wd wp Пошук:

Багдад

Багдад (араб. بغداد‎‎, з персідскай перакладаецца як «Дар Бога», дзе «bag» — «Бог», а «dād» — «Дар») — сталіца Ірака, адміністрацыйны цэнтр мухафазы Багдад. Насельніцтва Багдада ў 2011 годзе складала каля 7 216 040 чалавек. Гэта самы вялікі горад у Іраку[3], другі па велічыні горад у арабскім свеце пасля Каіра і другі па велічыні горад у Заходняй Азіі пасля Тэгерана.

Размешчаны на беразе ракі Тыгр каля ўпадзення ракі Дыяла, горад быў заснаваны ў 762 годзе і стаў сталіцай халіфата Абасідаў. Першапачатковая назва горада — Мадынат ас-Салам («Горад Спакою») шырока не ўжывалася, і горад атрымаў сучасную назву ад размешчанай паблізу вёскі. На працягу кароткага часу ад яго стварэння, Багдад ператварыўся ў значны культурны, камерцыйны і інтэлектуальны цэнтр ісламскага свету. У дадатак да размяшчэння тут некалькіх выдатных навуковых устаноў, як «Дом Мудрасці», атрымаў горад рэпутацыю «Цэнтра навучання». На працягу Сярэднявечча, Багдад лічыўся самым вялікім горадам у свеце з насельніцтвам у 1,2 мільёнаў чалавек[4]. Горад быў разбураны і спалены, калі знаходзіўся пад уладай Мангольскай імперыі ў 1258 годзе, у выніку чаго ён затрымаўся ў сваім развіцці на некалькі стагоддзяў, пакутуючы ад шматлікіх эпідэмій. З прызнаннем Ірака як незалежнай дзяржавы (раней існаваў брытанскі мандат у Месапатаміі) у 1938 годзе Багдад паступова аднавіў сваю вядомасць як важны цэнтр арабскай культуры.

У сучасных умовах горад часта сутыкаецца з сур’ёзнымі інфраструктурнымі пашкоджаннямі, у апошні час з-за амерыканскага ўварвання ў Ірак у 2003 годзе і далейшай вайны, якая доўжылася да 2010 года. У горадзе досыць часта адбываюцца тэрарыстычныя акты.

Назва

Ёсць некалькі версій паходжання назвы. Найменне «Баград» згадвалася ў асірыйскіх клінапісных запісах дзявятага стагоддзя да нашай эры і на вавілонскіх цаглінах, адзначаных пячаткай цара Навухаданосара (VI стагоддзе да н.э.)[5].

Значэнне паселішча Багдад рэзка ўзрасло з часу яго заснавання халіфам Абу Джафар аль-Мансурам. Халіф абраў назву Мадынат аль-Салаам, што ў перакладзе з арабскай азначае «горад міру». Гэта была афіцыйна назва, яе чаканілі на манетах і выкарыстоўвалі ў іншых афіцыйных мэтах, хоць большасць людзей працягвала выкарыстоўваць старую назву[6][7]. К XI стагоддзю «Багдад» стаў амаль адзінай назвай сусветна вядомага мегаполіса.

Найбольш распаўсюджаная версія паходжання назвы — з сярэднеперсідскай мовы[8][9][10][11][12][13][14] ад слоў bhaga — «бог» і dād — «дадзены», г.зн. перакладаецца як «божы дар» ці «богам дадзены». Гэта, у сваю чаргу, прасочваецца і ў старажытнай персідскай мове[15]. Менш распаўсюджаная версія гаворыць, што слова ўтворана ад спалучэння слоў bāgh — «сад» і dād — «дадзены», і перакладаецца як «падораны сад», «дадзены сад»[6][16].

Гісторыя

Невялікія паселішчы на ​​тэрыторыі сучаснай іракскай сталіцы, паводле сведчанняў гісторыкаў, існавалі ўжо ў XIXXVIII стагоддзях да нашай эры. Багдад быў заснаваны на заходнім беразе ракі Тыгр 30 ліпеня 762 года[17]. Будаўніцтва гэтага горада, першапачаткова сталіцы дзяржавы Абасідаў, пачалося паводле распараджэння халіфа Абу Джафар аль-Мансура. Першая назва, дадзеная гораду, Мадына-аль-Мудавара, што ў перакладзе азначае «горад-кола» і звязана з яго планіроўкай, якая мае і па гэты дзень акруглую форму. Пасля заканчэння будаўніцтва заснавальнік горада назваў яго «горадам свету», у арабскім варыянце — Мадынат ас-Салам. Аднак пасля за іракскай сталіцай замацавалася назва, якую яна носіць і цяпер, яна перакладаецца са старажытнаперсідскай прыкладна як «богам дадзены» ці «божы дар».

У IXX стагоддзях Багдад ператварыўся ў найбольш буйны культурны і эканамічны цэнтр Блізкага Усходу. Тут даволі хутка і паспяхова развіваліся рамесная вытворчасць і гандаль з іншымі краінамі. У Багдад паступалі розныя прадукты і дарагія тавары з Аравіі, Індыі і далёкіх еўрапейскіх дзяржаў. У гістарычных дакументах, складзеных арабскім навукоўцам Ібн Хардадбехам у канцы IX стагоддзя, упаміналася пра гандлёвыя сувязі горада з купцамі ар-Рус. У перыяд панавання Абасідаў Багдад з’яўляўся сталіцай Арабскага халіфата.

Пасля распаду дзяржавы Абасідаў палітычная і адміністрацыйная роля горада значна ўпала, аднак яго культурнае значэнне па-ранейшаму заставалася вельмі важным для ўсіх арабскіх краін. Багдад хутка набыў статус буйнога навуковага цэнтра: яшчэ ў пачатку XIII стагоддзя тут адкрылася больш за 30 бібліятэк. У 945 годзе горад увайшоў у склад уладанняў дынастыі Буідаў, з 1055 года Багдад знаходзіўся на тэрыторыі дзяржавы сельджукаў, а ў 1258 годзе ў Багдад уварваліся мангольскія войскі, амаль цалкам разбурыўшыя яго.

У канцы XIV стагоддзя, а затым на пачатку XV стагоддзя Багдад падвергся нашэсцю войскаў Тамерлана, у выніку чаго шматлікія гарадскія пабудовы былі знішчаны, а каштоўнасці разрабаваны[18]. У XVI стагоддзі Багдадам валодалі турэцкія, затым персідскія войскі, а ў XVII стагоддзі на горад зноў напалі туркі. У 1638 годзе Багдад быў далучаны да тэрыторыі Асманскай імперыі, у складзе якой знаходзіўся да 1917 года. У 1917 годзе ў горад уварваліся войскі Вялікабрытаніі і акупавалі яго тэрыторыю. У 1920 годзе англічане, дабіўшыся эканамічнага панавання ў Іраку, абвясцілі Багдад адміністрацыйным цэнтрам падмандатнай тэрыторыі, а ў 1921 годзе, пасля прызнання суверэнітэту дзяржавы, Багдад стаў сталіцай каралеўства Ірак. У 1923 годзе ў горадзе быў створаны Іракскі музей, у якім размясціліся галоўным чынам буйныя археалагічныя калекцыі — помнікі гісторыі і культуры Старажытнага Вавілона і Асірыі, прадметы мастацтва, выяўленыя на тэрыторыі Парфянскага царства, дзяржавы Сасанідаў і іншыя каштоўныя рэчы.

У 1941 годзе ў становішчы проціборства паміж пранацысцкіх і прабрытанскіх сіл у горадзе на кароткі час узнік вакуум улады. У гэтай абстаноўцы адбыўся крывавы пагром, вядомы пад назвай Фархуд, у час якога загінула не менш за 175 яўрэяў і былі спалены многія дамы. Пагром стаў ускоснай прычынай масавага выезду яўрэяў з Ірака адразу ж пасля вайны.

У 19401950 гадоў у горадзе шмат разоў праходзілі масавыя народныя выступленні супраць імперыялістычнай дзяржаўнай палітыкі, мацаваўся нацыянальна-вызваленчы рух, да якога далучыліся тысячы жыхароў сталіцы. Самыя шматлікія народныя хваляванні мелі месца ў Багдадзе ў 1948, 1949, 1952 і 1954 гадах. Рэвалюцыйныя падзеі, якія развярнуліся ў Іраку ў сярэдзіне 1950-х гадах, прывялі да скасавання манархічнай улады і стварэння ў ліпені 1958 года незалежнай Іракскай Рэспублікі, сталіцай якой быў абвешчаны Багдад. У канцы 1960-х — пачатку 1970-х гадах у горадзе была праведзена нацыяналізацыя ўсіх прамысловых прадпрыемстваў, за выключэннем нафтавых. У 19801990-х гадах у выніку ваенных канфліктаў у Персідскім заліве (спачатку паміж Іракам і Іранам, а пасля паміж Іракам і Кувейтам) гаспадарча-эканамічная дзейнасць у сталіцы была ўскладнена.

XXI стагоддзе

Карта горада ў 2003 годзе

У 2002 годзе ўзнікла пагроза ўварвання ў Ірак войскаў ЗША, таму іракскія ўлады далі дазвол на праверку міжнароднай камісіяй наяўнасці зброі масавага паражэння на тэрыторыі Ірака. Намаганні міжнароднай дыпламатыі былі накіраваны на тое, каб не дапусціць пачатку ваенных дзеяннняў паміж ЗША і Іракам, бо за мірнае ўрэгуляванне канфлікту выступалі Расійская Федэрацыя, Кітай, Германія, Францыя, Аўстралія і іншыя краіны, аднак у сакавіку 2003 года амерыканскія і брытанскія войскі прыступілі да бамбардзіроўкі іракскіх тэрыторый, а ў красавіку таго ж года Багдад быў заняты пяхотнымі і танкавымі часцямі армій ЗША, пасля ў горад увайшлі часці і некаторых іншых краін.

Паводле паведамленняў міжнароднай прэсы ў акупаванай іракскай сталіцы панавалі анархія і беспрацоўе, мяшчане часта баяліся пакідаць сваё жыллё, а многія засталіся без прытулку ў выніку авіяцыйных бамбардзіровак. У маі 2003 года ў горадзе адбылася буйная маніфестацыя мусульман-шыітаў, накіраваная супраць дзеянняў ЗША і іх саюзнікаў у Іраку. У цяперашні час у сталіцы, як і ва ўсім Іраку, праводзяцца меры па аднаўленні разбуранай сталіцы, і горад паступова забудоўваецца зноў.

Клімат

Горад размешчаны на шырокай раўніне, якая падзяляецца напалову ракой Тыгр, усходняя частка называецца Рыфіса, а заходняя вядома як Карх. Зямля, на якой размяшчаецца горад, амаль цалкам з’яўляецца плоскай і нізіннай, алювіяльнага паходжання ў сувязі з перыядычнымі буйнымі паводкамі, якія адбываюцца на рацэ. Натуральная расліннасць прадстаўлена ў асноўным тамарыксам, фінікавай пальмай, а ў прыбярэжнай зоне — саланчаковай травой, чаротам, трыснягом, вярбой. Ля берагоў ракі Тыгр будуюць гнёзды вадаплаўныя птушкі, у прыватнасці качкі, чаплі, пеліканы, гусі, у рачных водах водзяцца прамысловыя рыбы, як карп, сом і іншыя. У наваколлях сталіцы сустракаюцца дробныя грызуны і вараны, а таксама шмат шкодных насякомых, асабліва маскітаў і камароў, якія з’яўляюцца пераносчыкамі малярыі.

Багдад мае гібрыдны пустыны клімат, таму можа быць класіфікаваны як засушлівы і субтрапічны, і з’яўляецца, па максімальнай тэмпературы, адным з самых гарачых гарадоў у свеце. Летам з чэрвеня па жнівень, сярэдняя максімальная тэмпература дасягае + 44 °C у суправаджэнні з пякучым сонцам: ападкі амаль адсутнічаюць у гэту пару. Тэмпературы вышэй за + 50 °C у цені не рэдкасць, і нават ноччу тэмпература летам рэдка бывае ніжэйшай за + 24 °C. З-за таго, што вільготнасць вельмі нізкая (звычайна да 10 %) і з-за аддаленасці Багдада ад балоцістага Персідскага заліва, назіраюцца пыльныя буры з пустыні ў бок захаду, што з’яўляецца нармальнай з’явай на працягу лета. Зіма мяккая, і часта суправаджаецца цёплымі днямі і зменлівымі начамі. Са снежня па люты, Багдад мае максімальную сярэднюю тэмпературу ад + 15,5 да + 18,5 °C, максімумаў вышэй за + 21 °C амаль не бывае. Тэмпературы могуць быць даволі нізкімі. Мінімальная сярэдняя тэмпература ў студзені складае + 3,8 °C, але мінімумы ніжэй за нуль могуць назірацца некалькі разоў на год.

Гадавая колькасць ападкаў, якія бываюць практычна толькі ў перыяд з лістапада па сакавік, у сярэднім складае каля 120 мм, але можа дасягаць 575 мм, ці наадварот быць ніжэйшай да 23 мм. 11 студзеня 2008 года, невялікі снег выпаў у Багдадзе ў першы раз за часы назірання за надвор’ем[19].

Клімат Багдада
Паказчык Сту Лют Сак Кра Май Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сне Год
Абсалютны максімум, °C 23 28 31 37 43 48 50 47 47 40 32 24 50
Сярэдні максімум, °C 14 17 22 28 35 40 43 42 39 32 23 16 30
Сярэдняя тэмпература, °C 8 12 16 22 27 32 34 33 30 24 16 11 22
Сярэдні мінімум, °C 3 6 10 15 20 23 25 23 21 15 8 5 15
Абсалютны мінімум, °C −3 −3 −1 6 10 17 16 17 12 3 −2 −3 −3
Крыніца: Weatherbase

Адміністрацыйны падзел

Мост цераз Тыгр і гарадскія забудовы

Горад падзяляецца на 89 афіцыйных раёнаў і 9 акруг. Гэтае афіцыйнае падраздзяленне служыла толькі дзеля размеркавання пастаўкі камунальных паслуг, але да 2003 года ні адзін з раёнаў не меў палітычных функцый. Пачынаючы з красавіка 2003 года ЗША і падкантрольная ёй часовая адміністрацыя пачалі працэс стварэння новых функцый для іх. Працэс першапачаткова быў арыентаваны на правядзенне выбараў у саветы раёнаў горада.

Часовы ўрад склікаў шэраг сустрэч у кожным раёне, каб растлумачыць, што такое мясцовае самакіраванне, і як праходзіць працэс выбараў і сходаў. Пасля некалькіх пасяджэнняў былі вылучаны кандыдаты на мясцовыя выбары, якія пасля выбараў склалі раённыя органы самакіравання. Пасля гэтага, кожны раённы савет вылучыў прадстаўнікоў для ўтварэння акружных органаў, у залежнасці ад працэнта насельніцтва раёна, а тыя ў сваю чаргу абралі 37 членаў багдадскага гарадскога савета. Гэтая трохузроўневая сістэма мясцовага самакіравання звязвае жыхароў Багдада з цэнтральным урадам праз сваіх прадстаўнікоў ад раёна, а тыя ў сваю чаргу, праз прадстаўнікоў у гарадскім савеце.

Той жа самы працэс быў выкарыстаны для атрымання прадстаўнічых саветаў для іншых супольнасцей у правінцыі Багдад за межамі самога горада. Там, мясцовыя саветы былі абраны ў 20 раёнах, і гэтыя саветы абралі сваіх прадстаўнікоў для працы ў 6 раённых саветах. Як і ў горадзе, раённыя саветы абралі сваіх прадстаўнікоў з ліку сваіх членаў у склад багдадскага абласнога савета.

Насельніцтва

Колькасць насельніцтва Багдада к пачатку ваенных дзеянняў з ЗША ў 2003 годзе складала звыш 5,1 млн чалавек. Аднак у выніку гібелі часткі жыхароў горада, а таксама эміграцыі багдадцаў у іншыя гарады краіны і за яе межы, колькасць гарадскога насельніцтва значна зменшылася, дакладных дадзеных на цяперашні момант няма. Нацыянальны склад насельніцтва горада прадстаўлены ў асноўным арабамі (75 %), а таксама курдамі, туркамі, асірыйцамі, армянамі, яўрэямі, іракскімі туркменамі і іншымі. Дзяржаўнай мовай з’яўляецца арабская, шырокае распаўсюджванне мае і курдская мова, якая атрымала статус афіцыйнай. Сярод вернікаў Багдада пераважаюць мусульмане шыіцкага і суніцкага кірункаў (звыш 90 %), маецца нязначная частка прыхільнікаў хрысціянства і іўдзейства.

Культура

Багдад заўсёды іграў важную ролю ў арабскім культурным жыцці і быў домам вядомых пісьменнікаў, музыкантаў і мастакоў. Вядомыя арабскія паэты і спевакі, як Нізар Кабані, Ум Кульсум, Файруз, Салах аль-Хамдані, Ільхам аль-Maдфаі і іншыя пісалі выдатныя вершы і спявалі для Багдада. У горадзе размаўляюць на дыялекце арабскай мовы, які сёння адрозніваецца ад гаворак іншых значных гарадскіх цэнтраў у Іраку і мае агульныя рысы з гаворкамі качавых арабскіх плямён. Цалкам магчыма, што гэта было выклікана засяленнем горада сельскімі жыхарамі пасля некалькіх разбурэнняў і вынішчэнняў у познім сярэднявеччы.

Грамадскія ўстановы

Іракскі нацыянальны аркестр
Танцоры іракскага нацыянальнага тэатра балета

Некаторыя з важных культурных устаноў у горадзе ўключаюць у сябе:

  • Іракскі нацыянальны аркестр, рэпетыцыі і выступленні якога былі на некаторы час перапынены ў час другой вайны ў Персідскім заліве, але з тых часоў вярнуліся ў нармальнае рэчышча.
  • Нацыянальны тэатр Ірака — тэатр быў разрабаваны ў час уварвання ў 2003 годзе ў Ірак, але робяцца намаганні па аднаўленню тэатра.

Жыццё тэатра ў горадзе атрымала новы імпульс у 1990-х, калі санкцыі ААН абмежавалі імпарт замежных фільмаў. Цэлых 30 кінатэатраў, як паведамлялася, былі ператвораны ў тэатры, якія прадстаўлялі шырокі спектр камедый і драматычных пастановак[20]. Культурныя ўстановы ўключаюць у сябе акадэміі музыкі, інстытут выяўленчых мастацтваў і школу музыкі і балета Багдада. Багдад таксама з’яўляецца домам для шэрага музеяў, у якіх размешчаны артэфакты і рэліквіі старажытных цывілізацый, многія з якіх былі скрадзены, а музеі разрабаваныя, у час шырокага хаосу адразу пасля таго, як амерыканскія войскі ўвайшлі ў горад.

Гарады-пабрацімы

Гл. таксама

Зноскі

  1. Багдад // Большая Советская Энциклопедия, том 4: Атоллы — Барщина — 1926. — Т. 4. — С. 302–303.
  2. World Gazetteer: Bevölkerungszahlen der Stadt
  3. «Cities and urban areas in Iraq with population over 100,000». Mongabay.com
  4. George Modelski, «World Cities: −3000 to 2000», Washington, D.C.: FAROS 2000, 2003. ISBN 978-0-9676230-1-6
  5. Baghdad, Iraq (нявызн.) (недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 19 студзеня 2013. Праверана 11 студзеня 2013.
  6. 1 2 ما معنى اسم مدينة بغداد ومن سماه ؟ (нявызн.) (недаступная спасылка). Seenjeem.maktoob.com. Архівавана з першакрыніцы 14 студзеня 2013. Праверана 27 красавіка 2010.
  7. ما معنى (بغداد)؟ - تمت الإجابة عنه — Google إجابات (нявызн.) (недаступная спасылка). Egabat.google.com. Архівавана з першакрыніцы 14 студзеня 2013. Праверана 27 красавіка 2010.
  8. 3 civilians wounded in IED attack in Baghdad Iraq (нявызн.) (недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 14 студзеня 2013. Праверана 11 студзеня 2013.
  9. Baghdad, Iraq (нявызн.) (недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 22 верасня 2012. Праверана 11 студзеня 2013.
  10. Persian Gulf Studies Center (нявызн.) (недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 4 студзеня 2013. Праверана 11 студзеня 2013.
  11. Baghdad in Islamic History (нявызн.) (недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 20 студзеня 2013. Праверана 11 студзеня 2013.
  12. BAGHDAD i. Before the Mongol Invasion — Encyclopaedia Iranica (нявызн.) (недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 25 лютага 2013. Праверана 11 студзеня 2013.
  13. (англ.)  (англ.)  Baghdad name
  14. (англ.)  Baghdad name
  15. Guy Le Strange, «Baghdad During the Abbasid Caliphate from Contemporary Arabic and Persian», стр. 10
  16. (ар.) ما معنى (بغداد)؟ - تمت الإجابة عنه - Google إجابات (нявызн.) (недаступная спасылка). Egabat.google.com. Архівавана з першакрыніцы 14 студзеня 2013. Праверана 27 красавіка 2010.
  17. Times History of the World. London: Times Books. 2000.
  18. Ian Frazier, «Annals of history: Invaders: Destroying Baghdad», The New Yorker 25 April 2005. p.5
  19. «Afp.google.com, First snow for 100 years falls on Baghdad» Архівавана 29 верасня 2010.. Afp.google.com.
  20. «In Baghdad, Art Thrives As War Hovers» Архівавана 27 чэрвеня 2010.. Commondreams.org.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be