Подзебрады
По́дзебрады (чэшск.: Poděbrady, ням.: Podiebrad) — курортны горад у Чэхіі. Размешчаны ў Палабскай нізіне на беразе ракі Эльбы, за 50 км ад Прагі (30 хвілін на аўто па магістралі D11). Муніцыпалітэт з пашыранымі паўнамоцтвамі. Знакаміты Подзебрадскім замкам і сваімі мінеральнымі крыніцамі.
Гісторыя
Дзякуючы зручнаму размяшчэнню над ракой і мяккаму клімату, першыя паселішчы на тэрыторыі сучасных Подзебрадаў з’явіліся ў раннім палеаліце, археалагічныя раскопкі пацвярджаюць наяўнасць паселішчаў лужыцкай культуры ў бронзавым веку , і латэнскай культуры ў жалезным веку. Акрамя таго, на гарадской плошчы перад замкам былі выяўлены сляды развітага паселішча рымскай эпохі, рымскія манеты.
Першы ўспамін пра Подзебрады як паселішча датуецца 1224 годам. Праз некаторы час па загадзе караля Пржэмысла Отакара II у Подзебрадах быў пабудаваны замак на вадзе, які стаў ключавой крэпасцю на гандлёвым шляху каля броду цераз Эльбу, т.зв. Кладскі шлях. Пісьмовыя ўспаміны пра гэту крэпасць датуюцца 1268 годам. Назва горада паходзіць ад чэшскага pode brody («каля броду»). Непадалёк існавалі і іншыя буйныя паселішчы — крэпасць Олдржыш, Садска і інш.
Найбольшага росквіту подзебрадскі маёнтак дасягнуў у часы роду паноў з Подзебрадаў, якія атрымалі яго ад Карла IV у так званы «шляхетны лен». Шэсць пакаленняў гэтага роду, з 1345 па 1495 год добраўпарадкоўвалі свой маёнтак. Самай яскравай фігурай гэтага роду быў Іржы з Подзебрадаў, які ў 1458 годзе быў выбраны чэшскім каралём. Гэты выдатны дыпламат, якога часам называюць гусіцкім каралём, стаў першым еўрапейскім палітыкам, які паспрабаваў заснаваць паміжнародную унію еўрапейскіх кіраўнікоў. Па яго загадзе ў 1472 годзе Подзебрады атрымалі статус горада, а таксама важныя правы, прывілеі і гарадскі герб. У часы кіравання Фердынанда I горад атрымаў новае развіццё. Пры сваім наведванні горада ў 1539 годзе імператар ацаніў магчымасці палявання ў наваколлях, а маёнткі, якія знаходзіліся на гэтай тэрыторыі, выкупіў і вырашыў уключыць іх у так званыя маёнткі каралеўскай палаты.
У сярэдзіне XVIII стагоддзя цікавасць да замка праявіла імператрыца Марыя Тэрэзія, па яе распараджэнні ў 1754—1756 гадах у стылі барока быў перабудаваны замак, таксама яна неаднаразова наведвала горад. Да пачатку XIX стагоддзя ўвага каралеўскіх асоб да горада павялічылася.
У часы кіравання Іосіфа II у замку, замест першапачаткова задуманых казармаў, пражывалі толькі афіцэры імператарскай арміі, якія выйшлі на пенсію. Пасля пажараў, якія здарыліся ў 1800 і 1832 гадах, былі разбураны рэшткі брамы, а на месцы крапасной сцяны выраслі новыя вуліцы. Рэнесансная плошча, акружаная да таго часу двухпавярховымі мяшчанскімі дамамі з аркадамі, страціла сваё аблічча.
год
У 1840 годзе Подзебрадскі маёнтак купіў венскі банкір барон фон Сіна. Праз дзесяцігоддзі праўнучка банкіра Харыклея (народжаная князёўна Іпсіланці; 1863—1912) пераехала сюды жыць разам са сваім мужам князем Філіпам Эрнстам Гогенлоэ-Шылінгсфюрстам (1853—1915), сынам германскага канцлера Хлодвіга Гогенлоэ. У замак вярнулася жыццё, а яго развіццё прыносіла выгоду і гораду. Паводле чутак, сяброўскія сувязі князя з прадпрымальнікамі братамі Герхардамі сталі прычынай узнікнення шкляной прамысловасці ў вобласці без сыравіны і традыцыі шкляной вытворчасці.
Гістарычным у жыцці горада стаў 1905 год, калі горад наведаў нямецкі памешчык фон Бюлаў. Гэты вядомы экстрасэнс з дапамогай дубчыка вызначыў ва ўнутраным двары замка месца моцнай крыніцы, якая сапраўды была выяўлена на глыбіні 96,7 м. Адкрыццё мінеральнай вуглякіслай вады прывяло да адкрыцця ў 1908 годзе першага курортнага сезона. Пасля заканчэння Першай сусветнай вайны горад імкліва ператвараўся ў курорт з лячэбніцамі, якія з 1926 года спецыялізуюцца на сардэчна-сасудзістых захворваннях. Курорт набыў вядомасць не толькі ў краіне, але і за мяжой. Немалую ролю ў гэтым адыграў вядомы пражскі кардыёлаг Вацлаў Лібенскі. Развіццё горада падтрымаў Францішак Янда, які распрацаваў план забудовы горада да чыгункі, заснаваў цэнтральны парк.
Да 1960 года Подзебрады былі цэнтрам Подзебрадскага раёна, але ў час адміністрацыйнай рэформы 1960 года[1] і скарачэння колькасці адміністрацыйных адзінак, Подзебрады былі ўключаны ў склад раёна Німбурк, хоць і захавалі шырокую аўтаномію.
Славутасці
- Подзебрадскі замак
- Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі(чэшск.) бел. (1516)
- Марыянскі слуп
- Старая ратуша
- Помнік Іржы з Подзебрадаў(чэшск.) бел. (1896), на галоўнай плошчы перад замкам
-
Будынак Подзебрадскай ГЭС (1923, арх. Антанін Энгель)
- Подзебрадскі замак
- Помнік каралю Іржы з Подзебрадаў
- Марыянскі слуп
- Старая ратуша
- Подзебрадская ГЭС
- Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі
Гарады-пабрацімы
Вядомыя асобы
- Іржы з Подзебрадаў (1420—1471) — кіраўнік Багеміі, кароль Багеміі з 2 сакавіка 1458, першы кіраўнік буйной дзяржавы Заходняй Еўропы, які не вызнаваў каталіцтва ў якасці дзяржаўнай рэлігіі.
- Людвік Куба (1863—1956) — жывапісец, этнограф, фалькларыст, музыкавед, аўтар 15-томнай анталогіі «Славянства ў сваіх песнях» (Slovanstvo ve svých zpěvech).
- Антанін Энгель (1879—1958) — архітэктар і горадабудаўнік, тэарэтык архітэктуры, выкладчык, рэктар Чэшскага тэхнічнага ўніверсітэта (1939 год), аўтар плана развіцця раёна Прагі «Дэйвіцы»[2].
Зноскі
- ↑ Poděbradsko region — Historie správy území Архівавана 1 ліпеня 2007.
- ↑ Macht, Jiří,Tryml, Michal. Praha 6: Prague 6. Praha: Městská část Praha 6; 1994 isbn 80-901388-0-6
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Подзебрады
- Афіцыйны сайт горада Подзебрады (чэшск.)
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.