wd wp Пошук:

Настолле

Настолле — гістарычная мясцовасць Хойнікаў, размешчаная ў заходняй частцы места.

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае

У рэвізіі Мазырскага староства 1560 года, выкананай каралеўскімі камісарамі панамі Рыгорам Валовічам і Мікалаем Нарушэвічам, тэкст якой вядомы з актавай кнігі 1777 года, паведамляецца, што мяжа сёлаў Загалле і Клівы ад рэчкі Рабца даходзіла да селішча Настолля, а шырыня таго грунту ад Рабца да Настолля ўздоўж на паўтрэці мілі, упоперак да Каменкі і да Просічы на мілю[upper-alpha 2] — «Wiabec», «do sieliszcza Stali» «do sieliszcza na Stali». Але ў копіях рэвізіі, што захоўвалі ў сябе трымальнікі Загальскага староства, паселішча названае Настоллем, хоць рэчка — усё яшчэ Вябцом. У больш падрабязным люстрацыйным інвентары ад 27 верасня 1789 г., у якім Загальскае староства размяжоўвалася з Хойніцкімі добрамі паноў Прозараў, з Барысаўшчынай і Старчам паноў Аскеркаў, і рэчка выступае пад сваёй сапраўднай назвай Рабец, і староства названае Настольскім[1]</ref>[2].

Напярэдадні падпісання акта Люблінскай уніі ўказам караля і вялікага князя Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 года Кіеўскае ваяводства было далучана да Кароны Польскай[3]. Настолле ў складзе Мазырскага павета засталося ў Вялікім Княстве Літоўскім, але стала часткай ужо Менскага ваяводства.

Надалей «sieło i dwór Na(s)tole» згаданыя ў размежаваньні Кіеўскай зямлі Кароны і Мазырскага павета ВКЛ у снежні 1621 — студзені 1622 года, калі былі ў трыманні пана Іскарастынскага; пацверджаныя панамі камісарамі прыналежнымі да Мазырскага павета[4].

Ад пачатку XVIII ст. Настолле названа нягродавым староствам, але выступала асобным уладаннем і раней. У яго складзе — аднаіменныя двор і невялічкая вёска[5]. Сярод яўрэяў мястэчка Хойнікі, якія не мелі дамоў і падатак плацілі толькі з камор, у рэвізіі 1716 года названы Ёсь Настольскі[6]. Ці не першым у гэты час вядомым з імя старостам настольскім быў Ян Славінскі, падчашы добжынскі. 27 мая 1720 года кароль Аўгуст ІІ перадаў староства пану Барталамею Мараўскаму. У 1766 годзе Павел Колб выплачваў з Настолля 100 злотых і 3 грошы кварты, 15 зл. гіберны[7]. 8 лютага 1776 года Антоні, сын Барталамея, Мараўскі выдаў квітанцыю Стэфану Славінскаму, у якой запісаў, што калісьці яго бацька, быўшы не ў стане кіраваць староствам, саступіў яго Стэфану, сыну Яна Славінскага, папярэдняга старосты настольскага[8]. Паводле запісу ў метрычнай кнізе Юравіцкага касцёла ад 27 верасня 1783 года, у той дзень быў ахрышчаны Маўрыцый Мацей, сын Станіслава і Людвікі з Казлоўскіх Бялавецкіх, пасэсараў настольскіх; кумамі выступілі Фларэнцый Аскерка, харунжыч мазырскі, і Антаніна Стоцкая, жонка суддзі мазырскага. Яшчэ villa Nastole ў той жа кнізе згаданая ў кастрычніку 1785 года, калі ахрышчаныя былі Ёанна, дачка сужэнства Бялавецкіх, і Мацей Маўрыцый, сын Юзафа і Розы з Казлоўскіх Кучынскіх[9].

Настолле і Хойнікі на схематычным плане Рэчыцкага павета 1800 г.

У сувязі з чаканым перапісам яўрэйскага насельніцтва, у 1784 годзе 25 чалавек (głów) з суседніх Хойнікаў Оўруцкага павета Кароны, каб не плаціць пагалоўшчыну да скарбу, былі схаваныя (і прынятыя) ў Настоллі Мазырскага павета ВКЛ[10].

Расійская імперыя

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Настолле — у межах Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года ў складзе адноўленага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[11]. Паводле расійскай рэвізіі 1795 года, «сяльцо» Настолле мела 6 двароў з 20 душамі мужчынскага і 18 жаночага пола прыгонных сялян[12], належала пажыццёва старосце настольскаму Паўлу Колбу, ротмістру Пінскага павета, але знаходзілася ў пасэсіі ў адстаўнога ротмістра Юзафа, сына Франца, Скакоўскага[13]. У 1811 годзе фальварак і вёску Настолле з 20 душамі мужчынскага пола (разам — староства) трымаў, згодна з кантрактам на арэнду, Рыгор Завітневіч, каморнік Рэчыцкага павета[14].

У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засведчана, што 23 жыхары абодвух полаў з вёскі Настолле былі прыхаджанамі Хойніцкай Свята-Пакроўскай царквы, а 14 жыхароў — парафіянамі Астраглядаўскага касцёла Унебаўзяцця найсвяцейшай Панны Марыі[15]. На пачатак 1870 году ў Настольлі налічвалася 9 гаспадароў з былых дзяржаўных сялян, прыпісаных да Небытаўскага сельскага таварыства, 12 аднадворцаў, прыпісаных да Хойніцкай воласці[16].

У 1909 годзе ў вёсцы Настолле 33 двары, 181 жыхар[17].

Найноўшы час

Настолле і Хойнікі на карце генштаба РККА Беларусі і Літвы. 1935 г.

9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Берасцейскага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана была часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Настолле і Хойнікі, аднак, апынуліся ў складзе часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. Ад 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападскага[18]. 1 студзеня 1919 года, паводле пастановы І з’езда КП(б) Беларусі, Хойнікі ўвайшлі ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня Масква адабрала іх разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. Згодна з дакументам «Сведения о количестве учащихся школ Хойникской волости Речицкого уезда», на 8 снежня 1920 і на 15 красавіка 1921 года ў Настольскай школе першай ступені (г. зн. пачатковай) было адпаведна 12 і 18 вучняў[19]. 8 снежня 1926 года Настолле з Хойнікамі вярнулі БССР. На 1929 год 63 % жыхароў Настолля складалі каталіцкія або «польскія» сем’і (26)[20].

У 1989 годзе, пасля далучэння вёскі да Хойнікаў, у месце з’явілася вуліца Настольская, але аўтобусны прыпынак захаваў назву Настолле.

Асобы

  • Іван Станіслававіч Цішкевіч (1919—2001) — правазнавец, доктар юрыдычных навук, прафесар БДУ. Заслужаны юрыст БССР (1971)[21]

Заўвагі

  1. Прынамсі, рэчка названая Вябцом у кірылічным дакуменце 1568 г., заснаваным на звестках рэвізіі 1560 г.Литовская метрика. Книга записей 51 (1566 – 1574). Вильнюс, 2000. С. 177 – 179
  2. У тэксце згаданай крыніцы назвы рэчкі і паселішча перайначаныя пазнейшымі перапісчыкамі або яшчэ і першымі ўкладальнікамі рэвізіі[upper-alpha 1]

Зноскі

  1. Аrchiwum Główny Akt Dawnych w Warszawie. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich. Sygn. 132. S. 1, 3, 5
  2. Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. VIII. Т. V. Акты об украинской администрации XVI—XVII вв. — Киев, 1907. С. 477, 481
  3. Volumina Legum. Tom II. — Petersburg: Nakładem i drukiem Józafata Ohryzki, 1859. S. 84 — 87; Падалінскі У. // Беларускі гістарычны агляд. — 2012. Т. 19. С. 329—337 (Рэцэнзія на кн.: Litwin H. Równi do równych: kijowska reprezentacja sejmowa 1569—1648. — Warszawa, 2009).
  4. Źródła dziejowe. T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. IX. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław) / Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. S. 97
  5. Список населенных пунктов Мозырского повета за 1789 год.
  6. НГАБ у Менску. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 139адв.
  7. Słownik geograficzny Krółewstwa Polskiego і innych krajów słowiańskich. — Warszawa, 1885. T. VI. S. 929
  8. Генеалогические изыскания. Настольское староство // 1789- w. Nastolla, Starostwo Nastolskie
  9. НГАБ. Ф. 937. Воп. 1. Спр. 60. А. 30, 31адв.
  10. Архив ЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. — Киев, 1890. С. 710.
  11. Насевіч, В., Скрыпчанка, Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182
  12. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 59. А. 532—533адв.
  13. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 181. А. 109; Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 71
  14. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 91
  15. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 382, 666
  16. Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 71
  17. Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 131
  18. Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 — січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. — Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286—296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
  19. Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці. Ф. 68. Воп. 1. Спр. 16. А. 19
  20. Пичуков В. П., Старовойтов М. И. Гомельщина многонациональная (20 — 30 е гг. XX в.). Выпуск I. — Гомель, 1999. С. 213
  21. Иван (Ян) Станиславович Тишкевич Хойнікшчына
Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі без сельсавета Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Хойніцкага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be