Судова Вышня
Судовая Вішня ці Судова Вышня[1] (укр.: Судова Вишня, польск.: Sądowa Wisznia) — горад раённага значэння ў Мастыскім раёне Львоўскай вобласці Украіны. Размешчаны на рэках Ракіў і Вішня (прыток Сану) за 45 км на захад ад Львова.
Гісторыя
Паселішча Вішня ў даліне ракі Вішні вядома з 981 г. і з’яўляецца самым старажытным горадам Львоўшчыны. У 1230 г. паселішча ўпершыню згадвае Галіцка-Валынскі летапіс. Людзі ў гэтым месцы сяліліся задоўга да 981 г., археолагамі знойдзеныя рэшткі паселішча пшэворскай культуры. У Вішні захаваліся валы аднайменнага археалагічнага помніка. Ён даследаваўся у 1957-1962 гг. У заходняй частцы сучаснага горада было выяўлена паселішча X ст. і гарадзішча XI ст. - пачатку XII ст., а ва ўсходняй частцы - гарадзішча XII-XIII ст.
Магдэбургскае права Вішні было прадастаўлена каралеўскім указам у 1368 г., пры гэтым права выкупіць пасаду войта атрымаў Пётр Кмець.
З XV ст. ў Вішні адбываліся Генеральныя сеймікі шляхты зямель Львоўскай, Перамышльскай, Санацкай і Жыдачыўскай Рускага ваяводства, на якіх разглядаліся судовыя справы. Таму ў 1545 г. горад атрымаў сучасную назву Судовая Вішня.
У 1563 г. было заснавана праваслаўнае брацтва. У 1537-1765 гг. горад атрымліваў новыя каралеўскія прывілеі. У сярэдзіне XVI ст. мясцовы прыход страціў частку сваіх прывілеяў і маёмасных правоў, якія ў 1605 г. аднавіў кароль Жыгімонт ІІІ. У 1648-1654 гг. у ходзе Хмяльніччыны мясцовыя жыхары разграмілі панскі маёнтак.
У канцы XVIII - пачатку XIX ст. горад перастаў быць палітычным цэнтрам краю, але пачалі развівацца прадпрыемствы. Працавалі браварні, цагляны завод, лесапільны завод, млыны, фабрыка керамікі, а таксама канатная, ткацкая, скурная, пазументная, ганчарная майстэрні, з 1787 да 1820 года - папяровая вытворчасць.
Манастыр рэфарматаў у Вішні заклалі львоўскі кашталян Ян Семінскі і кіеўскі лоўчы Францішак Завадскі ў 1730 г. Участак зямлі пад будынак падарыў кароль Аўгуст II. Пры манастыры быў касцёл Унебаўзяцця Марыі Панны з вобразам Святога Антонія Падуанскага, пабудаваны вядомым італьянскім архітэктарам Паўлам Фантана.
Зноскі
- ↑ Напісанне ў адпаведнасці з ТКП 177-2009 (03150) «Спосабы і правілы перадачы геаграфічных назваў і тэрмінаў Украіны на беларускую мову»
Катэгорыя·Населеныя пункты Мастыскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.