Віцебскі раён
Ві́цебскі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Віцебскай вобласці. Утвораны 17 ліпеня 1924 года (у сучасных межах з 1960 г.). Плошча — 2737,85 км². Раённы цэнтр — Віцебск. Працягласць раёна з поўдня на поўнач каля 100 км, з захаду на ўсход каля 50 км. Мяжуе: на ўсходзе з Лёзненскім раёнам і Смаленскай вобласцю Расійскай Федэрацыі, на паўночным усходзе з Пскоўскай вобласцю Расійскай Федэрацыі, на поўначы з Гарадоцкім раёнам, на захадзе з Шумілінскім і Бешанковіцкім раёнамі, на поўдні з Сенненскім раёнам.
Геаграфія
Рэльеф
Паверхня раёна пагорыста-раўнінная, расчлененая далінамі рэк. Агульны нахіл тэрыторыі з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад. Амаль 2/3 тэрыторыі на вышыні 150—200 м. У цэнтры і на ўсходзе Віцебскае ўзвышша (вышыня 180—200 м, адносныя перавышэнні ад 10 да 25 м.), на захадзе Полацкая, на паўночным усходзе Суражская нізіны. Найвышэйшы пункт 266 м над узроўнем мора (каля былой вёскі Хамутоўка, Вымнянскі сельсавет), а самы нізкі — 120 м. (зрэз Заходняй Дзвіны ля вёскі Старое Сяло, Лятчанскі сельсавет). Невялікую паўночную частку раёна займае Гарадоцкае ўзвышша.
Раён налічвае 68 азёр. Больш 45 % плошчы занята лясамі, 5 % знаходзіцца пад вадой і балотамі. Азёры: Астравіта, Гародна, Замошша, Заронава, Мошна, Сяляева, Сосна і інш.
Заказнікі
Заказнікі рэспубліканскага значэння:
Заказнікі мясцовага значэння:
- Арніталагічны заказнік «Дымаўшчына»
- Батанічны заказнік «Акцябрскі»
- Батанічны заказнік «Віцебскі»
- Батанічны заказнік «Прыдзвінне»
- Батанічны заказнік «Тулаўскі»
- Батанічны заказнік «Чортава барада»
Гісторыя
У 1918 г. Віцебскі павет з’яўляўся тэрыторыяй шматлікіх антысавецкіх паўстанняў. У лістападзе 1918 г. было задушана паўстанне ў Вазнясенскай воласці. Адзін з лідараў паўстання быў расстраляны, 5 чал. было перададзена ЧК, а яшчэ 5 былі абвешчаны па-за законам. У ходзе раззбраення было адабрана каля 1500 вінтовак[6]. Пасля стварэння Беларускай ССР Віцебскі павет увайшоў у яе склад, у лютым 1919 г. ў склад Літоўска-Беларускай ССР, павет у складзе Віцебскай губерні адышоў да РСФСР. Да 1920 г. ў Віцебскі павет уваходзілі 23 воласці. 3 сакавіка 1924 г. тэрыторыя павета ў межах адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу 1920 г. была вернута ў склад Беларускай ССР.
17 ліпеня 1924 года ўтвораны Віцебскі раён у складзе Віцебскай акругі БССР. Цэнтр — горад Віцебск. 20 жніўня 1924 года падзелены на 12 сельсаветаў: Астровенскі, Бабініцкі, Войтаўскі, Машканскі, Пліскі, Рудакоўскі, Рудніцкі, Сініцкі, Сялюцкі, Чэрніцкі, Шумнянскі і Ялагаўскі (Ялагінскі). 29 кастрычніка 1924 года Чэрніцкі сельсавет перайменаваны ў Замастоцкі. 26 сакавіка 1927 года да раёна далучаны Бараўлянскі, Віцебскі, Даўжанскі, Заронаўскі, Кабішчанскі, Курынскі, Лятчанскі (Вялікалятчанскі), Мікалаёўскі, Міхалёўскі, Старасельскі сельсаветы скасаванага Кузняцоўскага раёна. Пасля скасавання акруговага падзелу 26 ліпеня 1930 года раён у прамым падпарадкаванні БССР. 15 лютага 1931 года раён скасаваны: Замастоцкі і Машканскі сельсаветы перададзены Багушэўскаму раёну; Астровенскі, Пліскі і Сініцкі сельсаветы — Бешанковіцкаму раёну; Кабішчанскі і Мікалаёўскі сельсаветы — Гарадоцкаму раёну; Заронаўскі сельсавет — Сіроцінскаму раёну; Войтаўскі і Курынскі сельсаветы — Суражскаму раёну; Бабініцкі, Бараўлянскі, Віцебскі, Даўжанскі, Лятчанскі (Вялікалятчанскі), Міхалёўскі, Рудакоўскі, Старасельскі, Сялюцкі, Шумнянскі, Ялагаўскі (Ялагінскі) сельсаветы ўключаны ў гарадскую рысу горада Віцебска.
У канцы 1920-х гадоў мясцовая прамысловасць складалася з лесапільнага, 2 цагельных заводаў, 10 млыноў, электрастанцыі, механічнай майстэрні, 2 торфараспрацоўкі, 9 арцеляў, якія аб’ядноўвалі 151 саматужніка . Развівалася сельская гаспадарка і спажывецкая кааперацыя, якая ў 1929 годзе была рэарганізавана: 9 спажывецкіх таварыстваў аб’яднаны ў адзін райспажыўсаюз, 7 сельскагаспадарчых крэдытных таварыстваў — у сельгасбанк і райкаапсаюз. У 1929 годзе было створана 28 калгасаў. У 1930 годзе ў раёне ўжо дзейнічалі 48 калгасаў і 18 саўгасаў. Іх спецыялізацыяй была мяса-малочная жывёлагадоўля і агародніцтва. У 1918/1929 навучальных гадах у школах раёна навучалася 8,4 тыс. вучняў, у 1930/1931 гадах — 12,3 тыс. вучняў.
27 ліпеня 1937 года Віцебскі раён утвораны зноў, у яго склад уключана 14 сельсаветаў: Бабініцкі, Бараўлянскі, Віцебскі, Даўжанскі, Заронаўскі, Лятчанскі, Мікалаёўскі, Міхалёўскі, Рудакоўскі, Рудніцкі, Старасельскі, Сялюцкі, Шумнянскі, Ялагаўскі. З 20 лютага 1938 года раён у складзе Віцебскай вобласці.
Перад вайной у раёне працавалі 2 бальніцы, 5 урачэбна-амбулаторных і ветфельчарскі пункты, 11 аптэк. З сярэдзіны ліпеня 1941 года раён быў акупаваны нямецкімі войскамі. У гады нямецкай акупацыі на тэрыторыі раёна дзейнічалі Віцебскія падпольныя райкамы КП(б)Б (31 мая 1942—1 лістапада 1943 гады) і ЛКСМБ (10 мая 1942—11 лістапада 1943 гады), партызанскія брыгады і асобныя атрады. У лютым 1942 года у час Маскоўскай бітвы на тэрыторыі сучаснага Віцебскага раёна вялі баі часці 249-й стралковай дывізіі і 51-й стралковай брыгады 4-й ударнай арміі Калінінскага фронту, якія наблізіліся да Віцебска на адлегласць каля 7 км, але потым, адышлі на тэрыторыю РСФСР. Падчас Другой Сусветнай вайны раён страціў 413 населеных пункта.
15 лютага 1949 года да раёна далучаны Каралёўскі сельсавет Лёзненскага раёна, 24 жніўня 1951 года — Акцябрскі сельсавет таго ж раёна. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Даўжанскі, Каралёўскі, Лятчанскі, Міхалёўскі, Рудніцкі, Сялюцкі, Ялагаўскі сельсаветы, утвораны Варонаўскі сельсавет, Віцебскі сельсавет перайменаваны ў Біцялёўскі, Шумнянскі сельсавет — у Русакоўскі. 20 студзеня 1960 года да раёна далучаны Асінаўскі і Замастоцкі сельсаветы скасаванага Багушэўскага раёна, Астроўскі, Балашоўскі, Ботаніцкі, Войтаўскі, Запольскі, Котаўскі, Краўцоўскі, Курынскі, Навасёлкаўскі, Тарасенскі, Янавіцкі сельсаветы, гарадскія пасёлкі Сураж і Янавічы скасаванага Суражскага раёна. 22 снежня 1960 года скасаваны Астроўскі, Балашоўскі, Бараўлянскі, Біцялёўскі, Ботаніцкі, Войтаўскі, Котаўскі, Краўцоўскі, Мікалаёўскі, Навасёлкаўскі, Рудакоўскі, Русакоўскі, Старасельскі, Тарасенскі, Янавіцкі сельсаветы, утвораны Вымнянскі, Лятчанскі, Мазалаўскі і Ноўкінскі сельсаветы. 25 снежня 1962 года да раёна далучаны гарадскі пасёлак Шуміліна, Дабейскі, 9 населеных пунктаў Лаўжанскага, Лескавіцкі, Пагарэлецкі і Сіроцінскі сельсаветы скасаванага Шумілінскага раёна, Астровенскі і Пліскі сельсаветы Бешанковіцкага раёна, гарадскія пасёлкі Сураж і Янавічы, Запольскі і 10 населеных пунктаў Курынскага сельсавета перададзены ў склад Лёзненскага раёна. 22 студзеня 1963 года Вымнянскі сельсавет перададзены Лёзненскаму раёну, 12 лютага 1965 года Астровенскі і Пліскі сельсаветы — Бешанковіцкаму раёну, 30 ліпеня 1966 года Дабейскі, Лескавіцкі, Пагарэлецкі, Сіроцінскі сельсаветы — адноўленаму Шумілінскаму раёну. 2 жніўня 1966 года да раёна далучаны гарадскія пасёлкі Сураж і Янавічы, Вымнянскі і Запольскі сельсаветы Лёзненскага раёна. 31 ліпеня 1970 года ўтвораны гарадскі пасёлак Руба ў адміністрацыйным падпарадкаванні Віцебскага гарсавета. 24 студзеня 1972 года Асінаўскі сельсавет перайменаваны ў Шапечынскі. 6 кастрычніка 1981 года ўтвораны Задуброўскі сельсавет. 27 снежня 1990 года з часткі Бабініцкага сельсавета ўтвораны Тулаўскі сельсавет.
Па стане на 1 студзеня 1992 года ў раёне было 384 населеныя пункты. Раён падзяляўся на 14 сельсаветаў (Акцябрскі, Бабініцкі, Варонаўскі, Вымнянскі, Задуброўскі, Замастоцкі, Запольскі, Заронаўскі, Курынскі, Лятчанскі, Мазалаўскі, Ноўкінскі, Тулаўскі, Шапечынскі). Дзейнічалі 20 калгасаў, 10 саўгасаў, 40 фермерскіх гаспадарак, асацыяцыя сельскагаспадарчых кааператываў і сялянскіх фермерскіх гаспадарак, 2 вытворча-камерцыйныя таварыствы.
8 красавіка 2004 года скасаваны Замастоцкі сельсавет[7].
У 2000-я гады на тэрыторыі раёна добраўпарадкаваны 16 аграгарадкоў (Акцябрская, Альгова, Бабінічы, Вароны, Вымна, Задуброўе, Замасточча, Заронава, Кіраўская, Копці, Мазалава, Ноўка, Тарасенкі, Тулава, Шапечына, Шапурова).
28 лютага 2011 года указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб зацвярджэнні афіцыйных геральдычных сімвалаў адміністрацыйна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінак Віцебскай вобласці» № 86 быў зацверджаны герб і сцяг Віцебскага раёна.
20 чэрвеня 2013 года Суражскі і Янавіцкі пассаветы рэарганізаваны ў сельсаветы[8]. 26 ліпеня 2017 года сесія Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў прыняла рашэнне аб уключэнні ў межы Віцебска гарадскога пасёлка Руба.
Насельніцтва
На тэрыторыі раёна знаходзіцца 367 населеных пунктаў.
Колькасць насельніцтва:
1992 — 47,8 тыс. 2009 — 42 тыс. 2016 — 37,3 тыс. Гарадское насельніцтва складае 2,1 тыс. чалавек (гарадскія пасёлкі Сураж і Янавічы).
Колькасць людзей пенсіённага ўзросту — 12,3 тыс. 2009.
Адміністрацыйны падзел
Адміністрацыйна падзяляецца на 15 сельсаветаў: Акцябрскі, Бабініцкі, Варонаўскі, Вымнянскі, Задуброўскі, Запольскі, Заронаўскі, Курынскі, Лятчанскі, Мазалаўскі, Ноўкінскі, Суражскі, Тулаўскі, Шапечынскі і Янавіцкі. Буйныя населеныя пункты раёна: Акцябрскі, Альгова, Бабінічы, Вымна, Кіраўская, Копці, Лужасна, Мазалава, Ноўка, Сасноўка, Тулава.
Эканоміка і транспарт
Пад сельскагаспадарчымі ўгоддзямі занята 115,6 тыс. га, з іх асушаных 35,2 тыс. га. Сельскагаспадарчая вытворчасць спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, агародніцтве, бульбаводстве. Развіта таксама птушкагадоўля. На паўночным усходзе займаюцца льнаводствам, вырошчваннем збожжавых.
У раёне працуюць 2 рэспубліканскія гаспадаркі — эксперыментальныя базы імя Шмырова і «Тулава». Створаны цяплічны камбінат ААТ «Рудакова», комплекс па адкорме буйной рагатай жывёлы ЗАТ «Ліпаўцы», комплекс па вытворчасці свініны «Лучоса».
Праз тэрыторыю раёна праходзіць аўтамабільныя дарога М8 (Мяжа Расійскай Федэрацыі (Езярышча)—мяжа Украіны (Новая Гута), якая з’яўляецца часткай еўрапейскага маршрута E95 (Санкт-Пецярбург—Мерзіфон), аўтамабільная дарога М3 (Мінск—Віцебск), якая звязвае абласны цэнтр са сталіцай рэспублікі. Па тэрыторыі праходзіць шэраг аўтамабільных дарог рэспубліканскага значэння: Р20 (Віцебск—Полацк—мяжа Латвійскай Рэспублікі (Грыгарошчына)), Р21 (Віцебск—мяжа Расійскай Федэрацыі (Лёзна), Р25 (Віцебск—Сянно—Талачын), Р87 (Віцебск—Орша), Р112 (Віцебск—Сураж—мяжа Расійскай Федэрацыі (Стайкі), Р115 (), Р151 ().
Сацыяльная сфера
Адукацыя
Асноўны артыкул: Адукацыя ў Віцебскім раёне У Віцебскім раёне дзейнічае 36 устаноў адукацыі, з іх 14 устаноў дашкольнага выхавання, аграрны каледж УА «Віцебская дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны», дзіцяча-юнацкая спартыўная школа.
Установы сярэдняй адукацыі раёна наведваюць 3202 чалавекі, дашкольнага выхавання — 1195. У сістэме адукацыі Віцебскага раёна працуе 1206 педработнікаў.
Ахова здароўя
На тэрыторыі Віцебскага раёна знаходзяцца: абласная псіханеўралагічная бальніца, рэспубліканская туберкулёзная бальніца «Сасноўка», 5 бальніц (на 200 месцаў), 1 здраўпункт, 9 амбулаторый, 19 фельчарска-акушэрскіх пунктаў. Працуюць медыцынскія пункты ў Варонаўскім і Сялюцкім дамах-інтэрнатах.
У раёне працуе 75 дактароў і 216 работнікаў сярэдняга медперсанала. Забеспячэнне медыкаментамі насельніцтва раёна здзяйсняецца праз раённую аптэку № 161 і праз 6 аптэк.
На тэрыторыі раёна размешчаны аздараўленчы комплекс «Жалязнякі», санаторыі «Железнодорожник» і «Лётцы».
Культура
У ліпені 1953 года пры Віцебскім райвыканкаме ўтвораны аддзел культуры, а яго загадчыкам быў прызначаны В. А. Хаванскі. У гэты час у раёне працавала 10 хат-чытальняў, 1 сельская бібліятэка, 2 сельскія клубы. Пасля аб’яднання ў 1960 годзе Віцебскага і Суражскага раёнаў на тэрыторыі раёна працавалі 23 клубныя ўстановы і 15 бібліятэк. У 1972 годзе ў раёне было 40 бібліятэк, 77 клубных устаноў, была адкрыта Сялюцкая дзіцячая музычная школа[9].
У 1990-я гады ў раёне было створана некалькі фальклорных калектываў: дзіцячыя пры Мазалаўскім сельскім Доме культуры (1998; далей — СДК), Сушчоўскім СДК (1990), Бабініцкім СДК (1996); дарослыя — пры Суражскім гарадскім Доме культуры (1997), пры Акцябрскім СДК (1998), фальклорна-абрадавая група пры Ноўкінскім СДК, пры Варонаўскім СДК «Спадчына» (1993), пры гэтай жа ўстанове ў 1998 годзе створаны народны фальклорны ансамбль[10].
Сродкі масавай інфармацыі
Мясцовая прэса прадстаўлена газетай «Жыццё Прыдзвіння». Выдаецца з 11 ліпеня 1938 г. Наклад — каля 3,3 тыс. асобнікаў (2011), выходзіць па аўторках і суботах. Заснавальнік — Віцебскі раённы выканаўчы камітэт.
Музеі
Дзейнічае раённы музей. Адчынены 1 сакавіка 2004 гады ў вёсцы Акцябрская Віцебскага раёна Віцебскай вобласці. З’яўляецца структурным падраздзяленнем у складзе аддзела культуры Віцебскага раённага выканаўчага камітэта. У фондах Віцебскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея налічваецца 12477 прадметаў асноўнага фонду, 2826 навукова-дапаможнага фонду. Сабраны прадметы археалогіі, побыту і этнаграфіі, калекцыі нумізматыкі, баністыкі, фалерыстыкі, філатэліі. Дзейнічаюць пастаянныя выстаўкі «Старонкі гісторыі» і «Віцебскі раён. Побыт і культура 20 ст.»
Асноўныя кірункі дзейнасці:
- зменныя выстаўкі з фондаў, прыватных калекцый, фондаў іншых музеяў;
- экскурсіі па выставах;
- музейна-педагагічныя заняткі (лекцыі);
- тэматычныя вечары;
- культурна-адукацыйныя мерапрыемствы.
Вядомыя асобы
- Дзмітрый Кузьміч Абраменка (1910, в. Філіпкава — 1981) — поўны кавалер Ордэна Славы.
- Антон Лаўрэнцьевіч Амбросаў (1912, в. Дрыколле — 1984) — фітапатолаг-вірусолаг.
- Аляксей Гаўрылавіч Антонаў (1922, в. Вымна) — Заслужаны ўрач БССР. Герой Сацыялістычнай Працы.
- Алесь Асіпенка — беларускі празаік, кінасцэнарыст (нарадзіўся ў в. Пушкары).
- Ягор Васілевіч Васілеўскі — Герой Савецкага Саюза (1946).
- Пётр Лукіч Даўбешкін (1912, в. Паўлавічы — 1943) — Герой Савецкага Саюза (1943).
- Уладзімір Ануфрыевіч Канаваленка (1917, Скрэбні — 1944) — Герой Савецкага Саюза.
- Міхась Лынькоў — беларускі пісьменнік, літаратуразнаўца, грамадскі дзеяч, акадэмік АН БССР (нарадзіўся ў в. Зазыбы).
- Ігнат Манькоўскі — публіцыст, асветнік, грамадскі дзеяч XVIII ст. (трымаў маёнтак у в. Буёва).
- Фёдар Андрэевіч Махноў — адзін з самых высокіх людзей у гісторыі.
- Мікалай Нікіфароўскі — беларускі этнограф, фалькларыст, літаратар і педагог (нарадзіўся ў в. Вымна).
- Іван Паўлавіч Собалеў (1907, в. Шапуры — 1989) — Герой Савецкага Саюза.
- Мінай Піліпавіч Шмыроў — адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху ў Віцебскай вобласці ў Вялікую Айчынную вайну.
- Уладзімір Плешчанка (1948, в. Вароны — 2006) — беларускі палітык і палітвязень.
- Міхаіл Барысавіч Кандраценка (1924, в. Трыніўкі) — Герой Сацыялістычнай Працы.
- Рыгор Логвінавіч Шакулаў (1910, в. Паўлавічы — 1987) — пісьменнік, паэт.
- Уладзімір Сяргеевіч Багданаў (нар. 1927) — беларускі гісторык. Доктар гістарычных навук (1984), прафесар (1985).
- Дзмітрый Дзмітрыевіч Сямёнаў — беларускі і расійскі педагог.
- Дар’я Аляксандраўна Шышкіна (нар. 1921) — навуковец, кандыдат гістарычных навук, дацэнт.
- Ганна Лявонаўна Арлоўская (1923, в. Балітчыхіна — 2010) — беларуская педагог, Заслужаны настаўнік БССР.
- Аляксандр Рыпінскі (1809, в. Кукавячына — 1886) — беларускі паэт, фалькларыст, графік і кнігавыдавец, удзельнік паўстання 1830—1831 гадоў.
Памятныя мясціны
Асноўны артыкул: Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Віцебскага раёна На тэрыторыі раёна знаходзяцца больш за 200 помнікаў гісторыі і культуры. У рэспубліканскі спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей уключаны 54 помнікі гісторыі і культуры раёна.
У раёне захаваліся: будынак паштовай станцыі 1843 г. у вёсцы Бараўляны, будынак земляробчай школы 2-й палавіны XIX ст., Пакроўская царква канца XIX ст. у вёсцы Лужасна[11].
- Астраўская Свята-Троіцкая царква
- Храпавіцкая Свята-Петра-Паўлаўская царква
- Храпавіцкая Свята-Троіцкая царква
- Бабініцкая царква
- Тадулінскі Свята-Успенскі манастыр
Зноскі
- ↑ http://vitebsk.vitebsk-region.gov.by/ru/sabynich-gennadiy-gennadevich
- 1 2 3 Вынікі перапісу 2009 года
- ↑ «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
- ↑ GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
- ↑ Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 1 / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1983. — Т. 1. — С. 370. — 575 с. — 10 000 экз.
- ↑ Известия Западной Коммуны. −1918. — № 278. — 27 ноября.
- ↑ Решение Витебского областного Совета депутатов от 8 апреля 2004 г. № 55 Об изменении административно-территориального устройства районов Витебской области Архівавана 5 кастрычніка 2021.
- ↑ Решение Витебского областного Совета депутатов от 20 июня 2013 г. № 278 О некоторых вопросах административно-территориального устройства районов Витебской области
- ↑ У мірнай працы / Падрых. У. І. Мезенцаў // Памяць Віцебскага раёна: Гісторыка-дакументальная хроніка / Рэдкал.: А. П. Красоўскі [і інш.]; Укл. У. І. Мезенцаў; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: Мастацкая літаратура, 2004. — 772 с.: іл. — С. 657—658. — ISBN 985-02-0647-0.
- ↑ У мірнай працы / Падрых. У. І. Мезенцаў // Памяць Віцебскага раёна: Гісторыка-дакументальная хроніка / Рэдкал.: А. П. Красоўскі [і інш.]; Укл. У. І. Мезенцаў; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: Мастацкая літаратура, 2004. — 772 с.: іл. — С. 657—658. — ISBN 985-02-0647-0.
- ↑ Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. — Мн., 1985. — С. 181—182.
Літаратура
- Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
- Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 4), ISBN 985-11-0035-8.
- Віцебскі раён // Рэспубліка Беларусь: вобласці і раёны : энцыклапедычны даведнік / склад. Л. В. Календа. — Мн., 2004. — С. 119—121.
- Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфii і фальклору, Выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі». Т. 10: Віцебская вобласць. Кн. 2 / [В. В. Віталёва і інш.; рэдакцыйная калегія: У. У. Андрыевіч (галоўны рэдактар) і інш.; пад навуковай рэдакцыяй А. І. Лакоткі]. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2019. — 727 с.: каляр. іл., партр., гербы, карты. — С. 7—13. — ISBN 978-985-11-1126-4.
Спасылкі
- Спіс населенных пунктаў па сельсаветах
- Віцебскі раённы выканаўчы камітэт (руск.)
- Рэсурс Віцебскай абласной бібліятэкі «Прыдзвінскі край: гісторыя і сучаснасць»
- Фотаздымкі на сайце Radzima.org
- Карта Віцебскага раёна Архівавана 14 красавіка 2010.
- Славутасці на партале globustut.by (руск.)
- Сайт «Наш Край» — пра наваколлі Віцебска
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Віцебскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Віцебскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Багушэўскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Высачанскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Віцебскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Гарадоцкага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Кузняцоўскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Лосвідскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Лёзненскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Суражскага раёна Катэгорыя·Пасёлкі гарадскога тыпу Віцебскай вобласці Катэгорыя·Раёны Віцебскай вобласці Катэгорыя·Раёны, скасаваныя ў 1931 годзе Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1937 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1954 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1960 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 2004 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1960 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1990 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 2013 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Віцебскага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.