Бярдзічаў
Бярдзі́чаў[1], або Бярдычаў, Бэрды́чыў[2] (укр.: Бердичів) — горад у Жытомірскай вобласці Украіны, на рацэ Гнілапяць. Адміністрацыйны цэнтр Бэрдычыўскага раёна. Насельніцтва 78 796 чал. (2011).
Знаходзіцца за 43 км на поўдзень ад Жытоміра. Чыгуначны вузел (лініі на Жытомір, Шапятоўку, Казатын). Аўтамабільныя дарогі злучаюць горада з Жытомірам, Вінніцай, Любарам, Хмельніком, Белай Царквой.
Этымалогія назвы
Існуе некалькі меркаванняў датычна паходжання назвы горада. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што тапонім утварыўся ад славянскага слова «бёрда» — абрыў, або ад уласнага імя Бердыч. Іншыя — ад слова «бярдо» (бярдыш) — так называлі баявую сякеру ў славян. Таксама існуе версія пра паходжанне назвы ад цюркскага племені бярэндычаў, якое засяляла наваколле будучы васаламі кіеўскіх князёў.
Рускія крыніцы, якімі карыстаўся Т. Нарбут, кажуць, што назва горада паходзіць ад імя ардынскага царэвіча Бердыча (Берды-бека), сына цара Азбяка, які панаваў на Валыні ў пачатку 14 ст. і заснаваў замак Бярдычаў. Царэвіч гэты, будучы аматарам асалод, ператварыў Бярдычаў у месца буйных застолляў; сюды звозіў музыкантаў, мастакоў, а таксама маладых красунь для свайго гарэма, нямалую колькасць якіх яму прысылаў вялікі князь Гедзімін, з ліку палонных дзяўчат з цэлае Польшчы і Мазовіі; за адну такую красуню Бердыч прыслаў Гедзіміну ардынскі полк[3].
Гісторыя
У 1430 годзе вялікі князь Вітаўт аддаў гэту мясцовасць пуціўльскаму і звянігарадскаму намесніку Калініку; яго падданы Бердыч заснаваў тут хутар, які з цягам часу пачаў звацца Бярдычавам. У 1483 годзе паселішча зруйнавалі крымскія татары.
У акце размежавання Вялікага Княства Літоўскага з Каралеўствам Польскім 1546 года значыцца, што паселішча Беричиков Васіля Тышкевіча знаходзілася ў складзе Літвы. З 1565/66 года ў Брацлаўскім ваяводстве. У 1569 годзе паводле ўмоў Люблінскай уніі перайшоў да Каралеўства Польскага.
У канцы XVI ст. ваявода кіеўскі Януш Тышкевіч пабудаваў у Бярдычаве замак. У 1627 годзе заснаваны Бярдычаўскага кляштара кармелітаў. У 1648 годзе казакі Б. Хмяльніцкага захапілі горад, зруйнавалі замак і кляштар.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай апынуўся ў 1793 годзе ў складзе Расійскай імперыі, мястэчка Жытомірскага павета. З 1846 года цэнтр павета Кіеўскай губерні. У 1864 годзе, пасля задушэння нацыянальна-вызваленчага паўстання, расійскія ўлады скасавалі Бярдычаўскі кляштар кармелітаў.
У 1870 годзе праз горад прайшла чыгунка.
У 1920 годзе Бярдычаў увайшоў у склад УССР. З 1937 года у Жытомірскай вобласці. З 8 ліпеня 1941 па 5 студзеня 1944 знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.
Насельніцтва
- 1798 — 4820 чал.
- 1863 — 51 625 чал., у тым ліку 47 224 юдаісты (паводле іншых звестак 46 149[4]), 2380 праваслаўных, 1400 каталікоў, 515 раскольнікаў, 106 евангелістаў.
- 1865 — 52 726 чал. (24 768 мужчын і 27 928 жанчын).[5]
- 1926 — 55 417 чал.
- 1968 — 60 тыс. чал.[6]
- 1991 — 93,4 тыс. чал.[7]
- 2007 — 83 200 чал.
- 2011 — 78 796 чал.
Эканоміка
Прадпрыемствы мэблевай, паліграфічнай, лёгкай, харчовай прамысловасці. Працуюць заводы: станкабудаўнічы, хімічнага машынабудавання.
Славутасці
- Гістарычная забудова горада кан. XIX — пач. XX стагоддзяў
- Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (XVIII ст.) і кляштар кармелітаў (XVII ст.)
- Касцёл Св. Барбары (XVIII ст.)
- Палац Радзівілаў (XVIII—XIX стагоддзі; не існуе)
- Царква Св. Мікалая (XIX ст.)
- Харальная сінагога (1850)
Галерэя
- Кляштар кармелітаў
- Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі
- Харальная сінагога
- Царква Св. Мікалая
Вядомыя асобы
- Віктар Аркадзевіч Белы (1904—1983) — кампазітар, педагог, музычны публіцыст.
- Васіль Гросман (1905—1964) — расійскі пісьменнік.
- Паліна Уладзіміраўна Гельман (1919—2005) — ваенны лётчык, Герой Савецкага Саюза.
- Мікола Жудзін (1891—1968) — украінскі навуковец у галіне інжынерных збудаванняў.
- Джозеф Конрад (1857—1924) — англійскі пісьменнік.
- Віталій Скамароўскі (нар. 1963) — біскуп Луцкай дыяцэзіі.
Цікавыя факты
- 14 сакавіка 1850 года ў Бярдычаўскім касцёле Св. Барбары французскі пісьменнік Анарэ дэ Бальзак узяў шлюб з Эвелінай Ганскай.
- У XVIII ст. Бярдычаў быў найбольш славутым месцам марыйнага культу на ўсходзе зямель Кароннай Русі, адзначаным папскаю каронай. На паўночным усходзе Вялікага Княства Літоўскага адпаведнікам Бярдычава выступалі Бялынічы, дзе 20 верасня 1761 года каранаваўся абраз Маці Божай Бялыніцкай[8].
- У польскай мове існуе ўстойлівы выраз «Пішы да мяне ў Бярдычаў» (польск.: Pisz do mnie na Berdyczów), які ўжываецца ў сітуацыях, калі адна асоба хоча пазбавіцца іншай [9]. Гісторыя ўзнікнення гэтага фразеалагізма сягае тых часоў, калі горад быў адным з найважнейшых цэнтраў гандлю між Украінай і Польшчай, куды з’язджаліся купцы са шматлікіх краін Еўропы.
Зноскі
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Беларусы — Варанец. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3), ISBN 985-11-0035-8.
- ↑ Напісанне ў адпаведнасці з ТКП 177-2009 (03150) «Спосабы і правілы перадачы геаграфічных назваў і тэрмінаў Украіны на беларускую мову»
- ↑ T. Narbutt. Dzieje starożytne narodu Litewskiego. T. IV. Wilno. 1838. s. 490—491.
- ↑ Верменич Я. В. Бердичів // Енциклопедія історії України. — Т. 1. — К.: Наукова думка, 2005. С. 222
- ↑ Berdyczów // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880. S. 138
- ↑ Бердичев // Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
- ↑ Бердичев // Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.
- ↑ Анджэй Бараноўскі. Роля магнатаў у каранацыі абразоў Божай Маці ў Вялікім Княстве Літоўскім Архівавана 2 ліпеня 2007. // «Спадчына» № 5-6/2002
- ↑ Słownik języka polskiego PWN(недаступная спасылка) (польск.)
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Бярдзічаў
- Афіцыйны сайт
- “Мій Бердичів” - Історія, сьогодення, люди
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.