wd wp Пошук:

Магільна (Уздзенскі раён)

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Магільна.

Магі́льна[1] (трансліт.: Mahiĺna, руск.: Могильно, у 1979—1991 гг. — Нёман) — аграгарадок ва Уздзенскім раёне Мінскай вобласці, на рацэ Нёман. Адміністрацыйны цэнтр Нёманскага сельсавета. Размешчаны за 16 км да паўднёвага захаду ад г. Узда, 90 км ад Мінска, 12 км ад чыгуначнай ст. Коласава на лініі Мінск—Баранавічы, аўтадарогай злучана з Уздой.

Гісторыя

У беларуска-літоўскіх летапісах «Хронике Литовской и Жмойтской» і «Хронике Быховца» згадваецца ў 1284 г. як месца бітвы паміж наваградскага князя Рынгольда і саюзным войскам заволжскіх татар, Святаслава Кіеўскага, Льва Уладзімірскага і Дзмітрыя Друцкага[2]. Пазней, у XIV ст., князь Вітаўт перадаў паселішча Монвідам Дарагастайскім, якія парадніліся ў канцы XV ст. з Радзівіламі. У 1520 г. князёўна Соф’я Радзівіл з дома Монвідаў у сваім тастаменце запісала, што «она добра свои властные матернистые… Могильно с Двором Святым пасынку своему Пацу записала»[3]. У XVI ст. у Магільна дзейнічала прыстань, у XVI — XVII стст. існаваў Магільнянскі замак. З 1793 г. цэнтр воласці Ігуменскага павета Мінскай губерніі Расійскай імперыі. У 1800 г. — 92 двары, 374 жыхара, тымчасова ў паселішчы была ўніяцкая царква, млын, карчма, верф. У 1884 г. — 84 двары, 700 жыхароў, у паселішчы знаходзілася валасное праўленне, праваслаўная царква, капліца, сінагога, народнае вучылішча, 4 крамы. З 20 жніўня 1924 г. — вёска, цэнтр Магільненскага сельсавета Уздзенскага раёна Мінскай акругі, з 20 лютага 1938 г. Мінскай вобласці. У Вялікую Айчынную вайну з кан. чэрвеня 1941 да пач. ліпеня 1944 акупавана нямецкімі захопнікамі. У 1943 г. нямецкія акупацыйныя ўлады часткова спалілі вёску, за перыяд акупацыі загінула 56 мірных жыхароў.

У 1999 годзе — 218 гаспадарак, 515 жыхароў. У 2007 годзе — 188 гаспадарак, 416 жыхароў. Магільна з’яўляецца цэнтрам СВК «Наднеман». Дзейнічаюць дзіцячы сад, сярэдняя школа, Дом культуры, лясніцтва, бібліятэка, медыцынская амбулаторыя, камбінат побытавага абслугоўвання, 2 крамы, аддзяленні сувязі і АСБ «Беларусбанк».

На тэрыторыі вёскі знаходзяцца: брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, загінулых у Вялікую Айчынную вайну; помнік 36 землякам, загінулым у Вялікую Айчынную вайну; гарадзішча, рэшткі феадальнага замка і курганны магільнік — помнікі археалогіі.

Вядомыя асобы

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
  2. Полное собрание русских летописей / АН СССР, Ин-т истории. Т. 32: Хроники: Литовская и Жмойтская, и Быховца. Летописи: Баркулабовская, Аверки и Панцырного / ост. и ред. тома Н. Н. Улащик. — М.: Наука, 1975. — 233, [1] с., [4] л. факс. — С. 25, 132
  3. Ткачоў, М. А. Замкі і людзі / М. А. Ткачоў; [пад рэд. Г. В. Штыхава]. — Мн.: Навука і тэхніка, 1991. — 182, [2] с. — ISBN 5-343-00880-1. — С. 129.

Літаратура

  • Памяць: Уздзенскі раён. — Мн.: Белта, 2003.
  • Минская область: Энциклопедия в 2 томах. — Мн.: БелЭн, 2007.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Уздзенскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be