Хатра
Хатра, або Эль-Хадр (араб. الحضر) — разбураны старажытны горад у складзе Парфянскага царства, руіны якога цяпер размешчаны на тэрыторыі Паўночнага Ірака, у правінцыі Найнава. Агульная плошча горада складала больш 500 гектараў, а план па форме нагадваў авал. Горад быў заснаваны да нашай эры, яго росквіт прыйшоўся на I—II стагоддзі, а разбурэнне адбылося ў 257 годзе.[1]
Дзякуючы сваёй гістарычнай каштоўнасці Хатра, якая спалучае ў сабе эліністычную і старажытнарымскую архітэктуру з арабскім дэкорам, была ўключана ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Гісторыя
Арабскія плямёны пасяліліся ў гэтым месцы ў VII стагоддзі да нашай эры. Меркавана, горад Хатра быў узведзены ў III стагоддзі да нашай эры ў складзе дзяржавы Селеўкідаў. У наступным стагоддзі, ужо быўшы сталіцай паўаўтаномнай арабскай дзяржавы ў складзе Парфянскага царства, Хатра дасягнула піка свайго развіцця за кошт размяшчэння на скрыжаванні важных гандлёвых шляхоў.[2]
Умацаванні Хатры складаліся з дзвюх высокіх тоўстых сцен са шматлікімі вежамі. Першая, знешняя, мела 8 кіламетраў у даўжыню і 7 метраў у вышыню, была пабудавана з гліны. Унутраная сцяна была з каменя і мела 9 метраў у вышыню. Перад ёй была выкапаны роў шырынёй 20 — 30 метраў. Уздоўж сцяны, на адлегласці 50 — 60 метраў адна ад адной, размяшчаліся абарончыя вежы; усяго іх было 163. Унутр горада з усіх бакоў вялі 10 брамы, якія мелі добрую ахову. Дзякуючы ўсяму гэтаму Хатра двойчы вытрымлівала аблогу рымскіх войскаў у 116 і 198 гадах.[3]
У цэнтры горада знаходзіўся палацава-храмавы комплекс плошчай каля 30 000 м2. З-за свайго транзітнага размяшчэння горад меў культавыя збудаванні розных вераванняў. Тут былі храмы ў гонар грэчаскага Гермеса, шумерскага бажаства Нергала, арамейскай Атаргатыс, арабскай Алат, асірыйскага бога сонца Шамаша і іншых вярхоўных сутнасцей з розных пантэонаў. Гэта дазволіла гораду стаць важным рэлігійным цэнтрам, так што пэўны час яго нават называлі «Домам Бога».[3]
Аднак у 241 годзе Хатра пала ў выніку аблогі, уладкованай персідскім кіраўніком Шапурам I з дынастыі Сасанідаў. Неўзабаве горад быў разбураны.
Сучаснасць
У 1907—1911 гадах нямецкія археолагі сістэматычна даследавалі руіны і акрузе Хатры. Пачынаючы з другой паловы XX стагоддзя пошукі ў гэтай вобласці пачалі праводзіць іракскія навукоўцы. Старажытны горад лічыўся найбольш добра захаваным помнікам Парфіі, які дэманстраваў веліч цывілізацыі, якая існавала тут.[2]
Уключэнне ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА адбылося ў 1985 годзе.
У ліпені 2014 года баевікі тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламская дзяржава» захапілі горад. У пачатку сакавіка 2015 яны знішчылі руіны старажытнага горада з дапамогай бульдозераў, тлумачачы гэта барацьбой з ідаламі даісламскай эпохі.[4]
Зноскі
- ↑ Хатра у ВСЭ.
- 1 2 Хатра ў Encyclopædia Britannica.
- 1 2 Hathra Архівавана 27 ліпеня 2006.
- ↑ Ірак: як спыніць «культурныя чысткі» з боку «Ісламскага дзяржавы»? euronews, 09.03.2015
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Хатра
- Хатра на сайце ЮНЕСКА.
- Фатаграфія
Катэгорыя·Былыя сталіцы
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.