Пскоўская рэспубліка
Пскоўская рэспубліка, Пскоўскае княства, Пскоўская зямля — сярэднявечная дзяржава, якая існавала ў другой палове XIII — першай палове XVI ст. ва Усходняй Еўропе. Займала тэрыторыю абапал рэк Вялікай і Наровы, цяпер у Пскоўскай вобласці Расіі.
Гісторыя
У VІІ—VIІI стст. тэрыторыю на поўдзень ад Чудскога возера засялілі крывічы, якія кантактавалі з мясцовымі фіна-ўгорскімі плямёнамі. Урэшце склалася асобная група пскоўска-ізборскіх крывічоў. Упершыню пскоўскія крывічы згадваюцца ў «Аповесці мінулых часоў» пад 859 годам. Пад 862 годам летапіс згадвае варага Трувора, што пасяліўся сярод пскоўскіх крывічоў на гарадзішчы, якое па ім звалася Труворавым і дзе пазней узнікае горад Ізборск.
У VІІІ ст. узнікае Пскоў, на высокай гары ў сутоцы рэк Вялікая і Пскава, буйны цэнтр крывіцкіх земляў. Упершыню Пскоў згадваецца пад 903 годам, з Х ст. у складзе Русі, з ХІІ ст. належыць Наўгародскай дзяржаве. У 1240 годзе горад захапілі крыжакі, але праз два гады яго вызвалілі войскі наўгародскага князя Аляксандра Яраславіча.
Вялікі ўнёсак у атрыманні Псковам незалежнасці ад Ноўгарада зрабіў князь Даўмонт, нальшчанскі князь, які ў 1263 годзе забіў Міндоўга і ў 1265 годзе з дружынай у 300 чалавек уцёк у Пскоў, ратуючыся сына Міндоўга — Войшалка. У 1266 годзе Даўмонт ахрысціўся пад імем Цімафей і быў абраны князем. Доўгі час ён ваюе з крыжакамі, а таксама з Полацкам, забівае іншага нальшанскага князя Гердзеня. Пасля смерці Даўмонта кананізавалі, ён лічыцца абаронцам Пскова, а яго меч лічыцца сімвалам незалежнасці.
У часы Гедзіміна Пскоў хацеў канечна вызваліцца ад залежнасці ад Ноўгарада, таму яго адносіны з ВКЛ значна палепшыліся. Актыўна дапамагаў пскоўцам ваявода Гедзіміна, яга гарадзенскі намеснік Давыд. Калі крыжакі ў 1323 годзе аблажылі Пскоў, Давыд адагнаў іх ад горада і знішчыў сценабітныя машыны крыжакоў.
У 1341 годзе пскавічы звярнуліся па падтрымку да Альгерда, ён прыйшоў на дапамогу разам з Кейстутам. Сын Альгерда — Андрэй, стаў пскоўскім князем ў 1342 годзе, андрэевым намеснікам быў таксама літоўкі выхадзец — Юрый Вітаўтавіч. У 1342 годзе пры абароне Пскова ад крыжакоў загінуў сын полацкага князя Воіна — Любка.
У выніку ўдзелу Пскова ў барацьбе супраць Лівонскага ордэна яго ўплыў істотна павялічыўся, што прывяло да фактычнай аўтаноміі. У 1348 годзе пасля падпісання з Ноўгарадам Болатаўскага дагавора, Пскоўская дзяржава канечна стала незалежнай. Аднак духоўная ўлада засталася ў руках наўгародскага архіепіскапа, які здзяйсняў раз на тры гады царкоўны суд.
Пскоўская дзяржава займала тэрыторыю абапал рэк Вялікай і Наровы. З поўдня на поўнач мела даўжыню каля 300 км пры шырыні каля 100 км. Акрамя рэчак, Пскоўская зямля мела і два буйныя возеры — Чудскае і Пскоўскае.
Вышэйшы орган улады — веча, якое выбірала спачатку аднаго, а з 1420 — двух пасаднікаў, канчанскіх стараст і соцкіх. Была таксама рада на чале з запрошаным (наёмным) князем, які кіраваў дружынай і служыў за грошы (корм). Быў і суд — гаспода, у склад якой уваходзілі абіраныя асобы з ліку баяр.
Пскоўскае грамадства складалася з баяр, але не вельмі багатых, купцоў, рамеснікаў і вольных сялян, якіх звалі земцы. Сяляне бедныя бралі зямлю ў арэнду і зваліся ізорнікамі. Халопаў не было.
У XV ст. эканоміка Пскова была на ўздыме. Сяляне вырошчвалі жыта, а таксама пшаніцу, авёс, ячмень. На гародах рэпу, цыбулю і капусту. Актыўна экспартаваўся лён, у асноўным у Лівонію. Развівалася рыбалоўства, вырабляліся вялікія лодкі — уганы. Вядомы і мясцовыя рамеснікі, якія шылі адзенне, апрацоўвалі металы і скуры, выраблялі солад і малолі муку. Пскоўскіх муляроў запрашалі на працу ў іншыя краіны Усходняй Еўропы. У Пскове таксама быў развіты выраб званоў. Развіваўся гандль з суседзямі — Цвярской дзяржавай, Ноўгарадам, Разанню, ВКЛ, з нямецкімі краінамі. З 1424 годзе у Пскове пачалося быццё ўласнай срэбранай манеты з выявай рысі — герба горада.
У XV ст. Пскоў стаў праводзіць прамаскоўскую палітыку і спадзяваўся такім чынам захаваць сваю незалежнасць. Ён падтрымліваў Маскву ў войнах з Ноўгарадам і ВКЛ, асабліва ў час вайны 1500—1503 гадоў. Але гэта не дапамагло псквавічам, 13 студзеня 1510 года маскоўскае войска заняло Пскоў. Быў зняты вечавы звон, 300 самых багатых сямей пскоўскіх баяр і купцоў сасланы.
Да сённяшняга часу захаваліся пскоўскія летапісы XIV—XVII ст. у колькасці 25 спісаў. Найбольш цікавы летапісны збор 1450-1460-х гадоў, які вёўся пры Троіцкім манастыры.
Гл. таксама
Зноскі
Літаратура
- Трусаў А. Пскоўская рэспубліка Архівавана 20 лістапада 2008. // Наша Слова № 27 (662) 14 ліпеня 2004.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Пскоўская рэспубліка
Катэгорыя·Былыя краіны
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.