Сакулка
Саку́лка (польск.: Sokółka, традыцыйная беларуская назва — Сако́лка) — горад у Польшчы, адміністрацыйны цэнтр Сакульскага павета Падляскага ваяводства. Сядзіба вяскова-гарадской гміны Сакулка.
Знаходзіцца на паўночны ўсход ад Беластока, на рацэ Саколда, за 16 км ад беларуска-польскай граніцы, ля заходняй мяжы этнічнай тэрыторыі беларусаў. Насельніцтва 22 081 чал. (2009).
Праз горад праходзіць аўтамабільная дарога М19 (Беласток — Жэшаў). Чыгуначная станцыя на лініі Варшава — Гродна.
Гісторыя
Першы пісьмовы ўспамін пра Саколку (Сухолду) датуецца 1524 годам, калі вялікі князь Жыгімонт надаў сваёй жонцы Боне Гарадзенскую пушчу[1]. У 1-й палове XVI ст.: тут існаваў вялікакняжацкі паляўнічы двор. З XVI ст. ў Гарадзенскім павеце Троцкага ваяводства. У 1565 годзе ў Саколцы збудавалі драўляны касцёл. З канца XVI ст. ў Гарадзенскай эканоміі.
10 студзеня 1609 года Саколка атрымала Магдэбургскае права. У 1679 годзе ў ваколіцах Саколкі пачалі сяліцца ваенныя-татары.
У 2-й палове XVIII ст. Антоні Тызенгаўз пасяліў у Саколцы рамеснікаў, разбудаваў мястэчка. З 1793 года цэнтр Саколкаўскага павета Гарадзенскага ваяводства. У час паўстання Т. Касцюшкі ў 1794 годзе была месцам збору паўстанцаў Гарадзеншчыны.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай ў 1795 годзе ўвайшла ў склад Прусіі, а з 1807 — у Расійскай імперыі; цэнтр павета. З 1842 года ў Гродзенскай губерні. 28 лютага 1861: з’явіўся праект гарадскага герба «ў залатым полі трохчацвяртная выява рыцара з уздзетым угору палашом».[2]
У 1921 годзе паводле ўмоў Рыжскага мірнага дагавора, апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі.
З лістапада 1939 года ў складзе Беларускай ССР. З 1940 года цэнтр Саколкаўскага раёна Беластоцкай вобласці. У 1941—1944 гадах знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.
16 жніўня 1945: улады СССР перадалі Саколку Польскай Народнай Рэспубліцы.
Эканоміка
Прадпрыемствы дрэваапрацоўчай, харчовай прамысловасці. Чыгуначны вузел.
Насельніцтва
- 1867 — 3814 чал.
- 1878 — 3431 чал. (1648 муж. і 1783 жан.), у тым ліку 411 праваслаўных, 1433 каталікі, 18 евангелістаў, 1543 юдаісты і 26 магаметанаў.[3]
- 1945 — 4879 чал.[4]
- 2004 — 19 037 чал.
- 2009 — 22 081 чал.
Славутасці
- Гістарычная забудова горада кан. XIX — пач. XX стст.
- Капліца Св. Пакутніцы П. Кунцэвіч (1900)
- Касцёл Св. Антонія (1848, 1901—1904)
- Могілкі яўрэйскія (XVIII ст.), праваслаўныя (даўнія каталіцкія, XIX ст.)
- Царква Св. Аляксандра Неўскага (1850—1853)
Страчаная спадчына
-
Сінагога
- Касцёл Св. Антонія
- Касцёльная брама
- Царква Св. Аляксандра Неўскага
- Каплічка
- Шыльда, прысвечаная Антонію Тызенгаўзу на сцяне земскага музея
- Гістарычная забудова мястэчка
- Драўляная хата пад гонтавым дахам
- Помнік у гонар пасялення ў Саколцы татараў
Гарады-пабрацімы
Вядомыя асобы
- Язэп Дашута (1890—1966), каталіцкі святар, манах-марыянін, грамадскі і культурны дзеяч, педагог
- Антон Лявош (1896—1975) — беларускі рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч.
- Віталь Сарасек (1945—2012) — мастак[5]
- Ян Тарасевіч (1893—1961), кампазітар, піяніст, педагог
- Гаўрыіл (Гіба) (1962—2018) — архімандрыт.
Зноскі
- ↑ ЭнцВКЛ, 2010
- ↑ Саколка // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998.— 287 с. ISBN 985-07-0131-5.
- ↑ Sokółka // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880. S. 26
- ↑ Dorota Biziuk. Sokółka. 400-lecie miasta. — Białystok: BUK, 2009. ISBN 978-83-61128-35-9. — S. 15.
- ↑ Tichoniuk A. Witalis Sarosiek — Sokólski Bruegel, Hajnowka.pl, 8.10.2014.http://www.hajnowka.pl/miasto-i-okolice/aktualnosci/84-kultura-i-sztuka/6955-witalis-sarosiek-sokolski-breugel.html.
Літаратура
- Саколка // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — Т. 3: Дадатак. А — Я. — С. 390. — 696 с. — ISBN 978-985-11-0487-7 (т. 3), ISBN 985-11-0315-2.
- Саколка // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998.— 287 с. ISBN 985-07-0131-5.
- Sokółka // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880. S. 26—28
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Сакулка
- Саколка на Radzima.org
Катэгорыя·Населеныя пункты Сакульскага павета Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.