Семятычы
Семяты́чы[2] (польск.: Siemiatycze, традыцыйная беларуская назва — Сямя́цічы) — горад у Польшчы, адміністрацыйны цэнтр Семятыцкага павета Падляскага ваяводства. Утварае гарадскую гміну, таксама з’яўляецца сядзібай вясковай гміны Семятычы.
Размешчаны на поўдзень ад Беластока, на Драгічынскім узвышшы, на рацэ Каменка (правы прыток Буга), ля паўднёва-заходняй мяжы этнічнай тэрыторыі беларусаў. Колькасць насельніцтва — 14,7 тыс. чал. (2015). Прадпрыемствы харчовай прамысловасці, вытворчасць будаўнічых матэрыялаў.
Гісторыя
У 1542 годзе горад атрымаў магдэбургскае права. Вялікую шкоду нанесла гораду Трынаццацігадовая вайна. У 1750 Сямяцічы перайшлі ва ўладанне княгіні Ганны Ябланоўскай. Заняпалае мястэчка пад яе панаваннем пераўтварылася ў значны гандлёвы і культурны цэнтр. За ўласны кошт Ябланоўская пабудавала тут і ўтрымлівала раддом для сялянак, акушэрскую школу ды багадзельню. Акрамя гэтага, княгіня пабудавала ў Сямяцічах неіснуючыя ўжо ратушу і друкарню. Менавіта ў гэтай друкарні на працягу 1783-1785 гадоў княгіня Ябланоўская выдавала напісаны ёю шматтомны эканамічны трактат «Усеагульныя пастановы для кіраўнікоў маіх маёнткаў» (па-польску: Ustawy powszechne dla dóbr moich rządców), які выклікаў вялікую цікавасць у краіне і хутка быў перадрукаваны ў Варшаве[3].
У 1777 княгіня пачала будаваць у Сямяцічах сваю сядзібу. Ганна Ябланоўская была вядомая як калекцыянерка, у яе палацы знаходзіліся, між іншым, багатыя батанічная і заалагічная калекцыі, велізарная калекцыя манет і медалёў, а таксама мінералагічны музей (які на той час быў адным з найлепшых у Еўропе). У сямятыцкі палац княгіні з’яжджаліся знатныя госцi, у тым ліку кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, Станіслаў Сташыц, Гуга Калантай[4].
У 1795 годзе горад ўвайшоў у склад Прусіі. Пасля 1807 года паводле Тыльзіцкага мірнага дагавора быў уключаны ў склад Расійскай імперыі. У 1931 годзе ў горадзе жыло амаль 7000 жыхароў (65 % насельніцтва складалі яўрэі, 26 % — палякі, 8 % — беларусы). У час Другой Сусветнай вайны быў часткай Беларускай ССР. З 1941 года акупаваны нямецкімі войскамі, якія нішчаць яўрэйскае насельніцтва горада. Пасля вызвалення ў горадзе жыло толькі 3000 жыхароў. У 1975—1998 гадах Семятычы знаходзіліся ў складзе Беластоцкага ваяводства.
Паводле стану на 1 студзеня 2015 у горадзе пражывала 14 725 жыхароў, сярод якіх 30-40 % праваслаўныя. Дзейнічаюць дзве праваслаўныя царквы, і два каталіцкія касцёлы. У Семятычах і ваколіцах горада акрамя палякаў жывуць беларусы. У 10 кіламетрах ад горада знаходзіцца Святая Гара Грабарка, важны рэлігійны цэнтр праваслаўя.
Вядомыя асобы
Зноскі
- ↑ Powierzchnia i ludność w przekroju terytorialnym w 2015 roku / Warszawa: Główny Urząd Statystyczny, 2015. С. 124
- ↑ Напісанне ў адпаведнасці з ТКП 236-2010 (03150) «Спосабы і правілы перадачы геаграфічных назваў і тэрмінаў Рэспублікі Польшча на беларускую мову». Гл. польска-беларускую практычную транскрыпцыю.
- ↑
- Жанчыны, найбольш знакамітыя ў гісторыі Беларусі / Ірына Масляніцына, Мікола Багадзяж - Мінск, 2008. ISBN 978-985-6802-28-0.
- ↑ Józef Maroszek. Siemiatycze jako ośrodek dóbr ziemskich w XV-XVIII w. // Studia i materiały do dziejów Siemiatycz / рэд. Henryk Majecki — Warszawa: Państwowe Wydawnictwo Naukowe, 1989. С. 29-41
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Семятычы
- Афіцыйная старонка Архівавана 22 ліпеня 2009.
Катэгорыя·Населеныя пункты Семятыцкага павета Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.