Стары горад (Вільнюс)
У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Стары горад.
Ста́ры го́рад (літ.: Vilniaus Senamiestis, польск.: Stare Miasto w Wilnie) — раён Вільнюса, найстарэйшая частка горада на левым беразе ракі Нярыс (Вілія, літ.: Neris) на поўдзень ад Замкавай гары з вежай Гедзіміна і захаванай Кафедральнай плошчы з Кафедральным саборам.
Адзін з найбуйнейшых ва Усходняй Еўропе ўрбаністычных комплексаў, якія фармаваліся пачынаючы са Сярэднявечча. Займае плошчу 3,59 км². Ахоплівае 74 квартала з 70 вуліцамі і завулкамі, 1 487 будынкамі з агульнай плошчай памяшканняў 1 497 000 м².
Найстарэйшая частка сталіцы Літвы фарміравалася на працягу стагоддзяў, захоўваючы ў сабе гісторыю горада і розныя культурныя ўплывы. Будынкі і элементы, якія адносяцца да розных архітэктурных стыляў (готыка, рэнесанс, барока, класіцызм, украпіны мадэрну), у Старым горадзе суседнічаюць і ўзаемна дапаўняюць адзін аднаго. У Старым горадзе размяшчаюцца каталіцкія, лютэранскія і праваслаўныя храмы, музеі, навучальныя ўстановы і жылыя дамы, гасцініцы і крамы, будынкі якіх з’яўляюцца помнікамі культуры і архітэктуры.
ЮНЕСКА, прызнаючы ўніверсальную каштоўнасць і арыгінальнасць Старога горада, у 1994 годзе ўнесла яго ў Спіс Сусветнай культурнай спадчыны.
Апісанне
У Старым горадзе размешчаны Замкавая гара з вежай Гедзіміна, якая захавалася ад умацаванняў Верхняга замка. У вежы з 1960 года дзейнічае экспазіцыя, прысвечаная гісторыі горада. Наверсе створана аглядная пляцоўка, з якой адкрываецца панарама Старога горада і даліны ракі Віліі.
У падножжа Замкавай гары знаходзіцца Кафедральная плошча з помнікам князю Гедзіміну, Кафедральным саборам Святога Станіслава і званіцай. Побач з саборам размешчаны Палац вялікіх князёў літоўскіх (Палац кіраўнікоў), які аднаўляўся з 2002 года. 6 ліпеня 2009 года пры ўдзеле кіраўнікоў 15 дзяржаў адбылося сімвалічнае адкрыццё адноўленага, але не да канца завершанага палаца. 6 ліпеня 2013 года для наведвальнікаў адкрыліся два з чатырох карпусоў Нацыянальнага музея Палаца вялікіх князёў літоўскіх.[1][2]
Ад Кафедральнай плошчы да лукавіны ракі Нярыс цэнтр горада з усходу на захад перасякае праспект Гедзіміна (Gedimino prospektas; у XIX стагоддзі — Георгіеўскі праспект, пасля Першай сусветнай вайны — праспект Міцкевіча, пасля Другой сусветнай вайны — Сталіна, затым — Леніна). Частка яго разам са старажытнымі вуліцамі Татору (Татарская, Totorių), Адзміню (Odminių), Вільняўс (Віленская, Vilniaus), што прылягаюць да яго, уваходзіць у межы Старога горада.
- Вежа Гедзіміна
- Сабор Успення Прасвятой Багародзіцы
- Сабор Святога Мікалая
- Вострая брама
- Касцёл Святой Ганны
Непадалёк ад Кафедральнай плошчы знаходзіцца плошча С. Даўкантаса (у XIX стагоддзі — Палацавая плошча, затым — плошча Мураўёва, у міжваенныя гады — плошча Напалеона, пасля Другой сусветнай вайны — плошча Кутузава), утвараная парадным фасадам прэзідэнцкага палаца, фасадам палаца дэ Рэусаў (Шуазеляў), касцёлам Святога Крыжа (баніфратаў) і карпусамі Віленскага ўніверсітэта. Ад універсітэта і Прэзідэнтуры вузкай вуліцай Унівярсіцята (Універсітэцкая, літ.: Universiteto) можна прайсці да скрыжавання вуліц Швянта Ёна (Святаянская, літ.: Švento Jono), Шварца (літ.: Švarco), Гаона (літ.: Gaono) і Дамінікону (Дамініканская, літ.: Dominikonų), з помнікамі розных эпох.
Ад Кафедральнай плошчы да Ратушнай плошчы і далей да брамы былой гарадской сцяны вядуць старажытная вуліца Піліес (Замкавая, Pilies), яе працяг вуліца Дзіджойі (Вялікая, Didžioji) і вуліца Аўшрос Варту (Вастрабрамская, Aušros Vartų).
Піліес (Замкавая), як і раней, застаецца галоўнай артэрыяй Старога горада з вялікай колькасцю кафэ, музеяў і галерэй і крамамі з сувенірамі. Па левым боку за аркай, якая злучае вуглавыя дамы, пачынаецца вузкая выгнутая вуліца Бярнардзіну (Бернадзінская, Bernardinų gatvė, Zaułek Bernardyński; у савецкі час Піліес, Pilies). Яна вядзе да касцёлаў Святога Міхаіла, Святой Ганны і бернардзінскага касцёла Святога Францыска Асізскага з кляштаром францысканцаў. Непадалёк ад касцёлаў Святой Ганны і Святога Францыска Асізскага знаходзіцца помнік паэту Адаму Міцкевічу. Маставая Бярнардзіну з чырвонай цэглы нагадвае паркет. Абапал вуліцы стаяць старадаўнія двухпавярховыя жылыя дамы, частка з якіх маюць цалкам глухія гладкія сцены, які кантрастуюць з новымі перспектывамі, якія адкрываюцца што ні крок, з разнастайнымі схіламі чарапічных дахаў, барочнымі парталамі і будынкамі на далёкіх планах.
На рагу вуліц Бярнардзіну (Бернардзінская) і Шылтадаржа (Аранжарэйная, Šiltadaržio gatvė, дом 8) размяшчаецца былы палац графаў Алізараў. Ён быў набыты ў 1762 годзе М. Лапацінскім і рэканструяваны па праекце архітэктара Іагана Крыштофа Глаўбіца Працы выконваліся спачатку архітэктарам Андрысам (памёр у 1765 годзе), затым Фрэзерам. У двухпавярховага будынка пад высокім чарапічным дахам ніжні паверх пакрыты серай, верхні — больш цёмнай фактурнай тынкоўкай, на якіх кантрастна вылучаюцца белыя ліштвы вокнаў і іншыя архітэктурныя дэталі. Фасад па лініі вуліцы Бярнардзіну (Бернардзінская) мае невялікі выгін. У другой палове XIX стагоддзя дом належаў Завадскім — сямейству кнігавыдаўцоў і кнігагандляроў. Цяпер у палацы Алізараў (Лапацінскіх) размяшчаецца гатэль.
Насупраць яго знаходзіцца дом, у якім у 1822 годзе жыў паэт Адам Міцкевіч, пасля вяртання з Коўна. Тут ён скончыў і рыхтаваў да выдання сваю паэму «Гражына» „Grażyna“. Над брамай, якая вядзе на панадворак, усталявана мемарыяльная табліца з лаканічным надпісам. У трох пакоях былой кватэры Міцкевіча размяшчаецца мемарыяльны музей, які належыць Віленскаму ўніверсітэту.
Квартал Старога горада паміж вуліцамі Піліес (Замкавая), якія адыходзяць ад яе направа вуліцамі Скапа (Станіслава Скопы, Skapo gatvė) і Швянта Ёна (Святаянская) і вуліцай Унівярсіцята (Універсітэцкая) займае ансамбль Віленскага ўніверсітэта, які фарміраваўся пачынаючы з 1570 года і складаецца з будынкаў у некалькі карпусоў, якія ўтвараюць трынаццаць дворыкаў, у тым ліку і касцёл Святых Янаў са званіцай, якая ўзвышаецца на 68 м (з крыжам[3]).
Да ратушы і трохвугольнай формы Ратушнай плошчы, старога цэнтра горада, выходзяць, апроч Дзіджойі (Вялікая), вуліцы Сціклю (Шкляная, Stiklių), Вакіечу (Нямецкая, Vokiečių), Рудзінінку (Рудніцкая, Rūdininkų), Арклю (Arklių), Савічаўс (Савіча, Savičiaus, у савецкі час Ю. Віта).
На плошчы размешчана ратуша ў стылі класіцызму. Непадалёк ад ратушы знаходзіцца езуіцкі касцёл Святога Казіміра, які з XVII стагоддзя неаднаразова перабудоўваўся. На вуліцу Аўшрос Варту (Вастрабрамскую) выходзяць базыльянскі касцёл і манастыр Святой Тройцы і праваслаўны Свята-Духаў манастыр з мошчамі святых віленскіх мучанікаў Антонія, Іаана і Яўстафія; вуліца вядзе да барочнага касцёла Святой Тэрэзы, захаванай гарадской Вострай брамы з капліцай і цудатворнай іконай Маці Божай Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці — Апякункі Беларусі і Літвы.
Гл. таксама
Зноскі
- ↑ Палац кіраўнікоў Вялікага Княства Літоўскага. Vilnius tourism. Вільнюскі інфармацыйны турыстычны цэнтр (11 кастрычніка 2013). Праверана 29 снежня 2013.
- ↑ Найважнейшыя даты. Нацыянальны музей Палац вялікіх князёў літоўскіх. Nacionalinis muziejus Lietuvos Didžiosios Kunigaikštystės valdovų rūmai (27 жніўня 2013). Праверана 29 снежня 2013.
- ↑ Lietuvos TSR istorijos ir kultūros paminklų sąvadas. 1: Vilnius: Vyriausioji enciklopedijų redakcija, 1988. P. 542(літ.)
Літаратура
- А. Папшис. Вильнюс. Вильнюс: Минтис, 1977.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Стары горад (Вільнюс)
Катэгорыя·Раёны Вільнюса
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.