wd wp Пошук:

Мхінічы

Мхінічы (трансліт.: Mchiničy, руск.: Мхиничи)  — былая вёска ў Краснапольскім раёне Магілёўскай вобласці. Цэнтр Мхініцкага сельсавета.

Геаграфія

Размяшчалася за 17 км на паўднёвы захад ад Краснаполля, за 126 км ад Магілёва, за 68 км ад чыгуначнай станцыі Камунары на лініі КрычаўСураж (Расія). Рэльеф раўнінны. На поўначы і паўднёвым захадзе межавала з лесам. Праз вёску цячэ р. Каўпіта (прыток р. Беседзь). Транспартныя сувязі па шашы ВыдранкаКраснаполле, якая праходзіць праз вёску.

Гісторыя

На паўднёвай ускраіне вёскі, на левым беразе р. Каўпіта захаваўся археалагічны помнік — старажытны курган (мясцовая назва «Шведскі курган»), што сведчыць аб засяленні гэтых месц у далёкай старажытнасці.

Паводле пісьмовых крыніц вёска вядома з 16 ст. У 1563 г. сяло ў Прапойскай воласці, дзяржаўная ўласнасць.

У 1777 г. сяло Мхінічы ў Рагачоўскай акрузе Магілёўскай губерні. У 1816 г. сяло Амхінічы ў Чэрыкаўскім павеце, уласнасць памешчыка. У 1864 г. адкрыта школа (народнае вучылішча), у якой у 1889 г. навучаліся 33 хлопчыкі і 1 дзяўчынка. У 1885 г. цэнтр воласці Чэрыкаўскага павета. Меліся школа, мураваная царква. У 1897 годзе працавалі 2 ветраныя млыны, хлебазапасны магазін, крама. Раз у год праводзіўся кірмаш. Частка вяскоўцаў займалася кравецкім, бандарным і кавальскім промысламі.

У 1909 г. пачала дзейнічаць казённая вінная крама. У 1918 г. арганізаваны камітэт беднаты. З 20 жніўня 1924 года цэнтр Мхініцкага сельсавета. У склад сельсавета ўваходзілі 13 вёсак. У 1925 г. дзейнічала працоўная школа 1-й ступені, у якой у 1925 г. было 65 вучняў. У 1930-я г. вяскоўцы ўступілі ў калгас. У канцы 1930-х г. на тэрыторыі сучаснага Мхініцкага с/с былі вёска Пакацкая (да 1982) і пасёлак Шамаўшчына (да 1980).

У Вялікую Айчынную вайну з жніўня 1941 г. да 30 верасня 1943 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У 1943 г. гітлераўцы спалілі вёску. 99 вяскоўцаў змагаліся на фронце, 64 з іх загінулі.

У 1986 годзе ў складзе саўгаса «Халмянскі» (цэнтр — в. Халмы), размяшчаліся 2 фермы буйной рагатай жывёлы, сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання насельніцтва, фельчарска-акушэрскі пункт, аптэка, аддзяленне сувязі, магазін.

Пасля катастрофы 1986 года на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі вёска адселена ў сувязі з радыяцыйным забруджаннем.

Планіроўка

Рака падзяляла вёску на паўднёва-ўсходнюю (прамалінейная з завулкамі вуліца — адрэзак шашы, арыентаваны з паўднёвага захаду на паўночны ўсход) і паўночна-заходнюю (дугападобная вуліца з завулкамі, арыентаваная з паўднёвага захаду на паўночны ўсход) часткі; вытворчы сектар быў на паўночным усходзе.

Насельніцтва

Вядомыя асобы

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі, адселеныя пасля Чарнобыльскай катастрофы Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Краснапольскага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be