wd wp Пошук:

Уэлінгтан

Уэ́лінгтан, або Ве́лінгтан (англ.: Wellington) — сталіца Новай Зеландыі, другі па колькасці насельніцтва горад краіны, найбуйнейшая сталіца сярод краін Акіяніі і самая паўднёвая сталіца ў свеце[1]. Горад размешчаны ў рэгіёне Уэлінгтан у паўднёвай частцы вострава Паўночны. Маарыйская назва Уэлінгтана — Тэ Фанаўі-а-Тара (маары: Te Whanganui-a-Tara).

Гісторыя

Уэлінгтан у 1843 г.

Першае брытанскае паселішча Брытанія (Britannia) на месцы Уэлінгтана было заснавана ў 1840 г. у паўночнай частцы заліва Порт-Нікалсан на рацэ Хат. Аднак частыя паводкі вымусілі пазней перанесці цэнтр горада на заходні бераг заліва. Сваю назву ён атрымаў у гонар герцага Уэлінгтана.

У 1865 г. горад стаў галоўным адміністрацыйным цэнтрам Новай Зеландыі. 26 ліпеня 1865 г. тут адбылося першае паседжанне навазеландскага парламента. У гэты час насельніцтва сталіцы складала ўсяго 4900 чал.

Раёны горада

Уэлінгтан другі па колькасці жыхароў горад Новай Зеландыі. Ён займае значную тэрыторыю і часцяком завецца самым навазеландскім паселішчам, паколькі мясцовы ўзгорысты рэльеф не спрыяў замацаванню традыцый брытанскай архітэктуры.

Уэлінгтан месціцца на паўвостраве на ўзбярэжжы заліва Порт-Нікалсан, які лічыцца адной з найлепшых натуральных гаваняў свету. Аднак частыя моцныя вятры і рыф Барэт перашкаджаюць суднаходству. У 1968 г. у выніку моцнага шторма ў заліве пацярпеў крушэнне паром «Вахінэ». Значная частка сталічнага цэнтра і аэрапорт Парапароўмі пабудаваны на зямлі, адваяванай у мора. У цэнтры знаходзяцца пераважна дзяржаўныя і дзелавыя будынкі. Прамысловыя прадпрыемствы і раёны для пражывання традыцыйна ўладкоўваюцца на ўсраінах. Галоўнай вуліцай лічыцца Лэмбтан-Кі, на якой знаходзіцца парламент. Ад яе кароткія вулачкі спускаюцца да самой набярэжнай. У цэнтры Уэлінгтана таксама працуе бібліятэка Тэрнбула, вядомая сваёй калекцыяй англійскіх кніг XVII ст. і зборамі арыгінальных дакументаў пра асваенне Антарктыкі і Акіяніі.

Заходні і паўднёвы берагі паўвострава, на якім месціцца Уэлінгтан, рэдка наведваюцца гараджанамі. Тут стромкія ўзвышшы рэзка абрываюцца ў мора, ад якога яны аддзеленыя толькі вузкай паласой друзу. Аднак гэтыя мясціны папулярны сярод паляўнічых і турыстаў. Самі жыхары горада звычайна адпачываюць у месцы Залаты Бераг на поўдні, дзе маюцца пяшчаныя выдмы, тэмпература паветра звычайна некалькі вышэй, чым у цэнтры горада, а на запаведным востраве насупраць калісьці знаходзілася рэзідэнцыя маарыйскага правадыра Тэ Раўпараха.

Лоўэр-Хат — самы буйны прыгарад Уэлінгтана. Гэта буйны індустрыяльны і навуковы цэнтр. Другім прамысловым прыгарадам з’яўляецца Петан. А вось прыгарад Апер-Хат называюць спальным, хаця і ў ім маюцца прамысловыя прадпрыемствы. Жыхары яго ўскраін трымаюць агароды і нават займаюцца авечкагадоўляй.

Кіно

У горадзе размяшчаецца оскараносная студыя па эфектах для кіно — Weta Digital.

Зноскі

  1. New Zealand(нявызн.) (недаступная спасылка). CIA. World Factbook. Архівавана з першакрыніцы 18 верасня 2019. Праверана 17 лістапада 2008.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be