Слаўскэ
Слаўскае ці Слаўскэ[1] (укр.: Славське) — пасёлак у Сколіўскім раёне Львоўскай вобласці Украіны. Цэнтр пасялковай аб’яднанай тэрытарыяльнай абшчыны. Вядомы цэнтр гарналыжнага турызму ў Карпатах.
Геаграфія
Пасёлак размешчаны глыбока ва Украінскіх Карпатах за 28 км ад горада Сколэ, у маляўнічай даліне ракі Опір і яе правага прытоку Слаўка, сярод пакрытых лясамі і лугамі храбтоў Бяскідаў і Гарганаў, на схілах гор Трасцян (1235 м над узроўнем мора), Ільзы (1066 м), Пісанай або Даўбушанкі (1236 м), Мянчэла (1014 м), якія атачаюць пасёлак з усіх бакоў. На поўнач ад пасёлка узвышаецца гара Клыва (1069 м).
Гісторыя
На тэрыторыі мястэчка знойдзены крэмневыя прылады эпохі неаліту. Першыя пасяленцы на тэрыторыі мястэчка з’явіліся каля 10 стагоддзя. Слаўскае — старадаўняе мястэчка, размешчанае па старажытным шляху з Галіча у Венгрыю.
Што ж тычыцца паходжання назвы мястэчка і ракі Слаўка, найбольш верагодна, што яна паходзіць ад мянушкі «слаўныя», якое атрымалі мясцовыя жыхары за іх удзел у паходах князя Святаслава Уладзіміравіча, забітага паміж Сколем і Грэбенавым у час княжацкіх міжусобіц (у 1015 г.). Паводле падання, што перадаецца тут з пакалення ў пакаленне, дружыннікі князя Святаслава, якія засталіся ў жывых, не вярнуліся ў родныя мясціны, а пасяліліся ў гарах ля рэчкі Опір, у прыватнасці, каля ўпадзення ў яе ракі Слаўкі.
Упершыню мястэчка згадваецца ў дакументальных крыніцах пад 1483 г. як ужо існае паселішча. У запісах Пярэмышльскага земскага суда згадваецца, што шляхціц Іванка з Крыніцы пісьмова аформіў права сваёй жонкі Марусі на палову яго маёмасці ў Крыніцы і Слаўскім Пярэмышльскай акругі.
Пасля ўстанаўлення панавання Польшчы мясцовыя сяляне абкладаюцца падаткамі і павіннасцямі. Нярэдка атрады шляхцічаў і іх прыслужнікаў здзяйснялі набегі на вёскі, палілі і рабавалі, калечылі і забівалі падданых сваіх праціўнікаў. Шляхецкія напады і рабаванні ў 16-17 стагоддзях былі часам настолькі жахлівымі, крывавымі і беспакаранымі, што нават польскі гісторык Уладзіслаў Лазінскі, распавядаючы пра іх, пісаў з абурэньнем: «Што за свет! Цёмны, дзікі, забойны. Свет без ўрада, без ладу, без справядлівасці, без міласэрнасці. Кроў у ім танней віна, чалавек танней каня. Свет, у якім лёгка забіць, цяжка не быць забітым…».
Невыносны феадальны прыгнёт прымушаў сялян ўступаць у барацьбу. Нямала горцаў ўступала ў атрады паўстанцаў, якія больш за тры стагоддзі наводзілі жах на шляхту і яе прыслужнікаў. У прыватнасці ў раёне Бяскідаў амаль на працягу дзесяці гадоў (1671—1681) вёў барацьбу апрышкаўскі атрад, ўзначалены былым пастухом Андрэем Дзыгановічам. На гары, што ўзвышаецца паблізу мястэчка, у пячоры знаходзілі прытулак апрышкі Алексы Доўбуша (адсюль і цяперашняя назва гары — Даўбушанка).
Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай Галічына ўваходзіць у склад імперыі Габсбургаў (з 1804 года — Аўстрыйскай імперыі). З 1820 года мястэчка належыць польскаму графу Патоцкаму.
У апошняй чвэрці XIX стагоддзя праз мястэчка пракладзена чыгунка, якая злучыла Сколе з Мукачава. Першы цягнік па гэтай лініі прайшоў 4 красавіка 1887 года.
Даведзеныя да адчаю галечай, бяспраўем і панскай самаўпраўнасцю жыхары мястэчка і іншых навколішніх сеў прынялі актыўны ўдзел у паўстанні 1824—1826 гг. на Сколіўшчыне, якое прыцягнула ўвагу нават Івана Франка і Мікалая Усціяновіча. У 1902 годзе завершана будаўніцтва новай царквы па праекце Васіля Нагорнага. 10 ліпеня таго ж года яе асвяціў мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі.
У 1934—1939 гг. мястэчка было адміністрацыйным цэнтрам Слаўскай гміны (воласці) Другой Польскай Рэспублікі.
У 1939—1941 і 1944—1959 гг. было цэнтрам Слаўскага раёна УССР.
Гарналыжны курорт
Слаўскае — вядомы гарналыжны курорт. Турыстычны бізнэс у мястэчку пачалі прадпрымальнікі Грэдлі (Grödl), якія ў 19 стагоддзі зладзілі тут гатэль і клімататэрапеўтычную станцыю. У 1820-х — 1830-х гадах Грэдлямі і Шмідтамі былі збудаваныя гарналыжныя пад’ёмнікі і трампліны на гарах Пагар і Ільза. Найбуйнейшага турыстычнага развіцця Слаўскае набыло ў 1970-х — 1980-х гадах, калі было пабудавана больш за 10 пад’ёмнікаў і заснаваныя спартыўныя гарналыжныя школы.
Тут сёння працуюць установы харчавання (кафэ, рэстараны, грыль-бары і інш.), гатэлі, аптэкі, магазіны, бальніца.
У перыяд палаводдзя і паводак Опір становіцца прыдатным для заняткаў водным турызмам і рафтынгам.
Асноўнымі лыжнымі трасамі з’яўляюцца:
- Гара Трасцян (1235 м) — самы вядомы комплекс сярод аматараў і прафесіяналаў лыжнага спорту;
- Гара Пагар (857 м) — параўнальна невялікая гара, працуе двухмесны крэсельны пад’ёмнік, размешчаны недалёка ад самога мястэчка, паблізу размешчаны некалькі бараў. На Пагары яшчэ ў 1896 годзе, пры Аўстра-Венгрыі, быў пабудаваны першы ў Слаўскім пад’ёмнік на коннай цязе.
- Гара Крэмень — на гары размешчаны «Політэх» і «FIM» — самыя лёгкія трасы, размешчаныя блізка ад мястэчка.
- Гара Менчыл (Варшава) — гара паблізу вёскі Грабавец, дзе нізкія цэны на пад’ёмнікі і жыллё. У пачатку трасы знаходзіцца досыць спадзістая палічка, дзе могуць трэніравацца нявопытныя лыжнікі, існуе некалькі варыянтаў спуску, сярод якіх — па трубе.
Зноскі
- ↑ Напісанне ў адпаведнасці з ТКП 177-2009 (03150) «Спосабы і правілы перадачы геаграфічных назваў і тэрмінаў Украіны на беларускую мову»
Катэгорыя·Населеныя пункты Сколіўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Пасёлкі гарадскога тыпу Львоўскай вобласці
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.