Форт-дэ-Франс
Фо́рт-дэ-Фра́нс (фр.: Fort-de-France) — сталіца французскага заморскага дэпартамента Марцініка, якая знаходзіцца на заходнім узбярэжжы вострава над затокай Форт-дэ-Франс. Гэта самы вялікі французскі горад у Цэнтральнай Амерыцы, насельніцтва налічвае 134,7 тысяч чалавек.
У ХVII стагоддзі французскія паселішчы на выспе Марцініка знаходзіліся на яе заходнім узбярэжжы. Самае вялікае паселішча Форт-Роял было заснаванае ў 1672 годзе, пазней назва была змененая на Форт-дэ-Франс. Форт, заснаваны пры ўваходзе ў самы вялікі заліў вострава, знаходзіўся ў зручным абаронным становішчы, якое дазваляла яму адбіваць атакі як піратаў, так і галандскіх і англійскіх заваёўнікаў.
Але горад, абкружаны балотамі, часта пакутаваў ад малярыі. У ХІХ стагоддзі, у 1839 годзе адбылося моцнае землетрасенне, а ў 1890 годзе пажар, які амаль поўнасцю знішчыў горад, у 1891 годзе горад пацярпеў ад урагану. Нягледзячы на гэта, Форт-дэ-Франс заставаўся адміністрацыйным і ваенным цэнтрам Марцінікі. Да вывяржэння вулкана ў 1902 годзе гандлёвым цэнтрам вострава заставаўся Сент-Пэрэ, але, пасля амаль поўнага яго знішчэння, гандаль перамясціўся ў Форт-дэ-Франс.
У нашы дні Форт-дэ-Франс — гэта галоўны эканамічны і адміністрацыйны цэнтр вострава, тут знаходзіцца галоўны порт дэпартаменту. У горадзе сканцэнтравана большая частка прамысловых прадпрыемстваў Марцінікі. Акрамя таго, у горадзе знаходзіцца адна з асноўных ваенна-марскіх базаў Францыі ў Карыбскім моры.
У горадзе атрымаў развіццё турызм. Асноўнымі турыстычнымі аб’ектамі сталі былыя ваенныя форты XVIII і XIX стагоддзяў: Дэсокс, Тартэнсон і Гербо. Важнай турыстычнай каштоўнасцю з’яўляецца помнік Жазэфіне, жонцы Напалеона.
Гарады-пабрацімы
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Форт-дэ-Франс
- ↑ база даных аб французскіх камунах — Institut national de l’information géographique et forestière. Праверана 26 кастрычніка 2015.
- 1 2 Base officielle des codes postaux — La Poste, 2018.
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.