Акінчыцы
Акі́нчыцы[1] — колішні засценак у Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці, у 1977 годзе ўключаны ў межы Стоўбцаў.
У Акінчыцах размешчаны музей Якуба Коласа, адноўлены ў хаце, дзе ў 1882 годзе нарадзіўся паэт.
Гісторыя
Узгаданы як засценак князя Радзівіла ў 1784 годзе: тады ён адносіўся да парафіі Стаўбцоўскага дамініканскага касцёла Мінскага дэканата[2]. Паводле «Спісу воласцей, грамад і паселішчаў Мінскай губерні на 1 студзеня 1870 г.» у Акінчыцах жыло чатырнаццаць шляхцічаў. Засценак быў упісаны ў нясвіжскі радзівілаўскі «берчак», у якім вёўся ўлік і кантроль збору грашовых падаткаў з ардынацкай шляхты[3].
У польскім геаграфічным слоўніку 1886 года даюцца такія звесткі: «Окіньчыцэ, у народнай гаворцы Акіньчыцы, калісьці сядзіба шляхты Акіньчыцаў, Мінскі павет, у 3-м койданаўскім стане, Свержанская воласць, за 4 вярсты на поўнач ад мястэчка Новы Свержань, пры гасцінцы з Атцэды, мае 9 двароў, мясцовасць роўная, з лёгкай глебай»[4].
Паблізу дарогі мясцілася Акінчыцкая лясная камора, дзе з 1881 па 1883 год жыла сям’я лесніка Нясвіжскай ардынацыі Міхася Міцкевіча і яго жонкі Ганны. 3 лістапада 1882 года ў іх нарадзіўся сын Кастусь, у будучым — Народны паэт Беларусі Якуб Колас.
Рашэннем аблвыканкама ў 1977 годзе вёска Акінчыцы ўключана ў межы горада Стоўбцаў.
Славутасці
- Музей Якуба Коласа, раьмешчаны ў адноўленай хаце, дзе нарадзіўся паэт.
Ураджэнцы
- Якуб Колас (1882—1956) — беларускі пісьменнік, паэт, Народны паэт Беларусі.
- Фабіян Акінчыц (1886—1943) — беларускі грамадска-палітычны дзяяч, адзін з заснавальнікаў і старшыня Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU). С. 473
- ↑ Opisy parafii dziecezji wilenskiej z 1784 roku. T.2. Dekanat Minsk, с. 109
- ↑ Тумас, 1982
- ↑ Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich, Tom VII. Warszawa, 1886, S. 423
Літаратура
- Акінчыцы // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — Tom VII (Netrebka — Perepiat), 1886. — S. 423 (польск.)
- Генадзь Тумас. Родны бераг песняра. — Мінск: «Полымя», 1982. — С. 3-4. — 30 с. — 3 000 экз.
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі без сельсавета Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Стаўбцоўскага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.