Абухава (Віцебскі раён)
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Абухава. Абухава — вёска ў Віцебскім раёне Віцебскай вобласці, у складзе Варонаўскага сельсавета. Знаходзіцца ў 11 км на ўсход ад Віцебска.
Гісторыя
У канцы XVII ст. вядома як цэнтр маёнтка ў Віцебскім ваяводстве ВКЛ. У 1717 годзе маёнтак (45 сялянскіх душ мужчынскага полу) прыватная ўласнасць Фядоры і Элеаноры Закрэўскіх. У складзе маёнтка тры вёскі: Абухава, Юзыкі і Зайцава — увогуле 12 сялян-гаспадароў, якія мелі па 1/8—1/4 валокі зямлі і плацілі штогод 5—10 злотых чыншу. 1/3 маёнтка ў складзе вёскі Філіпава (22 рэвізскія сялянскія душы мужчынскага полу і 6 гаспадароў-сялян) належала Францу і Канстанціну Хількевічам.
Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у інкарпаравана ў склад Расійскай імперыі. Уваходзіла ў склад Віцебскага павета Пскоўскай, з 1776 года Полацкай, з 1796 года Беларускай, з 1802 года Віцебскай губерняў. У 1785 годзе сяльцо і вёска. У 1789 маёнтку належала 8273 дзес. 2138 сажняў зямлі.
У 1834 у маёнтку 145 рэвізскіх сялянскіх душ. У 1846 прыватная ўласнасць калежскага асэсара і кавалера памешчыка Дз. Заблоцкага, яму належала 6 вёсак (151 рэвізская сялянская душа), конны млын (500 руб.), карчма (200 руб.), фруктовы сад (300 руб.) У 1847 у вёсцы Абухава 6 двароў, 32 жыхары. У 1878 прыватная ўласнасць памешчыцы М. Заблоцкай, якая мела 500 дзес. зямлі.
На пачатку XX ст. у Каралёўскай воласці Віцебскага павета і губерні. У 1905 вёскі Абухава-1 (11 двароў, 90 жыхароў) і Абухава-2 (2 двары, 17 жыхароў) належалі Друкаўскаму сельскагаспадарчаму таварыству; маёнтак (25 двароў, 130 жыхароў) належаў мяшчанскаму праўленню, якое мела 250 дзес. зямлі. У 1911 земствам адкрыта школа, навучанне вялося на рускай мове.
У 1920 у нацыяналізаваным будынку адкрыта школа 1-й ступені. якую наведвалі дзеці з навакольных вёсак Паляі, Шульцава, Хадулова, Селівоўшчына, Буева, Волкава. Паводле Першага Усесаюзнага перапісу насельніцтва 1926(руск.) бел., у вёсцы 19 двароў, 94 жыхары, на хутары 25 двароў, 105 жыхароў. У 1928 у вёсцы дзейнічаў вадзяны млын (10 к. с.). У 1939 у Абухава былі пераселены жыхары вёсак Паўлоўшчына і Філіпава.
У час Другой сусветнай вайны на тэрыторыі БССР нямецкія карныя ўлады знішчылі тут 59 двароў і 4 мірных жыхароў. Вывезена ў Германію 15 чал., вярнулася 6. На фронце загінула 12 вяскоўцаў, у партызанах 16.
Пасля вайны вёска адбудавалася. Да 22 снежня 1960 года вёска ўваходзіла ў склад Бабініцкага сельсавета[1].
На 1 студзеня 2003 8 двароў, 10 жыхароў. Вёска ў складзе камунальнага ўнітарнага сельгаспрадпрыемства «Вароны».
Насельніцтва
- XVIII стагоддзе: 1717 — 45 душ мужчынскага полу;
- XIX стагоддзе: 1834 — 145 рэвізскіх сял. душ; 1846 — 151 рэвізская сял. душа;
Літаратура
- З гісторыі населеных пунктаў / Падрых. В. В. Віталева // Памяць: Віцебскі раён: Гісторыка-дакументальная хроніка гарадоў і раёнаў Беларусі / Рэдкал.: А. П. Красоўскі [і інш.]; Укл. У. І. Мезенцаў; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: Мастацкая літаратура, 2004. — 772 с.: іл. — С. 725—726. — ISBN 985-02-0647-0.
- ↑ Рашэнне выканкома Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 22 снежня 1960 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1961, № 4 (924).
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Віцебскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.