wd wp Пошук:

Нежаўка (Чэрвеньскі раён)

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Нежаўка. Не́жаўка[1] (трансліт.: Niežaŭka, руск.: Нежевка) — вёска ў Чэрвеньскім раёне Мінскай вобласці, на рацэ Гаць (прыток Волмы). Уваходзіць у склад Валевачскага сельсавета. 68 жыхароў, 40 гаспадарак (2013).

Гісторыя

Вядома ў Вялікім Княстве Літоўскім з сярэдзіны XVIII стагоддзя, калі з’яўлялася ўладаннем віленскага біскупа Ігнацыя Масальскага. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Расійскай імперыі. У 1795 годзе вёска ў Ігуменскім павеце Мінскай губерні, 19 двароў, 187 жыхароў, драўляная ўніяцкая капліца, млын, карчма. У сярэдзіне XIX стагоддзя ў складзе маёнтка Рудня Чорная, уладанне памешчыка Ф. Варэнткі. Паводле перапісу 1897 года ў Грабёнскай воласці, 75 (76) двароў, 459 жыхароў, дзейнічалі вадзяны млын, карчма, праваслаўная царква, піцейная ўстанова. Побач з вёскай знаходзіўся аднайменны фальварак (1 двор, 15 жыхароў) і сядзіба (1 двор, 11 жыхароў). У пачатку XX стагоддзя 78 двароў, 507 жыхароў, дзейнічала царкоўна-прыходская школа, у якой у 1910 годзе вучылася 20 хлопчыкаў. У 1917 годзе 69 двароў, 436 жыхароў.

З лютага да снежня 1918 года акупіравана войскамі кайзераўскай Германіі, з жніўня 1919 года да ліпеня 1920 года — войскамі Польшчы. З 1919 года ў БССР. У барацьбе з польскімі інтэрвентамі ў 1920 годзе загінулі чырвонаармейцы, якія пахаваны ў брацкай магіле паблізу ад вёскі. У 1925 годзе на магіле пастаўлены абеліск. З 20 жніўня 1924 года ў Грабёнскім сельсавеце Чэрвеньскага раёна Мінскай акругі (да 26 ліпеня 1930 года), з 20 лютага 1938 года ў Мінскай вобласці. У 1929 годзе створаны калгас «Прафінтэрн», які ў 1932 годзе аб’ядноўваў 60 сялянскіх двароў. У Вялікую Айчынную вайну з пачатку ліпеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі, на франтах загінулі 32 вяскоўцы. У брацкай магіле пахаваны савецкія воіны і партызаны, якія загінулі  ў Вялікую Айчынную вайну. Іх памяць ушаноўвае помнік-стэла, пастаўлены ў 1975 годзе. З 16 ліпеня 1954 года ў Валевачоўскім сельсавеце. У 1960 годзе ў вёсцы 517 жыхроў, у аднайменным пасёлку 30 жыхароў. У 1966 годзе яны аб’ядналіся ў адну вёску. У 1980-ыя гады ўваходзіла ў склад саўгаса «Светач». У 1997 годзе 86 гаспадарак, 168 жыхароў, жывёлагадоўчая ферма, магазін.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Чэрвеньскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be