Стары Дрокаў
Стары Дрокаў (руск.: Старый Дроков) — вёска ў Расіі, на правым беразе ракі Іпуці. Уваходзіць у склад Ніўнянскага сельскага паселішча Суражскага раёна Бранскай вобласці. Насельніцтва на 2013 год — 54 чалавекі. Знаходзіцца за 3 км ад Новага Дрокава.
Гісторыя
Паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай
Першы пісьмовы ўпамін пра Дрокаў як «кіеўскі горад» змяшчаецца ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» канца XIV ст.[1] У XII—XV стагоддзях горад уваходзіў у склад Мсціслаўскага княства, разам з якім ён далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага. Пасля скасавання Мсціслаўскага княства Дрокаў стаў цэнтрам воласці Віленскага ваяводства, з якой у 1496 годзе, згодна з запісам у скарб вялікага князя, немеснік дрокаў даў 4 копы грошай.
У вайну Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княства Літоўскім 1500—1503 гадоў Дрокаў захапілі маскоўскія войскі. У час перамоў 1542 года разглядалася магчымасць яго вяртання ў ВКЛ у абмен на маскоўскіх палонных.
У пачатку XVII ст. Дрокаў вярнуўся ў склад Вялікага Княства Літоўскага, што пацвердзіла Дэулінскае перамір’е 1618 года. Ёе ўвайшоў у склад Старадубскага павета Смаленскага ваяводства. У сярэдзіне XVII ст. Дрокаў упамінаецца як мястэчка, у якім дзейнічала Прачысценская царква. З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у 1654 годзе Дрокаў захапілі маскоўскія войскі.
Пад уладай Расіі
Згодна з Андрусаўскім перамір’ем 1667 года Дрокаў спярша стаў цэнтрам сотні Старадубскага палка. Неўзабаве Дрокаўскую сотню далучылі да Мглінскай. У XVIII ст. Стары Дрокаў страціў царкву і пачаў лічыцца вёскай. У розныя часы ім валодалі Есімонтаўскія, Іскрыцкія, Чарняўскія і іншыя.
У 1782 годзе Стары Дрокаў увайшоў у склад Суражскага павета Чарнігаўскай губерні (з 1861 года — у складзе Новадрокаўскай воласці).
Найноўшы час
25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай беларуская частка Чарнігаўскай губерні абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Савецкая ўлада канчаткова ўсталявана ў ліпені 1918 года. Ад 1 студзеня 1919 года ў складзе Беларускай ССР, з 16 студзеня 1919 года ў РСФСР. У 1921—1929 гадах Стары Дрокаў уваходзіў у склад Клінцоўскага павета, з 1929 года — у Суражскім раёне.
Са жніўня 1941 да верасня 1943 пад нацысцкай акупацыяй.
Насельніцтва
Дэмаграфія
- XX стагоддзе: 1901 год — 430 чал.
- XXI стагоддзе: 2013 год — 54 чал.
Славутасці
У Старым Дрокаве захавалася гарадзішча памерамі 50 × 40 метраў, умацаванае 2 валамі і ровам. Магутнасць культурнага пласта 0,6 метраў. У ім сустракаецца кераміка юхнаўскай культуры ранняга жалезнага веку і старажытнай Русі. Да гарадзішча далучаецца селішча плошчай каля 0,5 га з матэрыяламі часоў старажытнай Русі[2].
Страчаная спадчына
- Царква Прачыстай Багародзіцы (XVII ст.)
Зноскі
- ↑ ЭнцВКЛ, 2010, с. 203
- ↑ ЭнцВКЛ, 2010, с. 204
Літаратура
- Мяцельскі А. Дрокаў // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — Т. 3: Дадатак. А — Я. — С. 203—204. — 696 с. — ISBN 978-985-11-0487-7 (т. 3), ISBN 985-11-0315-2.
Катэгорыя·Населеныя пункты Бранскай вобласці Катэгорыя·Населеныя пункты на Іпуці Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.