнікаў. У 224 правіцель васальнай Парсы (Персіды) Ардашыр I разграміў армію апошняга з Аршакідаў Артабана V. Парфянскае царства перастала існаваць, яго тэрыторыя ўвайшла ў дзяржаву Сасанідаў.

Дзяржаўны лад

Рабаўладальніцкі лад існаваў побач з рэшткамі патрыярхальна-родавага. Тэрыторыя складалася з некалькіх дзясяткаў сатрапій і аўтаномных абласцей, большасцю якіх кіравалі наследныя правіцелі. Царская ўлада Аршакідаў абмяжоўвалася родавай арыстакартыяй і жрацамі.

Гаспадарка

Асноўныя заняткі насельніцтва: земляробства і жывёлагадоўля. Праз Парфію ішоў гандаль Кітая і часткова Індыі з Рымам.

Мастацтва

Бюст царыцы Мусы, жонкі Фраата IV Парфянскага

Першапачаткова мастацтва Парфянскага царства развівалася як галіна эліністычнага мастацтва, элементы якога часткова творча перапрацоўваліся мясцовым насельніцтвам. Для ўсходняй часткі Парфянскага царства тыповымі былі храмы, якія паводле плана (квадратнае свяцілішча з 4 калонамі ў цэнтры, абкружанае памяшканнямі), магчыма, паходзяць ад старажытнага храма агню (у Персепалі, III ст. да н.э.). Пабудовы палацавых ансамбляў звычайна групаваліся вакол цэнтральнага двара, у які выходзілі айваны (тэрасы; палац на гары Кухе-Ходжа, І-III ст.). Разам з прывазнымі эліністычнымі творамі пластыкі пашырыліся мясцовыя размаляваныя гліняныя статуі (у будынках Нісы), тэракотавыя статуэткі (у Маргіяне). Вядомы плоскасныя франтальныя наскальныя рэльефы (на скале Бехістун, першыя ст. н.э.), фрагменты паліхромных размалёвак палаца на гары Кухе-Ходжа, рытоны мясцовых форм з фрызамі на грэчаскія і мясцовыя сюжэты (слановая косць, II ст. да н.э.). Для заходняй часткі характэрны свяцілішчы вавілонскага тыпу (памяшканні размяшчаліся па перыметры ўнутранага двара; у Ніпуры) з грэка-рымскім уплывам (у Хатры). У крапасных і палацавых збудаваннях часта спалучаліся грэчаская перыстыль і мясцовы айван (палац у Ашуры, І ст.). Для архітэктуры жылля ўласцівы пераход ад «пастаткавага» тыпу дома да «айваннага». У жывапісе (Дура-Еўрапас) і скульпуры (Хатра) у першыя стагоддзі нашай эры відавочны тэндэнцыі да франтальнасці кампазіцыі і плоскаснасці. Дробная пластыка адметная паступовым знікненнем грэчаскіх тыпаў і зваротам да мясцовых сюжэтаў.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Былыя краіны
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be