Новая Францыя
Но́вая Фра́нцыя (фр.: Nouvelle-France) — агульная назва французскіх уладанняў у Паўночнай Амерыцы (1534—1763). У розны час у склад Новай Францыі ўваходзілі:
- Канада — сучасныя канадскія правінцыі Квебек, Антарыа і частка берагоў Вялікіх Азёр (у прыватнасці, заснаваны Кадылакам форт Дэтруа — сённяшні Дэтройт).
- Луізіяна (Louisiane) — даліна ракі Місісіпі з сучаснымі амерыканскімі штатамі Луізіяна, Місісіпі, Арканзас, Паўночная і Паўднёвая Дакота, Аёва, Канзас, Місуры, Мантана, Небраска і Аклахома.
- Акадзія (Acadie) — сучасныя канадскія правінцыі Нью-Брансуік, Новая Шатландыя і востраў Св. Іаана (Saint-Jean) — сённяшні Востраў Прынца Эдуарда.
- Новая Зямля (Terre-Neuve) — сучасны Ньюфаўндленд.
Гісторыя
У 1534 годзе французскі мараплавец Жак Карцье абвясціў Канаду ўласнасцю караля Францыі. Але спробы заснаваць паселішчы скончыліся няўдачай. Сапраўдная каланізацыя была пачата толькі ў 1604 годзе з падачы Самюэля дэ Шамплена. У 1605 годзе ў Акадзіі быў заснаваны горад Порт Раяль (сёння горад Анапаліс у Новай Шатландыі). У 1608 годзе Шамплен заснаваў горад Квебек, які і стаў сталіцай Французскай Канады. 17 мая 1642 года Поль Шамедзі дэ Мезанёў заснаваў Манрэаль.
Найбольшае пашырэнне меж Новай Францыі звязана з дзейнасцю графа дэ Франтэнака (губернатар у 1672—1682 гадах) Пры яго фінансавай падтрымцы Ла Саль у 1681—1682 гадах праплыў па ўсёй даўжыні Місісіпі і абвясціў усю яе даліну ўладаннем французскага караля.
У 1718 годзе заснаваны Новы Арлеан (фр.: Nouvelle-Orléans), які стаў сталіцай новай калоніі — Луізіяны (назва, якую даў ла Саль у гонар французскага караля Людовіка (Луі) XIV).
Падчас Сямігадовай вайны (1756—1763) Новую Францыю захапілі англічане. Паводле Парыжскага дагавора 1763 года Францыя адмовілася ад сваіх амерыканскіх уладанняў на карысць Англіі і (часткова) Іспаніі.
Канадскі Квебек дагэтуль застаецца тэрыторыяй, дзе пераважае французская мова і культура; Манрэаль — адзін з найбуйнейшых франкамоўных гарадоў у свеце. Французскія культурныя і прававыя традыцыі захоўваюцца ў Луізіяне.
Гл. таксама
Тэмы гэтай старонкі:Катэгорыя·Былыя калоніі Францыі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.