wd wp Пошук:

Любавічы (Руднянскі раён)

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Любавічы.

Любавіцкая царква Успення Багародзіцы

Любаві́чы — вёска ў Расіі, каля ракі Малая Бярэзіна. Цэнтр сельскага паселішча Руднянскага раёна Смаленскай вобласці. Насельніцтва 460 чал. (2007). Знаходзяцца за 15 км на паўднёвы захад ад Рудні, за 8 км ад граніцы з Беларуссю.

Любавічы — даўняе мястэчка гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны), на беларускай этнічнай тэрыторыі.

Гісторыя

Анатоль Наліваеў. «Любавічы». 1988

Упершыню Любавічы згадваюцца ў XVII ст. як мястэчка Аршанскага павета Віцебскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Паселішча значыцца ў лісце цара маскоўскага Аляксея Міхайлавіча ад 30 красавіка 1655. Пазней ім валодалі князі Любамірскія, якія збудавалі тут мураваную грэка-каталіцкую царкву.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Любавічы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, у Аршанскім павеце Магілёўскай губерні. Станам на 1784 тут было 243 двары, з іх 178 належалі хрысціянам, 65 — юдэям[1]. У 1798 адбыўся вялікі пажар, па якім мястэчка адбудавалі на тым жа месцы[2]. У Вайну 1812 года ў Любавічах 2 тыдні стаяў корпус маршала напалеонаўскага войска Груні. У XIX — пачатку XX стагоддзяў тут праходзіў найбуйнейшы ў ваколіцах Хрышчанскі кірмаш[3] з абарачэннем больш за 1,5 млн рублёў. Станам на 1860 — 1 мураваны і 312 драўляных будынкаў, скарбовае яўрэйскае вучылішча (16 вучняў), гарбарня.

У XIX ст. Любавічы сталі буйным рэлігійным цэнтрам: тут паўстала новая плынь у іўдаізме — Хабад (Хабад-Любавіч, Любавіцкі хасідызм). У мястэчку дзейнічалі 3 малітоўныя школы і велізарная бібліятэка, якую ў часы Першай сусветнай вайны пераправілі ў Маскву, у Румянцаўскі музей (цяпер Расійская дзяржаўная бібліятэка). У Другую сусветную вайну 4 лістапада 1941 нацысты знішчылі ў Любавічах 483 яўрэі.

1 студзеня 1919 згодна з пастановай I з’езду КП(б) Беларусі Любавічы ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 Любавіцкую воласць (разам з Руднянскай і Мікулінскай) не вярнулі БССР. Статус паселішча панізілі да вёскі.

Насельніцтва

Інфраструктура

У Любавічах працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, дом культуры, бібліятэка.

Турыстычная інфармацыя

Старыя яўрэйскія могілкі

Славутасці

  • Могілкі яўрэйскія. Капліца
  • Царква Успення Прасвятой Багародзіцы (XVIII—XIX стагоддзі; колішняя грэка-каталіцкая, цяпер ва ўладанні МП).

Страчаная спадчына

  • Сінагога
  • Царква

Зноскі

  1. Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 429.
  2. Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 310.
  3. Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 118.
  4. Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 58.
  5. Любавичи Архівавана 28 кастрычніка 2009. // Смоленская область: Энциклопедия в 2 т. / Редкол.: Г. С. Меркин (отв. ред.) и др. Т. 2: А—Я. — Смоленск: СПГУ, 2003. — 624 с.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Руднянскага раёна (Смаленская вобласць) Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be