wd wp Пошук:

Сураж (Бранская вобласць)

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Сураж. Сураж (руск.: Сураж) — горад1781 года) у Расіі, адміністрацыйны цэнтр Суражскага раёна Бранскай вобласці. Насельніцтва на 2016 год — 11 089 чалавек. Горад размешчаны на рацэ Іпуць (басейн Дняпра), за 177 км у напрамку на паўднёвы захад ад Бранска. Чыгуначная станцыя на лініі Орша — Унеча.

Гісторыя

Паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай

Упершыню Сураж упамінаецца ў ХV ст., калі вялікі князь Казімір аддаў Сураж на рацэ Іпуці свайму дзядзьку князю Міхалу Жыгімонтавічу[1]. У 1454 годзе ён увайшоў у склад утворанага Старадубскага княства як удзел князя Івана Мажайскага.

У 1500 годзе князь старадубскі Сямён Мажайскі разам з уладальнікам Ноўгарад-Северскага княства Шамяцічам перайшлі на бок маскоўскага цара Івана III. У 1518 годзе Старадубскае княства перайшло ў валоданне Васіля III і спыніла сваё існаванне.

У пачатку XVII ст. Сураж вярнуўся ў склад Вялікага Княства Літоўскага, што пацвердзіла Дэвулінскае перамір’е 1618 года. Ён увайшоў у склад Старадубскага павета Смаленскага ваяводства. У гэты час упамінаецца як сяло Суражычы.

З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у 1654 годзе Сураж захапілі маскоўскія войскі.

Пад уладай Маскоўскай дзяржавы і Расійскай імперыі

Згодна з Андрусаўскім перамір’ем 1667 года Сураж апынуўся ў складзе Маскоўскай дзяржавы. У 1781 годзе ён атрымаў статус павятовага горада Ноўгарад-Северскага намесніцтва. У гэты час ён пачынае называцца Сураж-на-Іпуці. 4 чэрвеня 1782 года расійскія ўлады даравалі гораду герб «куст каноплі ў залатым полі, у знак багацця гэтай расліны, якой жыхары гандлююць». У 1797 годзе Сураж увайшоў у склад Маларасійскай губерні, у назве горада прыбралі пазнаку месца знаходжання («на-Іпуці»), у 1802 годзе — у склад Чарнігаўскай губерні.

У 1846 годзе тутэйшы шляхціч Р. Есімонтаўскі выдаў кнігу «Апісанне Суражскага павета Чарнігаўскай губерні». У гэтай працы ліберальны землеўладальнік шмат піша пра эканамічныя перспектывы роднай старонкі. У этнаграфічным раздзеле кнігі распавядалася пра мясцовых сялян — «ліцвінаў». 11 мая 1865 года з’явіўся праект новага герба Суражу «ў срэбным полі блакітны шыльд з трыма залатымі манетамі, па бардзюры восем блакітных кветак ільну». Аднак, яго так і не зацвердзілі[2]. На 1870 год у горадзе было 318 будынкаў, у тым ліку 3 камяніцы, дзейнічалі царква і 2 малітоўныя дамы, працавалі школа, шпіталь і 42 крамы. На 1897 год — 817 будынкаў, сярод якіх 23 мураваныя, штогод адбываліся 6 кірмашоў, штотыдзень — торг. Паводле вынікаў перапісу 1897 года, беларусы складалі 67,3 % жыхароў Суражскага павета[3].

Найноўшы час

25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай беларуская частка Чарнігаўскай губерні абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Савецкая ўлада канчаткова ўсталявана ў ліпені 1918 года. Ад 1 студзеня 1919 года ўвайшоў у склад Беларускай ССР, як цэнтр павета («падраёна») Гомельскага раёна[4].

З 16 студзеня 1919 года ў РСФСР, дзе стаў цэнтрам павета Гомельскай губерні (у 1926—1929 гадах у Бранскай губерні). У 1921 годзе Суражскі павет пераназвалі ў Клінцоўскі. У 1929 годзе Сураж стаў цэнтрам раёна Заходняй вобласці, з 1938 года ў Арлоўскай вобласці.

Акупаваны германскімі вой­ска­мі 17 жніўня 1941 года. Вызвалены савецкімі войскамі 25 верасня 1943 года ў хо­дзе Бранскай на­сту­пальнай аперацыі.

З 1944 года ў Бранскай вобласці Расіі, раённы цэнтр (1944–63, і з 1965).

Насельніцтва

  • XIX стагоддзе:
  • 1867 — 4,0 тыс. чал., з іх гандляроў было 70, мяшчан — 3049, сялян — 263, шляхты і разначынцаў — 458;
  • 1870 — 3850 чал., у тым ліку 11 каталікоў і 2743 іўдзеяў[5];
  • 1897 — 4006 (1997 муж. і 2009 жан.), з іх 978 беларусаў (464 муж. і 514 жан.), 559 рускіх (355 муж. і 204 жан.), 33 украінцы (23 муж. і 10 жан.), 25 палякаў (12 муж. і 13 жан.), 2400 яўрэяў (1137 муж. і 1263 жан.)[6]
  • XX стагоддзе:
  • 1939 — 9,0 тыс. чал.;
  • 1959 — 8,5 тыс. чал.;
  • 1975 — 10,3 тыс. чал.;
  • 1991 — 12,6 тыс. чал.;
  • 1993 — 12,8 тыс. чал.[7]
  • XXI стагоддзе:
  • 2002 — 12,0 тыс. чал.;
  • 2008 — 11,7 тыс. чал.;
  • 2016 — 11 089 чал.

Рэлігія

Царква Звеставання

У канцы XX ст. у Суражы збудавалі новую царкву Звеставання Багародзіцы.

Эканоміка

У Суражы працуюць кардонная фабрыка, швацкая фабрыка «Суражанка», масласыраробчы завод, хлебакамбінат.

Славутасці

  • Будынак краязнаўчага музея (1893)
  • Будынак педагагічнага каледжу
  • Капліца-пахавальня шляхоцкага роду Іскрыцкіх (1907)

Страчаная спадчына

  • Царква Звеставання Багародзіцы (XIX ст.)
  • Царква Святой Тройцы (XIX ст.)

Вядомыя асобы

Гл. таксама

Зноскі

  1. Катлярчук А. Беларусы Бранскага краю. Этнічная гісторыя і сучаснасць Архівавана 22 снежня 2015. // ARCHE, № 2, 2001. (Народны нумар)
  2. Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5. С. 242.
  3. Перепись 1897 года. Суражский уезд, Демоскоп Weekly — Приложение. Справочник статистических показателей
  4. 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002.
  5. Krzywicki J. Suraż // Słownik geograficzny… T. XI. — Warszawa, 1890. S. 596.
  6. Перепись 1897 года. Сураж, Демоскоп Weekly — Приложение. Справочник статистических показателей
  7. Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты на Іпуці Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be