Нікасія
Нікасія (грэч.: Λευκωσία, турэцк.: Lefkoşa) — горад на Кіпры, сталіца і буйнейшы горад краіны.
Нікасія — гандлёвы і прамысловы цэнтр. У горадзе — 2 сучасныя гандлёвыя комплексы, крамы, рэстараны, забаўляльныя комплексы. У горадзе развіта тэкстыльная, гарбарная, ганчарная вытворчасць, вытворчасць пластмасы і іншай прадукцыі. Побач знаходзяцца медныя шахты. У Нікасіі — Універсітэт Кіпра і 4 іншыя універсітэты.
Гісторыя
Асноўны артыкул: Гісторыя Нікасіі
Сляды першых пасяленцаў прасочваюцца з 3900 г. да н.э. Сам горад заснаваны каля XI—VII стагоддзя да н.э. (названы Ледра, затым Лефкатэон; сучасная назва прыкладна з XIII стагоддзя н. э.). Уяўляў сабой старажытнагрэчаскую горад-дзяржаву. У эліністычны перыяд (прыкладна ў 330 годзе да н.э.) горад страціў сваё значэнне і ператварыўся ў невялікую вёсачку. У 965 годзе візантыйцы робяць горад цэнтрам фемы Кіпр. У 1191 годзе англійскі кароль-крыжак Рычард I Львінае Сэрца заваёўвае горад і перадае яго ў 1192 годзе Гі дэ Лузіньяну. Горад становіцца сталіцай Кіпрскага каралеўства. Менавіта ў гэты перыяд горад атрымаў назву Нікасія. У 1489—1571 гг. горад пад уладай венецыянцаў. У 1571—1878 гг. пад уладай туркаў. У 1878—1960 гг. пад уладай англічан. У 1960 годзе горад становіцца сталіцай незалежнай Рэспублікі Кіпр.
У выніку ўварвання турэцкіх войскаў у 1974 годзе і абвяшчэння Турэцкай Рэспублікі Паўночнага Кіпра горад быў падзелены на турэцкую і грэчаскую часткі. Мяжа паміж імі, якая ахоўваецца войскамі ААН, праходзіць прама па гістарычным цэнтры горада і праз галоўную гандлёвую вуліцу Ледра. Паўночная (турэцкая) частка Нікасіі з’яўляецца сталіцай самаабвешчанай ТРПК і называецца Лефкоша.
3 красавіка 2008 года распачаты працы па дэмантажы сцяны, якая падзяляе горад на дзве часткі[1].
Геаграфія і клімат
Нікасія размешчана на шырокай раўніне ў цэнтры Кіпра Месаарыі, паміж горнымі хрыбтамі Троадас і Кірэнія. Нікасія знаходзіцца непадалёк ад ракі Акакі.
Клімат Нікасіі з’яўляецца міжземнаморскім з рысамі паўпустыннага (Класіфікацыя кліматаў Кёпена: BSh). Наяўнасць цёплай зімы і гарачага сухога лета выключаюць развіццё горада ў аграрным плане. Ападкаў выпадае ўсяго 300 мм, што робіць Нікасію адным з найбольш засушлівых (і гарачых) гарадоў узбярэжжа Міжземнага мора.
Клімат Нікасіі | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Паказчык | Сту | Лют | Сак | Кра | Май | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сне | Год |
Сярэдні максімум, °C | 15,3 | 15,9 | 18,6 | 24,3 | 29,5 | 33,9 | 36,9 | 36,7 | 33,6 | 28,3 | 21,8 | 17,1 | 26,0 |
Сярэдні мінімум, °C | 5,2 | 5,0 | 6,4 | 10,1 | 14,5 | 18,8 | 21,8 | 21,6 | 18,5 | 15,0 | 10,2 | 6,8 | 12,8 |
Норма ападкаў, мм | 48 | 47 | 37 | 22 | 22 | 7 | 1 | 7 | 6 | 22 | 31 | 58 | 308 |
Крыніца: worldweather.org |
Славутасці
Гатычны сабор Св. Сафіі (XIII—XIV стагоддзя), цэрквы Маці Божай, ансамбль рынку (гатычная базіліка, пашырана ў 14-16 стст.), «Брама Фамагусты» (16 ст.), сабор Св. Іаана (перабудаваны ў 1665; цыкл роспісаў — каля 1730), архіепіскапскі палац (1950-59).
Гарады-пабрацімы
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Нікасія
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.