Рудня (Лагойскі сельсавет)
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Рудня.
Ру́дня — вёска ў Лагойскім раёне Мінскай вобласці, на рацэ Гайна, за 6 км на ўсход ад Лагойска. Уваходзіць у склад Лагойскага сельсавета.
Гісторыя
Расійская імперыя
З 1795 года ў Барысаўскім павеце Мінскай губерні. Паводле рэвізіі ў вёсцы было 15 двароў і 116 жыхароў.
У 1800 годзе у вёсцы працаваў завод металічных вырабаў (даход 171 рубель 43 капейкі срэбрам), які належыў Тышкевічам. На заводзе вырабляліся жалезныя рэчы для ўнутраных патрэб і прадаваліся на мясцовым рынку.
Паводле рэвізіі 1811 года — вёска, 76 душ мужчынскага полу, у складзе маёнтка Лагойск, уласнасць графа І. Тышкевіча. У 1846 годзе — 15 двароў, 156 жыхароў, карчма (даход 400 тыс. срэбрам), належыць графу Канстанціну Тышкевічу. У 1870 годзе вёска, 62 рэвізскія душы мужчынскага полу, у Лагойскай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні, меўся хлебазапасны магазін. Вяскоўцы былі прыхаджанамі Лагойскага праваслаўнага прыхода Свята-Мікалаеўскай царквы. У 1886 годзе сяло, 19 двароў, 156 жыхароў, праваслаўная Свята-Георгіеўская царква на могілках. На пачатку ХХ ст. веска адносілася да Гасцілавіцкай сельскай грамады, у якую ў 1905 годзе ўваходзілі 13 гаспадарак, што мелі 201,9 дзесяцін зямлі. У 1909 годзе — 34 двары, 206 жыхароў, у 1917 годзе — 40 двароў, 243 жыхары.
Найноўшы час
З 20 жніўня 1924 года вёска ў Лагойскім сельсавеце і раёне Мінскай акругі. У 1930 годзе арганізаваны калгас “8 Сакавіка”, працавала кузня. У 1941 годзе 32 двары, 160 жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну гітлераўцы вывезлі ў Германію 3 жыхароў, 11 вяскоўцаў загінулі на фронце, 23 у партызанскай барацьбе. У 1969 годзе 40 двароў 126 жыхароў. У 2003 годзе 23 двары, 51 жыхар.
Помнікі архітэктуры
Страчаная спадчына
Свята-Георгіеўская царква
Свята-Георгіеўская царква была пабудавана ў XIX ст. Размяшчалася на могілках. Была прыпісана да Лагойскай Свята-Мікалаеўскай царквы. Помнік народнага драўлянага дойлідства. Царква была пабудавана прамавугольным зрубам на падмурку (4 х 3,5 х 2,5 сажня). Над гонтавым дахам узвышаўся купал, сцены чляніліся 3 вокнамі і аднымі дзвярамі. Над уваходным ганкам была ўстаноўлена 4-слуповая званіца. Ад царквы застаўся толькі каменны падмурак.
Літаратура
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна. У 2 кнігах.Кн. 1-я. — Мн.: 2003.
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Лагойскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.