Фрыдрыхсгайн
Гэты артыкул — пра раён Берліна. Пра парк гл. Народны парк Фрыдрыхсгайн. Фрыдрыхсгайн (ням.: Friedrichshain — «гай Фрыдрыха») — адміністрацыйны раён Берліна ў складзе акругі Фрыдрыхсгайн-Кройцберг. Да адміністрацыйнай рэформы, праведзенай у Берліне ў 2001 годзе, з’яўляўся самастойнай адміністрацыйнай акругай. На поўначы раёна размяшчаецца гарадскі парк Фрыдрыхсгайн, які даў назву раёну, што працягнуўся на поўдзень да берага Шпрэе. Фрыдрыхсгайн лічыцца прыкладам джэнтрыфікацыі ў Берліне.
Гісторыя
На тэрыторыі раёна Фрыдрыхсгайн размяшчаюцца гістарычныя кварталы Штралаўскае прадмесце, Боксгаген, Штралау, Самарытэрфіртэль і ўсходняя частка Кёнігсштата, а таксама калонія Фрыдрыхсберг, якая некалі адносілася да раёна Ліхтэнберг . Да 1920 года раён дзяліла ўпоперак гарадская мяжа, пра што нагадваюць назвы Франкфурцкая брама і Обербаўмбруке.
У дваццатыя-трыццатыя гады ХХ стагоддзя Фрыдрыхсгайн быў апорай сацыял-дэмакратаў і камуністаў. Прыход да ўлады нацыянал-сацыялістаў суправаджаўся тут крывавымі сутыкненнямі са штурмавікамі, падчас якіх быў забіты Хорст Весель. Нацыянал-сацыялісты скарысталіся яго смерцю для барацьбы з палітычным іншадумствам. У 1933—1945 гадах Фрыдрыхсгайн насіў назву Хорст-Весель-Штат (Горад Хорста Веселя). У 1930-я гады насельніцтва Фрыдрыхсгайна налічвала 340 тыс. чалавек. Да Другой сусветнай вайны і ў ГДР Фрыдрыхсгайн быў рабочым раёнам, дзе размяшчаліся шматлікія прамысловыя прадпрыемствы. У 1945 годзе раён панёс сур’ёзныя страты пры бамбардзіроўках і падчас вулічных баёў. Практычна цалкам разбураная Франкфуртэр-алее была адноўлена ў ГДР першапачаткова як алея Сталіна, а пазней пераназвана ў 1961 годзе ў Карл-Маркс-алее. Забудова Карл-Маркс-алее знаходзіцца пад аховай дзяржавы як помнік архітэктуры. У апошнія гады была праведзена маштабная рэканструкцыя вуліцы.
Папулярным месцам адпачынку берлінцаў з’яўляецца Народны парк Фрыдрыхсгайн з фантанам казак, пабудаваным у 1913 годзе па праекце гарадскога архітэктара Берліна Людвіга Гофмана[1].
У Фрыдрыхсгайне размяшчаецца адзін з найбуйнейшых чыгуначных вакзалаў цягнікоў далёкага накіравання — Остбанхоф, які, аднак, часткова страціў сваё значэнне пасля ўвядзення ў эксплуатацыю ў 2006 годзе Цэнтральнага вакзала Берліна. Іншым важным транспартным вузлом на тэрыторыі Фрыдрыхсгайна з’яўляецца вакзал Осткройц, штодзённы пасажыраабарот якога складае каля 100 тысяч пасажыраў.
Славутасці
- Обербаўмбруке
- Народны парк Фрыдрыхсгайн
- Фантан казак, Берлін
- Франкфурцкая брама
- Карл-Маркс-алее
- East Side Gallery
Літаратура
- Ralf Schmiedecke: Archivbilder Berlin-Friedrichshain. Sutton Verlag, Erfurt 2006, ISBN 978-3-86680-038-0
Зноскі
Тэмы гэтай старонкі:Катэгорыя·Раёны Берліна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.