Чарлёна
Чарлёна[1] (трансліт.: Čarliona, руск.: Черлёна) — вёска ў Мастоўскім раёне Гродзенскай вобласці. Уваходзіць у склад Дубненскага сельсавета. За 2 км на паўднёвы ўсход ад вёскі чыгуначная станцыя Чарлёна на лініі Масты — Гродна.
Гісторыя
У 1503—1513 гадах уладальнік «двара» Дубна, князь Канстанцін Крошынскі, далучэннем суседніх пустаўшчызн і сялянскіх земляў пашырыў свае дубенскія ўладанні ўздоўж Нёмана ў паўночна-заходнім кірунку, у бок Луннай і Свіслачы, і на новых абшарах заклаў «двор» на імя Лунна або Лунна-Чарлёна на рацэ Луннай.[2]
У 1513 годзе, 8 ліпеня князь Канстанцін выдаў дачку Ганну замуж за гаспадарскага двараніна Януша Сапегу, а пасагам за ёй даў новазбудаваны «двор» Лунна-Чарлёна на Луннай з 60 службамі, 40 пустаўшчызнамі і землямі ў Чарлёне, якія ахоплівалі абодва берагі Нёмана, перавоз на Нёмане каля Карповічаў (Карпаў перавоз), два ставы на Луннай і старыцу Нёмана каля Чарлёны. Князь Канстанцін пакінуў сабе і жонцы права пажыццёва валодаць Лунна-Чарлёнай разам з зяцем і дачкой, але забараніў іншым дачкам, будучым зяцям і іх нашчадкам, прэтэндаваць на гэты маёнтак. Наданне Янушу Сапегу, яго жонцы і дзецям, пацвердзіў кароль Жыгімонт Стары 3 лютага 1515 года. Пасля смерці цешчы Януша, Чарлёна ў складзе Лунненскага маёнтка вылучылася з Дубенскай воласці ў асобную ўласнасць яго сыноў.[3]
Напэўна, Януш Сапега пабудаваў «двор» у Чарлёне, які ў сярэдзіне XVI ст. называўся «стары двор Чарлёнскі»[4]. Праз падвоеную назву ўладанняў цяжка адрозніць, калі пад імем Лунна або Чарлёна меўся на ўвазе адзіны маёнтак Лунна-Чарлёна, а калі асобныя яго часткі — Лунна і Чарлёна. Канчаткова Чарлёна вылучылася сярод лунненска-чарлёнскіх уладанняў Сапегаў у 1540-1550-я гады, калі так пачалі называць толькі землі на правым беразе Нёмана, якія межавалі з вялікакняжацкім дваром Дубна. Землі на левым беразе Нёмана пачалі называць толькі Луннам. Спачатку маёнтак Чарлёна складаўся з некалькі частак, напэўна чатырох, якія належалі Глебу, Дзмітру, Сцяпану і Міхаілу Янушавічам Сапегам.[5]
У сярэдзіне XVI ст. у Чарлёне, апроч старога «двара», былі асобныя «двары» прынамсі Дзмітра і Міхаіла Янушавічаў Сапегаў. Да 1580-х гадоў асноўныя сапежынскія лунненска-чарлёнскія ўладанні сабралі ў сваіх руках Мікалай і Леў Міхайлавічы Сапегі, па падзеле паміж імі ў 1581 годзе Чарлёну атрымаў Мікалай[6]. У 1580—1590 гадах Мікалай стварае ў Чарлёне сваю рэзідэнцыю, фундуе на Чарлёнскім двары праваслаўную царкву, што ўзнімае статус паселішча. Не вядома пабудаваў ён свой «двор» на месцы аднаго з папярэдніх або на новым, але з гэтага часу і да 1940-х гадоў дворскія і палацавыя пабудовы ў Чарлёне лакалізуюцца на гэтым месцы. Мікалай Сапега пахаваны ў 1611 годзе ў Чарлёнскай царкве, якая стала родавым некропалем.[7]
Потым Чарлёнскі маёнтак належаў сыну Мікалая — Фрыдэрыку Сапегу. У 1615 годзе ў Чарлёне разам з Лаўнам было 60 гаспадарак. У 1637 годзе Фрыдэрык фундаваў базыліянскі манастыр пры Чарлёнскай царкве.[8] Фрыдэрык памёр без нашчадкаў, спадчыну падзялілі бліжэйшыя сваякі, Чарлёна дасталася сястры Марыяне, жонцы Юрыя Камароўскага[9]. Па Марыне маёнтак спадчынай перайшоў яе сыну — Яну Юр’евічу Камароўскаму[9], а па ім яго дачцэ Гелене Канстанцыі, жонцы дэрпцкага падкаморага Канстанціна Лукаша Шэмета[10].
Сужэнцы Шэметы ў 1663 годзе прадалі маёнтак Чарлёна, з належнымі яму пляцамі ў Гродне, смаленскаму кашталяну Самуэлю Каралю Вільчаку і яго жонцы Катажыне з Навіцкіх[10]. Сужэнцы Вільчакі ў 1676 годзе аддалі ў заставу земскаму суддзі гарадзенскаму Тамашу Валовічу і яго жонцы Канстанцыі з Завішаў за 4 тысячы злотых самую вялікую частку маёнтка Чарлёна — вёску Вялікая Чарлёна з агароднікамі, з застаўнага інвентара вядома, што ў ёй было 20 валок і 11 агародаў.[10]
Чарлёна прыцягвала ўвагу чарэйскай лініі Сапегаў як аб’ект родавай гістарычнай памяці і адпаведна амбіцый, ваявода віленскі і вялікі гетман літоўскі Казімір Ян Сапега 5 мая 1685 года за 100 тысяч злотых адкупіў ад смаленскага кашталяніча Пятра Караля Вільчака і яго жонкі Іанны з Кашубскіх маёнтак Чарлёна. Праз два гады ад акта продажу 22 красавіка 1687 года ўласнаручна Пятром Каралем Вільчакам напісаны «інвентар» уладанняў Чарлёна. Цяпер гэта найстарэйшы з вядомых комплексных інвентароў маёнтка Чарлёна, аўтар апісаў жылыя і гаспадарчыя будынкі двара, фальваркаў Чарлёна і Харціца з аднайменнымі вёскамі, пералічыў сялянскія сем’і і гаспадаркі з пазначэннем валок зямлі, валоў, коней і кароў, а таксама абавязкі і павіннасці сялян.[10]
У XVIII ст. пры нашчадках Казіміра Яна Сапегі — сыне, маршалку земскім літоўскім Аляксандры Паўле, і ўнуку, падканцлеры літоўскім Міхале Антонію — двор Чарлёна стаў найбольш значнай драўлянай рэзідэнцыі родавых уладанняў[11]. Таксама Міхал Антоні купіў нейкую частку маёнтка Чарлёна ў ваўкавыскага падстаросты Міхала Масальскага (пасла на сойм 1748 года).
У Сапегаў у 1799 годзе маёнтак Чарлёна купіў князь Францішак Друцкі-Любецкі (1741—1802), з таго часу і да 1939 года Чарлёна належала роду Друцкіх-Любецкіх. Князь Францішак Друцкі-Любецкі пабудаваў у маёнтку драўляны, крыты гонтай палац, з гербам Друцкіх-Любецкіх над ганкам, палацам карысталіся болей за 100 гадоў.
Ад Францішка Друцкага-Любецкага маёнтак перайшоў да яго сына — князя Фрацішка Ксаверыя Францішкавіча (1778—1846), а пасля да сына апошняга — князя Аляксандра Ксавер’евіча Друцкага-Любецкага (1827—1898). Пасля сялянскай рэформы ў Расійскай Імперыі (1861) вызваленыя ад прыгону сяляне атрымалі ва ўласнасць частку зямель маёнтка Чарлёна, большая частка засталася ў князёў Друцкіх-Любецкіх.
Пасля смерці князя Аляксандра Ксавер’евіча Друцкага-Любецкага маёнтак у спадчыну атрымаў яго сын — князь Уладзіслаў Аляксандравіч Друцкі-Любецкі (1864—1913), жанаты з графіняй Марыяй Здзіславаўнай Замойскай (1868—1939). Іх дочкі — князёўны Тэрэза і Яніна Друцкія-Любецкія — апошнія ўладальніцы Чарлёны. З уключэннем у 1939 годзе Заходняй Беларусі ў склад БССР усе землі, як князёў, так і вяскоўцаў, нацыяналізаваны савецкай уладай без кампенсацыі.
Да 2013 года вёска ўваходзіла ў склад Харціцкага сельсавета[12].
Страчаная спадчына
Палац Друцкіх-Любецкіх
Будынак палаца князёў Друцкіх-Любецкіх уяўляў сабой аднапавярховы, шырокі і выцягнуты простакутны зрубны аб’ём, накрыты надзвычай высокім паўвальмавым гонтавым дахам. Па баках выступалі алькежы, крытыя самастойнымі нізкімі чатырохсхільнымі дахамі. Галоўны фасад у сярэдняй частцы вылучаўся ганкам на чатырох тонкіх драўляных калонах, якія падтрымлівалі шчыт з аркатурай. У яго полі знаходзіўся невялікі гербавы картуш. Да тыльнага боку дома прымыкала вялікая тэраса. Анфіладную планіроўку дома пацвярджае інвентар 1759 г. Сцены ўпрыгожвалі зялёныя атласныя шпалеры з раслінным арнаментам. Дэкор дапаўнялі люстры ў разных пазалочаных рамах, мармуровыя і драўляныя столікі, крэслы, шафы з мастацкай коўкай і распісной абіўкай. У доме захоўвалася вялізная калекцыя родавых рэліквій і твораў мастацтва. Адзін пакой служыў дамавой капліцай. Ашклёная галерэя злучала дом з суседнім будынкам кухні і пральні.
Стары «італьянскі» рэгулярны парк быў абнесены высокай мураванай агароджай з брамай. На двары знаходзіўся круглы газон з кветкавымі клумбамі. У парку стаялі капліца, дзве відавыя вежы. Акрамя гэтага, сядзібны комплекс уключаў флігелі, гаспадарчыя будынкі, стайню з вазоўняй, трох’ярусную скарбніцу, накрытую гонтавым дахам, завершаным купалам.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
- ↑ Семянчук, 2014, с. 373
- ↑ Семянчук, 2014, с. 374
- ↑ Семянчук, 2014, с. 378
- ↑ Семянчук, 2014, с. 377
- ↑ Семянчук, 2014, с. 387
- ↑ Семянчук, 2014, с. 388
- ↑ Семянчук, 2014, с. 391
- 1 2 Семянчук, 2014, с. 392
- 1 2 3 4 Семянчук, 2014, с. 393
- ↑ Семянчук, 2014, с. 394
- ↑ Решение Гродненского областного Совета депутатов от 28.08.2013 N 252 О некоторых вопросах административно-территориального устройства Мостовского района Гродненской области Архівавана 5 сакавіка 2016. (руск.)
Літаратура
- Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — Wrocław — Warszawa — Kraków : Zaklad im. Ossolinskich Wyd-wo, 1993. — Cz. 1. Wielkie księstwo Litewskie. Inflanty. Kurlandia. — T. 3. Województwo trockie, Księstwo Żmudzkie, Inflanty Polskie, Księstwo Kurlandzkie. — 413 s.
- Семянчук Г. М. Чарлёна — двор Сапегаў над Нёманам у XVI—XVII стст. // Магнацкі двор і сацыяльнае ўзаемадзеянне (XV—XVIII стст.) : зборнік навуковых прац / Установа “Музей «Замкавы комплекс „Мір“»”; пад рэд. А. М. Янушкевіча. — Мн.: Медысонт, 2014. — С. 372—394.
- Страчаная спадчына / Т. В. Габрусь, А. М. Кулагін, Ю. У. Чантурыя, М. А. Ткачоў: Уклад. Т. В. Габрусь.. — Мн.: Беларусь, 2003. — 351 с. — ISBN 985-01-0415-5.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Чарлёна
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Мастоўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.