Палоннэ
Палоннэ[1] (укр.: Полонне) — горад у Хмяльніцкай вобласці Украіны. Чыгуначная станцыя на лініі Шэпэціўка — Бярдзічаў. Адзін з самых старажытных гарадоў Украіны.
Гісторыя
У 996 г. князь Уладзімір Святаслававіч прыпісаў Палоннэ да Кіеўскай Дзесяціннай царквы. Спачатку горад належаў вялікім князям Кіеўскім; тут бывалі вялікія князі Уладзімір Святаслававіч, Яраслаў Мудры, у 1170 г. тут жыў удзельны князь Уладзімір Мсціслававіч. У 1195 г. кіеўскі князь Юрый аддае Палоннэ свайму зяцю Раману Мсціслававічу — кіраўніку Валыні. З гэтага часу горад з’яўляецца часткай Валыні. Пасля ўтварэння Галіцка-Валынскага княства Палоннэ ўвайшло ў яго склад. Стаяў са сваёй раццю каля Палоннага кароль Данііл Рамановіч — тады ўладальнік горада.
Для абароны ад качэўнікаў на натуральным ўзвышшы быў узведзены замак з землянымі валамі, драўляным частаколам. Лаўрэнцьеўскі летапіс паведамляе, што ў 1169 г. полаўцы падышлі да Палоннага і захапілі шмат людзей і жывёлы з навакольных вёсак, але крэпасць не ўзялі. Горад, відавочна, быў разбураны мангола-татарамі ў 1240 г.
У XIII ст. у Палоннэ існаваў праваслаўны манастыр. На працягу стагоддзяў горад быў вядомы сваімі рамеснікамі. У пагадненні ад 1366 г. польскага караля Казіміра III з князем Любартам Палоннэ згадваецца сярод «каменных» гарадоў. У 1494 г. горад быў перададзены князю Канстанціну Астрожскаму. У 1510 г. на месцы ўмацаванага пасаду князь Астрожскі будуе новую крэпасць. У 1569 г. горадам завалодаў шляхціц Альбрэхт Ласкі, наступнага 1570 г. ён перадаў горад каралю.
У 1640 г. кракаўскі ваявода Станіслаў Любамірскі спрыяе ўмацаванню цэнтра горада бастыённым пяціканцовым на плане абарончым валам па галандскай сістэме і сценамі. З 1648 г. Палоннэ быў горадам Валынскага палка ў дзяржаве Багдана Хмяльніцкага. 11 снежня 1766 г. кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі пацвердзіў правы горада па просьбе яго тагачаснага ўладальніка — князя Марціна Ежы Любамірскага. Верагодна, тады ж паўстаў гістарычны герб з выявай хрысціянскага патрона князя — Святога Марціна верхам на кані. У XIX — пачатку XX ст. горад быў цэнтрам Палонскай воласці.
У горадзе захаваліся гістарычныя помнікі старажытнасці: тэрыторыя абарончай крэпасці XII ст., земляныя валы, рэшткі замка на гістарычнай Татарскай вуліцы і інш.
Зноскі
- ↑ Напісанне ў адпаведнасці з ТКП 177-2009 (03150) «Спосабы і правілы перадачы геаграфічных назваў і тэрмінаў Украіны на беларускую мову»
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.