wd wp Пошук:

Лідыя

У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Лідыя.

Лідыйская дзяржава ў VII (мяжа чырвоным колерам) - VI (карычневы колер) стст. да н.э.

Лідыя (стар.-грэч.: Λυδία) — старажытная гістарычная вобласць і дзяржава на захадзе Малой Азіі.

Лакалізацыя

Антычныя географы называлі Лідыяй цэнтральныя раёны захаду Малой Азіі. Яна межавала з Траадай, Фрыгіяй, Лікіяй, Іоніяй, Эоліяй, Карыяй, Мізіяй. У VIIVI стст. да н.э. лідыйскія ўладары здолелі падпарадкаваць увесь захад Малой Азіі да ракі Галіс. Палітычным і эканамічным цэнтрам Лідыі з’яўляўся горад Сарды. Жыхары Лідыі размаўлялі на лідыйскай мове, якая ўваходзіла ў анаталійскую групу індаеўрапейскай сям’і моў. Паводле старажытнагрэчаскіх аўтараў, самі лідыйцы называлі сваю краіну Меоніяй.

Гісторыя

У другой палове 2 тысячагоддзя да н.э. на захадзе Малой Азіі сфарміравалася старажытная дзяржава Міра з цэнтрам на месцы Эфеса. У пачатку XII ст. да н.э. яна была заваявана хетамі. Пасля заняпаду хецкай дзяржавы цэнтральныя раёны захаду Малой Азіі відавочна кантраляваліся Фрыгіяй.

Непасрэдна лідыйская дзяржава паўстала толькі ў VII ст. да н.э., што было звязана з дзейнасцю валадара Гігеса. Дзякуючы саюзу з Асірыяй лідыйскія манархі здолелі адбіць напады кімерыйцаў, паступова падначаліць малаазіяцкія грэчаскія гарады і землі на ўсход ад Лідыі. У 585 г. да н.э. лідыйцы спынілі наступ мідыйцаў на захад. Лідыйскія валадары даволі прыхільна ўспрымалі культуру Старажытнай Грэцыі і ў некаторых выпадках шанавалі грэчаскіх багоў. Грэкі запазычылі ў лідыйцаў звычай ужываць манеты, а таксама навучыліся атрымоўваць чыстае золата.

Апошнім вядомым валадаром Старажытнай Лідыі быў Кроз. Ён славіўся сваімі багаццямі, якія нават увайшлі ў прымаўку. У 546 г. да н.э. Кроз быў пераможаны Кірам Вялікім, а яго дзяржава ўвайшла ў склад імперыі Ахеменідаў у якасці сатрапіі. Частка лідыйцаў была пераселена ў Месапатамію. У 334 г. да н.э. Лідыя ўвайшла ў склад Македоніі. У 133 г. да н.э. — у склад старажытнарымскай дзяржавы, дзе была створана асобная правінцыя Лідыя.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Былыя краіны
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be