Пагост Загародскі
Паго́ст Загаро́дскі[2] (трансліт.: Pahost Zaharodski, руск.: Погост Загородский) — вёска ў Беларусі, у Пінскім раёне Брэсцкай вобласці, на паўднёва-ўсходнім беразе вадасховішча Пагост. Уваходзіць у склад Загародскага сельсавета.
Гісторыя
Выяўленыя археолагамі 7 стаянак вакол возера сведчаць пра засяленне гэтай мясцовасці ў глыбокай старжытнасці. Першы пісьмовы ўспамін пра Пагост-Загародскі датуецца 1528 г., калі вялікая княгіня Бона Сфорца пацверділа старыя правы тутэйшай шляхце. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) мясцовасць увайшла ў склад Пінскага павета Берасцейскага ваяводства. У 1577 г. паселішча перайшло да С. Марціновіча.
У першай палове XVII ст. Пагост-Загародскі атрымаў статус мястэчка. У сярэдзіне XVII ст. ім валодалі Стацкевічы і Нелюбовічы. У Пагосце-Загародскім праводзіліся рэгулярныя кірмашы, на якіх карысталася попытам мясцовая кераміка (чорны глянцавы посуд). У 1679 г. тут збудавалі касцёл Святога Юзафа. У XVIII ст. мястэчка перайшло ў валоданне князёў Друцкіх-Любецкіх і належала ім да 1939 г.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Пагост-Загародскі апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, у Пінскім павеце Гродзенскай губерні. Станам на 1859 г. у мястэчку было 46 двароў[3]. Пасля задушэння Студзеньскага паўстання (1863—1864) расійскія ўлады ліквідавалі тутэйшую каталіцкую парафію.
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Пагост-Загародскі апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Пінскага павета Палескага ваяводства.
У 1939 годзе Пагост-Загародскі ўвайшоў у БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 года стаў цэнтрам сельсавета. Статус паселішча панізілі да вёскі.
- Мястэчка на старых здымках
- Руіны каталіцкай капліцы
- Касцёл пасля мураўёўскай перабудовы
- Касцёл, бакавы фасад
- Касцёл пасля вяртанні каталікам
Насельніцтва
- XIX стагоддзе: 1887 — 408 чал.[4]
Славутасці
- Каплічка прыдарожная (XIX ст.)
- Касцёл Святога Юзафа (1679); цяпер праваслаўная царква Святых Кірыла і Мяфодзія БЭМП
- Старыя яўрэйскія могілкі
- Сінагога
Страчаная спадчына
- Капліца (XIX ст.; каталіцкая)
Археалогія
Група стаянак нёманскай культуры[5]. Знойдзены рэшткі жытла і вогнішчаў, крамянёвыя наканечнікі стрэл, скрабкі, сярпы, фрагменты глінянага посуду і інш. Адна са стаянак адносіцца да эпохі мезаліту[5]. Яна была засыпана ў выніку будаўніцтва дамбы ў 1978 годзе[5].
Вядомыя ўраджэнцы
- Лукаш Галамбёўскі (1773—1849) — адзін з першых польскіх гісторыкаў.
- Францішак Ксаверый Друцкі-Любецкі (1778—1846)
У вёсцы пахаваны беларускі праваслаўны святар і мовазнаўца Платон Максімавіч Ціхановіч (1838—1922).
Зноскі
- ↑ https://map.nca.by
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Паго́ст-За́гарадск
- ↑ Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 379.
- ↑ Pohost (8) Zahorodny // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VIII: Perepiatycha — Pożajście. — Warszawa, 1887. S. 520.
- 1 2 3 Пагост-Загорск // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 547. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Літаратура
- Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Pohost (8) Zahorodny // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VIII: Perepiatycha — Pożajście. — Warszawa, 1887. S. 520.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Пагост Загародскі
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Пінскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.