wd wp Пошук:

Орша

О́рша[4] (трансліт.: Orša) — горад у Віцебскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Аршанскага раёна, на Дняпры пры ўпадзенні ў яго ракі Аршыцы. За 93 км ад Віцебска. Вузел чыгунак (лініі на Мінск, Магілёў, Крычаў, Смаленск, Віцебск, Лепель) і аўтамабільных дарог. Насельніцтва 115 938 чал. (2017)[5].

Назва

На думку географа В. Жучкевіча, тапонім Орша паходзіць ад ракі Ршы (Ръша, цяперашняй Аршыцы), гэты гідронім аднесці да групы даволі частых цяпер Ржы, Ржаўкі, Ржачы, Ржанкі[6]. Таксама ёсць версіі пра балцкае (ад наймення ляшчыны) або фіна-ўгорскае (вада, якая бяжыць у рэчышчы — рака) паходжанне[7]. Да нашага часу адбылася натуральная трансфармацыя пачатковага Рша праз форму Арша́ і перанос націску на першы склад, а таксама афармленне ў мясцовых гаворках і альтэрнатыўнай норме беларускай мовы варыянту прыстаўным зычным в — Ворша[8]. У акадэмічным правапісе прыстаўны в не пішацца, бо паходжанне тапоніма няпэўнае[9].

Гісторыя

Асноўны артыкул: Гісторыя Оршы

Ранняе Сярэднявечча

Асноўны артыкул: Аршанскія курганныя магільнікі Дзядзінец старажытнай Оршы (плошча 0,57 га) размяшчаецца каля сутокаў рэк Аршыцы і Дняпра, дзе археолагі выявілі паселішчы бронзавага і жалезнага вякоў[10]. Як адзін з пагранічных фарпостаў на ўсходніх рубяжах Полацкай зямлі Орша ўзнікла, імаверна, каля 1021 года, калі кіеўскі князь Яраслаў Мудры саступіў полацкаму князю Брачыславу Ізяславічу Віцебск і Усвяты[11].

Лічыцца, што ўпершыню Орша згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1067 годам як Ръша: 10 ліпеня сюды прыехаў Усяслаў Чарадзей на перагаворы з кіеўскімі князямі, аднак яны парушылі дамоўленасці і ўзялі полацкага князя ў палон. Аднак, калі меркаваць па будове летапіснага сказа, верагодней мелася на ўвазе рака Аршыца, бо паводле археалагічных даследаванняў тады на тым месцы не было горада, а толькі невялікае паселішча вясковага тыпу, якое верагодна абслугоўвала шлях з вараг у грэкі. Імаверна, горад пабудаваны ў 11011116 гг. князем Глебам Менскім[12].

З XII ст. — у складзе Смаленскага княства[13]. У XIII ст. у сваім маёнтку каля Оршы жыў князь Андрэй Кабыла[ru], далёкім нашчадкам якога (паводле меркавання М. Карамзіна і У. Караткевіча) быў маскоўскі гаспадар Міхаіл Фёдаравіч — заснавальнік дынастыі Раманавых.

Вялікае Княства Літоўскае

З пачатку княжання ў Віцебску Альгерда (1320 год) Орша ў складзе Віцебскага княства далучана да Вялікага Княства Літоўскага[14] як цэнтр намесніцтва ў Віцебскім княстве. У першай палове XIV ст. у сувязі з прыгранічным размяшчэннем горада вялікім князем Альгердам вакол горада былі ўзведзены абарончыя ўмацаванні, а ў 13981407 гадах ужо па загадзе Вітаўта на месцы гарадзішча быў пабудаваны мураваны замак[14]. Аршанская харугва брала ўдзел у Грунвальдскай бітве (15.7.1410). З дакументаў XV ст. вядома, што ў месце дзейнічала мытня.

Невядомы мастак. «Бітва пад Оршай». Нацыянальны музей Польшчы

У 1505 годзе левым беразе Дняпра насупраць замка ўзведзена драўляная царква Святога Ільі — самая ранняя культавая пабудова з вядомых на тэрыторыі Оршы[15]. Паводле падання яна была пабудавана пасля пажару на месцы папярэдняга аднайменнага драўлянага храма 1460 г., узведзенага па загадзе вялікага князя літоўскага і караля польскага Казіміра IV[16]. Вакол царквы развілася слабада, якая ад яе атрымала назву Ільінскай[15].

У першай палове XVI ст. Орша неаднаразова была занята маскоўскімі войскамі[14]. У час вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім (1512—1522) непадалёк ад Оршы 8 верасня 1514 года адбылася адна з найбуйнейшых бітваў пачатку XVI ст. на тэрыторыі Еўропы, у выніку якой абаронцы Вялікага Княства Літоўскага перамаглі колькасна большае войска маскоўскіх захопнікаў. Пра гэту перамогу ў 15201530-я гады невядомы мастак напісаў першую ва Усходняй Еўропе батальную карціну (захоўваецца ў Нацыянальным музеі Польшчы).

Радзівіл «Чорны»

З 1560-х гадоў горад стаў цэнтрам Аршанскага павета Віцебскага ваяводства. У 1555 годзе вядомы палітычны і рэлігійны дзеяч Мікалай Радзівіл «Чорны» заснаваў у Оршы першы на тэрыторыі сучаснай Беларусі пратэстанцкі кальвінскі збор[14]. Горад меў гандлёвыя сувязі з Расіяй, Польшчай, Прыбалтыкай, Украінай, быў транзітным цэнтрам, важным пунктам вялікага гандлёвага шляху з Расіі ў Польшчу i Прыбалтыку[14], які праходзіў па тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага з усходу на захад.

Аршанскі замак з карты XVI ст.

У 1558 годзе картограф Мацей Струбіч надрукаваў карту «Апісанне Вялікага Княства Літоўскага, Лівоніі і Масковіі», на якой упершыню значылася Орша. У наступным 1559 годзе горад атрымаў частковае самакіраванне (абраны войт і 6 памочнікаў), а ў 1577 годзе аршанцы дамагліся права збудаваць гасціны двор і васкабойню, а прыбыткі ад іх пускаць на «потребы местские». У 1573 годзе ў Оршы з’явіліся езуіты. З 1592 года існавала праваслаўнае брацтва[14], зацверджанае вялікім князем Жыгімонтам Вазам.

Магдэбургскі герб

23 лістапада 1593 года кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза надаў Оршы грамату аб гарадскім органе самакіравання, а 13 снежня 1620 года горад атрымаў Магдэбургскае права, пячатку і герб «у блакітным полі залаты паўмесяц, паміж рагамі якога сярэбраны крыж»[14][17] (гэты герб мае афіцыйны статус і ў наш час). У 1616 годзе пры дапамозе Льва Сапегі езуіты адкрылі тут свой калегіум[14].

Орша ў 17 стагоддзі. 1 — замак, 2 — Надняпроўе, 3 — Зааршынне, 4 — Васкрасенская царква, 5 — Мікольская царква, 6 — Задняпроўе, 7 — Ільінская царква, 8 — Куцеінскі манастыр.

3 мая 1621 года аршанцы зацвердзілі ўласны гарадскі статут, выпрацаваны на аснове магдэбургскае права[14]. Атрымаўшы Магдэбургскае права, гараджане пабудавалі гандлёвыя рады і ратушу з вежай, гадзіннікам і вялікім звонам, у якой праходзілі пасяджэнні магістрата і суда. У 1649 годзе ў горадзе пры царкве Раства Багародзіцы пачала працаваць брацкая праваслаўная школа.

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) маскоўскае войска зруйнавала Оршу. У 1661 годзе Вальны сойм вынес адмысловую пастанову аб наданні палёгак гораду ў сувязі з ваеннымі спусташэннямі, якія дзейнічалі да 1614 года[14].

У 1623 годзе ў некаторай аддаленасці ад сярэдневяковай Оршы, у Куцеінскай слабадзе на сродкі магілёўскага праваслаўнага брацтва пабудаваны праваслаўны мужчынскі Богаяўленскі манастыр[15]. У 1631 годзе заснаваны жаночы Куцеінскі Прачысценскі манастыр[18]. У 1691 годзе пабудавана саборная царква Раства Багародзіцы. У XVII ст. заснаваны кляштары бернардзінцаў (1636), дамініканцаў (1649), францысканцаў (1680), базыльянак, у XVIII стагоддзі — трынітарыяў (1714), Пакроўскі базыльянскі манастыр (1758, 1774). Дзейнічалі кляштары місіянераў (1752), марыявітак (18 ст.), цэрквы Ушэсця (1757), Іаана Багаслова (1790) і інш[14].

У XVII ст. Орша была адным з найбуйнейшых мастацкіх цэнтраў Беларусі, у горадзе існавалі 26 відаў рамёстваў. Тут працавалі разьбяры Іпаліт, Герасім i Арсеній, цесляры Восіп Андрэеў і Андрэй Фёдараў, гравёр Паісій, ювелір і чаканшчык Афанасій Воўчак, майстры-збройнікі і мастакі. З Оршы паходзяць рукапісныя помнікі беларускага пісьменства «Лісты» (1567—1587) Ф. С. Кміты-Чарнабыльскага, «Збор польскіх і рускіх вершаў» (канец XVII ст.), «Аршанскі кодэкс» (да 1693)[14], у 1812 г. у Оршы знойдзена «Аршанскае Евангелле» (кан. 12 — пач. 13 ст.). У 16301655 гадах пры Куцеінскім Богаяўленскім манастыры дзейнічала друкарня асветніка Спірыдона Собаля, у якой выйшла больш за 20 кніг на кірыліцы. Наклад некаторых выданняў дасягаў 500 экзэмпляраў. Найбольш вядомыя кнігі: «Букварь», «Молитвослов», «Псалтырь».

З 1740 года езуіцкі калегіум атрымаў статус вышэйшай навучальнай установы. Тут выкладалі філасофію, граматыку, паэтыку, рыторыку, логіку. Пры калегіуме працавала музычная бурса і школьны тэатр. Аршанскі калегіум езуітаў дзейнічаў да 1820 года.

У XVII—XVIII стагоддзях Орша мела аблічча манастырскага горада. Амаль палову яе зямель займалі кляштары і манастыры, частка з якіх знаходзілася па-за межамі горада. 11 кляштараў і манастыроў з велічнымі вежамі касцёлаў і бліскучымі купаламі цэркваў надавалі Оршы асабліва ўзнёслы выгляд. Двухпавярховыя камяніцы для жылля манахаў панавалі над драўлянымі аднапавярховымі дамамі аршанцаў. Для невялікага горада такое архітэктурнае спалучэнне было рэдкай адметнасцю.

Расійская імперыя

Расійскі герб Оршы

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе Орша ўвайшла ў склад Расійскай імперыі, дзе з’яўлялася цэнтрам Аршанскай правінцыі да 1775 года. У 1776 годзе расійскія ўлады пазбавілі горад Магдэбургскага права[11]. У гэты час тут налічвалася 309 будынкаў. У 1778 годзе з’явіўся праект перапланіроўкі Оршы, які прадугледжваў рэгуляванне вулічнай сеткі, узбуйненне кварталаў, стварэнне непадалёк ад цэнтра новай плошчы з гасціным дваром і адміністрацыйнымі ўстановамі. 16 жніўня 1781 года гораду даравалі новы расійскі герб «верхняя частка гербу на залатым полі герб Расіі, ніжняя частка — на блакітным полі пяць стрэл». З 1802 года Орша стала цэнтрам Аршанскага павета Магілёўскай губерні. У 1812 годзе ў Оршы выявілі ўнікальны помнік пісьменнасці — «Аршанскае Евангелле», якое датуецца XIIXIII стагоддзямі.

Езуіцкі калегіум. Б. Лавернь, 1840

У час вайны 1812 года французы занялі Оршу і пры адступленні спалілі яе. Гарадскім інтэндантам у час французскага панавання быў Анры Бейль[19], пазней ужо вядомы як французскі пісьменнік Стэндаль. У часы вайны ў Оршы былі ўзведзены 2 масты цераз Дняпро. Новы план забудовы горада зацвердзілі толькі ў 1848 годзе.

28 жніўня 1863 года паводле прысуду расійскага ваеннага суда ў Оршы расстралялі Ігната Будзіловіча — кіраўніка паўстанцкага аддзела, які дзейнічаў у Аршанскім павеце ў часе нацыянальна-вызваленчага паўстання. Па задушэнні паўстання расійскія ўлады закрылі ўсе кляштары, а большасць касцёлаў перадалі Рускай праваслаўнай царкве для перабудовы пад цэрквы з мэтай русіфікацыі края.

У другой палове XIX ст. Орша — буйны чыгуначны вузел. У 1880 годзе ў Оршы працавала 5 навучальных устаноў, а ў пачатку XX ст. — ужо 9 (657 навучэнцаў). З 1881 года пачаўся рэгулярны пасажырскі рух ракой да Магілёва. У гэты час у Оршы было 815 драўляных і 22 мураваныя будынкі, 163 крам. У 1880—1881 гг. дзейнічала Аршанская пенькатрапальная мануфактура, у якой працавала 75 чалавек; у пачатку 1890 года ў горадзе працавала 15 прамысловых прадпрыемстваў (пенькатрапальнае, гарбарнае, крухмальнае, цагельнае, піваварнае і інш.), 9 навучальных устаноў (657 вучняў у 1894 годзе), бальніца, 6 лекараў, 2 аптэкі, 3 бібліятэкі, 2 кнігарні, друкарня. Адкрыліся новыя ўстановы: тэлеграфная станцыя (1869 год) і гарадская публічная бібліятэка (1899 год), з 1906 года — рэальнае вучылішча, з 1911 года — жаночая настаўніцкая семінарыя.

Найноўшы час

У канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў у Оршы апрацоўвалі лён і скуру, выраблялі крухмал, цэглу, піва, працавалі механічныя і жалезаліцейныя майстэрні. У месце вялася здабыча вапняку. Орша славілася вапнай так, што аршанцы доўгі час мелі мянушку «вапеннікі». На Дняпры працавала прыстань, якая мела вялікае значэнне ў жыцці горада. Праз прыстань праходзілі грузавыя і пасажырскія параходы (штогод каля 100 суднаў). Існавалі рэгулярныя кірункі руху да Магілёва.

У час рэвалюцыі 1905—1907 гг. на Аршаншчыне ў 1906 г. адбылася Аршанская канферэнцыя сялян, якая стала пэўным крокам у палітычнай барацьбе. З 1915 года выдавалася газета «Оршанский вестник».

  • Агульны выгляд горада з Дняпра, пач. XX ст.Агульны выгляд горада з Дняпра, пач. XX ст.
  • Від на Задняпроўе. Прыстань і Ільінская царква, 1904Від на Задняпроўе. Прыстань і Ільінская царква, 1904
  • З боку Дняпра, XX ст.З боку Дняпра, XX ст.
  • З боку Аршыцы, 1900З боку Аршыцы, 1900
  • Зааршынне, 1907Зааршынне, 1907
  • Зааршынне, XX ст.Зааршынне, XX ст.

У Першую сусветную вайну ў лютым — кастрычніку 1918 года Оршу займалі нямецкія войскі. У 1917—1920 гадах у горадзе дзейнічалі органы і арганізацыі розных палітычных сіл.

Ад 1 студзеня 1919 года горад у складзе Беларускай ССР[20], а з 16 студзеня ў РСФСР. У 1924 годзе ў выніку ўзбуйнення БССР Орша вярнулася ў склад Беларусі, дзе стала цэнтрам раёна. У 1924—1930 гг. цэнтр Аршанскай акругі. З 1938 года ў Віцебскай вобласці.

У часы Вялікай Айчыннай вайны, 14 ліпеня 1941 года савецкая армія ўжыла каля Оршы новую зброю — устаноўку залпавага агню «Кацюша». Камандаваў батарэяй «Кацюш» капітан І. Флёраў. 16 ліпеня 1941 года Оршу занялі нямецкія войскі. У горадзе дзейнічала патрыятычнае падполле. Існавала група партызан-падпольшчыкаў на чале з Канстанцінам Заслонавым, якая дзейнічала ў аршанскім чыгуначным дэпо. Гэтая група зрабіла 93 падрывы цягнікоў за 3 месяцы 1942 года. У сакавіку таго ж года К. Заслонаў быў вымушаны схавацца ў лесе ад праследавання нямецкай акупацыйнай улады, аднак ён не спыніў сваёй дзейнасці; партызан загінуў 14 лістапада 1942 года. 27 чэрвеня 1944 года Оршу занялі войскі Трэцяга Беларускага фронту. За гады вайны акупанты знішчылі прамысловыя прадпрыемствы і больш 75 % жыллёвага фонду горада.

30 лістапада 1959 года ў гарадскую рысу ўключана вёска Гразівец Пішчалаўскага сельсавета[21], 16 верасня 1966 года — вёска Пустынкі Першамайскага сельсавета[22].

У 1950—1970-я гады савецкія ўлады знішчылі царкву Пакрова Багародзіцы і манастыр базыльян, царкву Раства Багародзіцы, францысканскі касцёл Святога Антонія, Куцеінскі манастыр Прачыстай Багародзіцы, іншыя помнікі сакральнай архітэктуры, амаль цалкам зруйнавалі гістарычную забудову XVIIXX стагоддзяў. На месцы старажытнага горада паўстала пустэча.

Савецкі герб Оршы

11 сакавіка 1971 года савецкія ўлады зацвердзілі новы савецкі герб Оршы, аўтарамі якога былі Гаранскі і Янкоўскі. У чэрвені 1984 года за мужнасць і стойкасць, выяўленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны, Оршу ўзнагародзілі ордэнам Айчыннай вайны I ступені.

Цэнтр горада. 2010

19 верасня 2008 года ў Оршы прайшоў штогадовы фестываль «Дажынкі». У рамках падрыхтоўкі да мерапрыемства горад значна ўпарадкавалі. Агулам было ўзведзена альбо рэканструявана больш за 500 аб’ектаў. Рамантаваліся гарадскія гасцініцы, мост цераз Аршыцу, чыгуначны і аўтамабільны вакзалы. Былі ўзведзены стадыён і лазня. Уздоўж берага Дняпра ўтварыўся дзіцячы парк з атракцыёнамі і невялікім паўкругам. Праводзілася добраўпарадкаванне жыллёвага фонду цэнтра горада, Цэнтральнай плошчы і гарадскага парку, дзе праходзілі асноўныя мерапрыемствы свята. Частку старых дамоў знішчылі, каб пашырыць цэнтральныя вуліцы. На падрыхтоўцы Оршы да свята працавала больш за 800 прадпрыемстваў з усёй краіны[23]. Работы на аршанскіх помніках гісторыі і архітэктуры пачаліся яшчэ ў 2007 годзе: рамонт даху ў езуіцкім калегіуме (помнік архітэктуры XVII ст.), рэканструкцыя 30-метровай вежы гэтага комплексу, на якой паставілі купал і гадзіннік. Па заканчэнні работ тут адкрыўся гістарычны музей і бібліятэка. Пры рэканструкцыі комплексу Аршанскага езуіцкага калегіума будаўнікі неаднаразова знаходзілі чалавечыя косці і чарапы. У часы СССР у гэтых будынках размяшчалася вязніца. Мяркуецца, што знойдзеныя рэшткі належаць ахвярам камуністычнага рэжыму[24].

14 студзеня 2013 г. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за нумарам 27 «Аб аб’яднанні раёнаў і гарадоў абласнога падпарадкавання Рэспублікі Беларусь, якія маюць агульны адміністрацыйны цэнтр» Орша была пазбаўлена статусу горада абласнога падпарадкавання[25].

Геаграфія

Даліна Аршыцы з гарадзішча

Геамарфалагічныя ўмовы гарадской тэрыторыі адзначаны двума фактарамі — размяшчэннем горада Оршы ў межах Аршанскага ўзвышша і адначасова, даліны ракі Днепр і яго прытокаў р. Аршыцы і Адрова. Гэтыя фактары абумоўліваюць узгорысты рэльеф з вялікімі перападамі вышынь, якія дасягаюць у заходняй частцы горада 12—13 м, ва ўсходняй — 20 м.

Найбольш высокая частка горада — раён вуліцы Дамініканскай, дзе абсалютная адзнака вышыні — 192,14 м. Больш роўная паверхня — гэта раён паміж чыгуначнымі станцыямі Орша-Усходняя і Орша-Заходняя.

Агульны ўхіл тэрыторыі горада ідзе ў бок рэчышч Дняпра, Аршыцы і Адрова, агульная даўжыня якіх у межах горада перавышае 6 км. Такі добра выражаны рэльеф практычна поўнасцю забяспечвае паверхневы сцёк з гарадской тэрыторыі.

У межах горада шмат паркаў: гарадскі, Прыдняпроўскі, Тэкстыльшчыкаў, парк Герояў, Піянераў і інш.

У ваколіцах горада распаўсюджаны сасновыя, яловыя, змешаныя і дробналісцёвыя лясы.

У даліне Дняпра знаходзіцца Аршанская мінеральная крыніца[26].

Клімат

Клімат Оршы вільготны кантынентальны з цёплым летам і адносна халоднай і снежнай зімой.

Клімат Оршы
Паказчык Сту Лют Сак Кра Май Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сне Год
Абсалютны максімум, °C 10,3 12,1 18,3 29,1 31,0 32,4 35,2 38,2 30,2 24,3 13,7 10,6 38,2
Сярэдні максімум, °C −3 −2,7 2,6 11,6 18,3 21,3 23,5 22,4 16,3 9,6 2,1 −2 10,0
Сярэдняя тэмпература, °C −5,4 −5,7 −1,1 6,4 12,6 15,9 17,9 16,7 11,3 5,8 −0,2 −4,2 5,8
Сярэдні мінімум, °C −8,1 −9,1 −4,6 1,7 6,9 10,6 12,4 11,3 6,9 2,7 −2,4 −6,8 1,8
Абсалютны мінімум, °C −39 −36,3 −34,9 −16 −4,9 −2,3 2,3 0,0 −5,5 −11,5 −23,8 −34,9 −39
Норма ападкаў, мм 38 33 35 40 64 91 80 71 65 56 45 39 657
Крыніца: Справочник по климату Беларуси, Часть I (тэмпература), Справочник по климату Беларуси, Часть II (ападкі)

Насельніцтва

Дэмаграфія Оршы значна залежала ад гістарычных абставін. Спрыяльнае геаграфічнае становішча заўсёды ўплывала на павелічэнне колькасці жыхароў. Найбольшы рост насельніцтва ў горадзе прыпадае на перыяды мірнага жыцця. У сваю чаргу, войны значна памяншалі колькасць жыхароў[27].

  • XVII стагоддзе: сярэдзіна стагоддзя — 5 тыс. чал.[28]; 1667 — 1 тыс. чал.[14]
  • XVIII стагоддзе: 1772 — 793 чал.[11]; 1776 — 1,7 чал.[11]
  • XIX стагоддзе: 1880 — 5 025 чал. (2 606 муж. і 2 419 жан.), у тым ліку 1 321 праваслаўных, 220 каталікоў, 2 484 іудзеі[29]; у горадзе жыло 82 сям’і купцоў 1 і 2 гільдый, 229 асоб з пасведчаннямі на дробны гандаль, 113 — на рамяство; 1881 — 5 025 чал.[11]; 1896 — 8 338 чал. (4 015 муж. і 4 313 жан.), з іх паводле веры: праваслаўных 4 175, раскольнікаў 62, каталікоў 664, пратэстантаў 125, іудзеяў 3 231, іншых 71; паводле саслоўя: мяшчан 6 453, купцоў і ганаровых грамадзян 268, ваеннага стану 419, шляхты 245, духоўнага звання 161, сялян 722, іншых 60[30]; 1897 — 13 161 чал.
  • XX стагоддзе: 1904 — 14 764 чал.; 1912 — 21 583 чал.[31]; 1923 — 18 тыс. чал.[32]; 1939 — 37 тыс. чал.; 1944 — 3 тыс. чал;* 1959 — 64,4 тыс. чал.; 1964 — 79 тыс. чал.; 1970 — 100,6 тыс. чал.; 1979 — 111 тыс. чал.[33]; 1979 — 112 397 чал.; 1989 — 123 тыс. чал.; 1995 — 125 тыс. чал.[34]; 1998 — 125,7 тыс. чал.
  • XXI стагоддзе: 2006 — 125 530 чал.; 2009 — 122,2 тыс. чал. (разам з падпарадкаванымі гарадскому савету населенымі пунктамі — 139 тыс. чал.[35] 51 нацыянальнасці[36]); 2009 — 117 225 чал. (перапіс)[3]; 2016 — 116 552 чал.[37]; 2017 — 115 938 чалавек [5]; 2019 — 114 135 чалавек.[38], 2020 — 108 100.

Эканоміка ———

Горад з’яўляецца апорным шматфункцыянальным цэнтрам трансеўрапейскай транспартнай сеткі з развітой прамысловасцю і адносна развітой сацыяльна-культурнай сферай. Прадпрыемствы машынабудавання (Аршанскі станкабудаўнічы завод «Чырвоны барацьбіт») і металаапрацоўкі (Аршанскі камбінат зборных жалезабетонных вырабаў і канструкцый), лёгкай (РУВГП «Аршанскі льнокамбінат», фірма «Світанак», Аршанская фабрыка мастацкіх вырабаў і інш.), харчовы (ААТ «Аршанскі мясакамбінат», ААТ «Аршанскі мясакансервавы камбінат»), будаўнічых матэрыялаў прамысловасці, Аршанскі інструментальны завод.

Чыгуначны вакзал Орша-Цэнтральная

Чыгуначныя станцыі: Орша-Паўночная, Орша-Заходняя, Орша-Усходняя, Орша-Цэнтральная.

Культура

Адукацыя

З 1573 года ў Оршы знаходзіліся езуіты, якія на той час шырока займаліся асветай. У заснаваным імі калегіуме (1616) навучанне праводзілася на еўрапейскім узроўні. З 1740 года калегіум меў статус вышэйшай навучальнай установы. Тут выкладалі філасофію, граматыку, паэтыку, рыторыку, логіку. Пры калегіуме працавала музычнае вучылішча і школьны тэатр. Аршанскі калегіум езуітаў дзейнічаў да 1820 года.

У 1880 годзе ў Оршы працавала 5 навучальных устаноў, а ў пачатку XX ст. — ужо 9 (657 навучэнцаў), у ліку якіх гарадское рэальнае вучылішча, духоўнае вучылішча, жаночая гімназія, жаночая настаўніцкая семінарыя.

15 кастрычніка 1906 г. — дзень адкрыцця рэальнага вучылішча (ліквідавана ў 1918), у якім да 1910 г. працаваў вядомы рэвалюцыянер, бальшавік П. М. Лепяшынскі. 3 1911 да 1919 г. працавала жаночая настаўніцкая семінарыя.

Нягледзячы на, здавалася б, немалую колькасць разнастайных навучальных устаноў, узровень народнай адукацыі ў Оршы ў канцы 19 — пач. 20 ст. трэба лічыць нізкім. Так, па перапісе 1897 года непісьменныя складалі каля палавіны — 48,2 % насельніцтва горада. Масавую непісьменнасць абумовілі недастатковая колькасць школ і высокая плата за навучанне.

Сёння ў горадзе дзейнічаюць 22 агульнаадукацыйныя школы, спецыяльная і дапаможная школы, 44 дашкольныя ўстановы. Адкрыты ўстановы новага тыпу — гімназія № 10 і агульнаадукацыйны ліцэй у горадзе Барань.

У горадзе 7 устаноў пазашкольнай адукацыі. Гэта эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і моладзі, станцыя юных тэхнікаў, цэнтр дзіцячай творчасці, цэнтр дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства, 2 дзіцяча-юнацкія спартыўныя школы і аэраклуб.

Прафесійную адукацыю даюць:

Медыцына

У структуру гарадскога тэрытарыяльнага медыцынскага аб’яднання № 1 уваходзяць: гарадская бальніца імені Н. Сямашкі, паліклініка № 1 і № 3, дзіцячая паліклініка, процітуберкулёзны дыспансэр, псіханеўралагічны дыспансэр, кожна-венералагічны дыспансер, дзіцячая стаматалагічная паліклініка, станцыя хуткай неадкладнай медыцынскай дапамогі, станцыя пералівання крыві, Дом дзіцяці, дзіцячая малочная кухня, Андрэеўшчынская ўрачэбная амбулаторыя і інш.

Магутнасць амбулаторна-паліклінічных устаноў складае 333,8 наведванняў у змену на 10 тыс. насельніцтва. Маецца 1145 ложкаў кругласутачнага прыбывання[42].

Спорт

У горадзе 4 стадыёны, 53 спартыўныя залы, 5 басейнаў, 4 міні-басейны ў дзіцячых установах. З 2008 года пасля рэканструкцыі пачаў працаваць гарадскі стадыён.

У 5 ДЮСШ займаюцца 1768 юнакоў і дзяўчат, заняткі з якімі праводзяць 83 выкладчыкі, пяць з каторых носяць ганаровае званне «Заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь». У горадзе працуюць два суддзі вышэйшай нацыянальнай катэгорыі і 20 суддзяў нацыянальнай катэгорыі.

Выхаванцамі гарадскіх фізкультурных устаноў з’яўляюцца шасцікратны чэмпіён свету, прызёр Алімпійскіх гульняў па канькабежным спорце Ігар Жалязоўскі, якому ў 1994 годзе было прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін горада Оршы», шматразовыя чэмпіёны свету і Еўропы па барацьбе самба Святлана Селіханава, Людміла Бядрыцкая і Анжаліка Савейка, чэмпіён па веласіпедным спорце Ігар Сумнікаў, першы ў гісторыі беларускага дзюдо чэмпіён свету сярод юніёраў Дзяніс Кунцэвіч і чэмпіён Сусветнай універсіяды па дзюдо Дзяніс Калтанюк[43].

Будынак былога езуіцкага калегіума
Касцёл Святога Юзафа Абручніка
Вадзяны млын і мост цераз замкавы роў
Свята-Духаўская царква
Помнік Уладзіміру Караткевічу ў Оршы. Скульптар Голубеў I.

Славутасці

Гістарычныя будынкі

Культавае дойлідства

Помнікі археалогіі

Помнікі гісторыі

Страчаная спадчына

Вядомыя ўраджэнцы і жыхары

Асноўныя артыкулы: Вядомыя асобы Оршы і Ганаровыя грамадзяне Оршы

Гарады-пабрацімы

Гл. таксама

Зноскі

  1. «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» Архівавана 4 сакавіка 2016. (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
  2. Численность населения на 1 января 2022 г. и среднегодовая численность населения за 2021 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типаНациональный статистический комитет Республики Беларусь, 2022.
  3. 1 2 Вынікі перапісу 2009 года
  4. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
  5. 1 2 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
  6. Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 273.
  7. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Оршы і Аршанскага раёна. У 2 кн. / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў [і інш.].
  8. Іскрык В., Саўка З.. Сапраўдныя назвы беларускіх гарадоў (нявызн.). Белсат ТВ (16 студзеня 2011). Праверана 9 чэрвеня 2011.
  9. Лемцюгова В. П. : Прадмова да даведніка «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь»
  10. Шынкевіч А. Орша // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — 592 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9. С. 357.
  11. 1 2 3 4 5 Шынкевіч А. Орша // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — 592 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9. С. 358.
  12. В. Ляўко…
  13. Principality of Smalensk in the 12th century // Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы = The History of the Belarusian Nation and State / Выд. 2-е, дап.; Біч М., Гарэцкі Р., Конан У. і інш.. — Мн.: ІП Зміцер Колас, 2005. — С. 354. — 440 с.: іл. — ISBN 985-6793-06-2.
  14. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 Орша // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
  15. 1 2 3 Аршанскія пасады і слабоды // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя. У 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — Т. 1: А―К. — 496 с. — ISBN 978-985-11-0354-2.
  16. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; маст.: З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі.. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0389-4.
  17. Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5. С. 210.
  18. Аршанскі Куцеінскі Успенскі манастыр // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 1: А — Аршын. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1), ISBN 985-11-0035-8.
  19. Корбут В. «Галоўная краса горада — манастыры», або Па слядах Стэндаля і Напалеона Архівавана 12 ліпеня 2012. // «Народная газета», 13 мая 2009.
  20. 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002.— 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  21. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 30 лістапада 1959 г. Аб уключэнні ў гарадскую мяжу горада Оршы вёскі Гразівец Пішчалаўскага сельскага Савета Аршанскага раёна // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1959, № 16.
  22. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР Аб уключэнні ў мяжу горада Оршы вёскі Пустынкі Першамайскага сельсавета Аршанаскага раёна ад 16 верасня 1966 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1966, № 28 (1148).
  23. На «Дожинки-2008» в Орше потратят 400 миллиардов Архівавана 20 ліпеня 2011. // БелТА, 14 лютага 2008. (руск.)
  24. Граблевский О.. И дожинки, и докопки(руск.)  (недаступная спасылка). Bulletinonline.org (24 ліпеня 2008). Архівавана з першакрыніцы 8 сакавіка 2012. Праверана 24 жніўня 2013.
  25. Указ Президента Республики Беларусь от 14 января 2013 г. № 27 «Об объединении районов и городов областного подчинения Республики Беларусь, имеющих общий административный центр»(руск.)  (pdf) (недаступная спасылка). Нацыянальны прававы Інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь (14 студзеня 2013). Архівавана з першакрыніцы 4 сакавіка 2016. Праверана 7 лютага 2016.
  26. Аршанскі раён // Памяць. Орша і Аршанскі раён: гісторыка-дакументальная хроніка гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мн., 1999. — Кн. 1. — С. 23-24.
  27. Архіўная копія (нявызн.) (недаступная спасылка). World Gazetteer. Архівавана з першакрыніцы 12 студзеня 2012. Праверана 31 жніўня 2012.
  28. Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Г. Валажынскі; пад. рэд. З. В. Шыбекі — Мінск: Харвест, 2007 С. 86.
  29. Orsza // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VII: Netrebka — Perepiat. — Warszawa, 1886. S. 598.
  30. Орша // Орша // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.) . — СПб., 1890—1907.
  31. Шаблон:Крыніцы/Гарады Беларусі на старых паштоўках С. 201.
  32. Орша // Советская историческая энциклопедия : у 16 т. / под ред. Е. М. Жукова. — М. : Советская энциклопедия, 1961—1976.
  33. Орша // Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
  34. Орша // Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.
  35. У 14 гарадах Беларусі колькасць насельніцтва перавышае 100 тыс. чалавек // «Наша Ніва», 26 сакавіка 2009 г.
  36. Архіўная копія(руск.)  (недаступная спасылка). Витебский облисполком. Архівавана з першакрыніцы 18 студзеня 2012. Праверана 31 жніўня 2012.
  37. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
  38. http://www.belstat.gov.by/ofitsialnaya-statistika/publications/izdania/public_bulletin/index_13322/
  39. Барысава, А. Ліцэю лёгкай прамысловасці — 40 гадоў / А. Барысава // Аршанская газета. — 2009. — 24 Кастро. — С. 3 (руск.)
  40. Гатоўская, Л. Няхай у жыцці будзе ўсё «выдатна» / Л. Гатоўская // Аршанская газета. — 2009. — 21 сак. — С. 3. Пра Аршанскім дзяржаўным механіка-эканамічным каледжы, якому споўнілася 55 гадоў. (руск.)
  41. Арлова, О. Аршанскаму тэхнікуму [чыгуначнага транспарту] — 75 гадоў! // Чыгуначнік Беларусі. — 2004. — 28 каст. — С. 3. (руск.)
  42. Шутова, О. «Заморозка» не в пользу больных / О. Шутова // Народнае слова. — 2009. — 20 чэрв. — С. 2.О заседании президиума Оршанского городского Совета депутатов, на котором шла речь о планах по оптимизации и реконструкции сети лечебных учреждений города.
  43. Шыдлоўскі, Л. І. Аршаншчына спартыўная / Л. І. Шыдлоўскі // Памяць. Орша і Аршанскі раён: гісторыка-дакументальная хроніка гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мн., 2000. — Кн. 2. — С. 390—395.

Літаратура

  • Асіноўскі С. Орша: залатыя стрэлы на блакітным полі / С. М. Асіноўскі. — Мн., 1997. — 428 с.
  • Памяць. Орша і Аршанскі раён: гісторыка-дакументальная хроніка гарадоў і раёнаў Беларусі: у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн., 2000.
  • Шынкевіч А. Аршанская даўніна / А. М. Шынкевіч. — Мн., 1992. — 141 с.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Аршанскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі без сельсавета Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Старадарожскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты на Дняпры Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be