Самара (Ірак)
У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Самара (значэнні).
Сама́ра[1] (араб. سامراء) — горад у Іраку, на ўсходнім беразе ракі Тыгр, у 125 км на поўнач ад Багдада. Станам на 2002 год, яго насельніцтва складала 201 700 жыхароў. Горад працягнуўся на 41,5 км уздоўж берага Тыгра; з поўначы, усходу і поўдня замест сцен яго абараняюць старажытныя ірыгацыйныя каналы. Назва Самары паходзіць ад арабскай фразы, якая азначае «радасць таму, хто глядзіць».
Гісторыя
Зямля Самары заселена людзьмі са старажытнасці: сярод руін знаходзяць такія, якія адносяцца да V тысячагоддзя да н.э. Самарская культура з’яўляецца продкам убайдскай культуры. Гарадское паселішча, аднак, узнікла тут значна пазней. Першым з манархаў аблюбаваў гэта месца Хасроў I Анушырван, які пабудаваў у наваколлях паляўнічы замак. У 833 годзе на месцы старажытнага даісламскага паселішча ўзнік новы горад. У 836 годзе пры халіфе аль-Му`тасіме ібн Харуне мамлюкі (цюркскія салдаты-рабы халіфата Абасідаў) справакавалі паўстанне ў Багдадзе, якое вымусіла халіфа перабрацца на поўнач. Пазней цюркскія салдаты сталі самі ўзводзіць на прастол новых халіфаў, што прывяло да «анархіі ў Самары». Самара заставалася сталіцай ісламскага свету да 892 года, калі халіф аль-Мутамід перанёс сталіцу халіфата назад у Багдад.
Самара лічыцца свяшчэнным горадам шыітаў у сувязі з тым, што ў залатаверхай мячэці Аскарыя пахаваны рэшткі дзвюх імамаў Аскары.
Помнікі
Гл. таксама: Вялікая мячэць у Самары і Мячэць Аскарыя Пераемнік аль-Му`тасіма, халіф аль-Васік узвёў у Самары Вялікую мячэць з яе знакамітым мінарэтам у відзе спіралі вышынёй 52 м і шырынёй 33 м. На той момант гэта было самае буйное збудаванне ісламскага свету. Ад сталіцы халіфата захавалася ў больш-менш пашкоджаным стане вялікая колькасць помнікаў, уключаючы два палацы, плошчай 125 і 211 гектара, — найбуйнейшыя палацавыя збудаванні ў гісторыі ісламскай архітэктуры.
Архітэктурныя помнікі эпохі Абасідаў (руіны сарака двух палацаў, чатыры саборныя мячэці, маўзалей трох халіфаў, рэшткі закінутага паўночнага горада ў форме васьмівугольніка) з’яўляюцца аб’ектамі Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Толькі нешматлікія з іх былі аб’ектамі раскопак, пачатак якім паклалі нямецкія археолагі ў 1911 годзе.
Зноскі
Літаратура
- Самара // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 14: Рэле — Слаявіна. — С. 132. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14), ISBN 985-11-0035-8.
Спасылкі
- Самара. Даныя кансультацыйнага цэнтра
- В. В. Бартальд. Культура мусульманства. Багдад і далейшае культурнае жыццё арабаў
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.