Новы Свержань
Но́вы Све́ржань[2] (трансліт.: Novy Svieržań, руск.: Новый Свержень) — вёска ў Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці, пры ўпадзенні Жацераўкі ў Нёман, адміністрацыйны цэнтр сельсавета. За 3 км на поўдзень ад Стоўбцаў, за 5 км ад чыгуначнай станцыі Стоўбцы, на аўтамабільнай дарозе Нясвіж—Стоўбцы.
Гісторыя
Першы пісьмовы ўспамін пра Свержань як мястэчка Наваградскага павета датуецца 1568 годам. У гэты час тут вядомы царква і млын. Свержанскі замак стаяў на правым беразе Нёмана. Мястэчкам супольна валодалі А. Урэлеўскі, М. Слушка і А. Валовіч, потым Храптовічы.
У 1575 годзе Свержань перайшоў ва ўладанне Мікалая Радзівіла Сіроткі, які ў 1588 заснаваў тут касцёл, а ў 1590 — царкву. Станам на 1647 год у мястэчку было 5 вуліц, 84 двары, на 1681 — 44 крамы. У XVII—XVIII стст. Свержань уваходзіў у склад Мірскага графства. У часы Вялікай Паўночнай вайны ў 1706 мястэчка спалілі шведскія войскі.
У 1-й палове XVIII ст. у Свержані заснавалі базыльянскі кляштар з семінарыяй, у 1742 Міхал Казімір Радзівіл збудаваў фаянсавую мануфактуру. У сяр. XVIII ст. у мястэчку 3 млыны, на беразе Нёмана 20 складоў для тавараў; адсюль пачынаўся нёманскі гандлёвы шлях у Каралявец. Станам на 1747 у Свержані было 160 двароў, у кан. XVIII ст. — каля 200 двароў. У гэты час мястэчка атрымала назву Новы Свержань, а суседняя вёска — Стары Свержань.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Новы Свержань апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам воласці Менскага павета. У вайну 1812 года каля мястэчка адбылася бітва паміж расійскімі і французскімі войскамі. У 1860-я ў Новым Свержані было 178 двароў, народнае вучылішча, школа, касцёл, капліца, царква, сінагога, 2 млыны, каля 20 крамаў, карчма, паштовая станцыя, рэгулярна праводзіліся 2 кірмашы. Паводле вынікаў перапісу (1897) — 297 двароў, у пач. XX ст. — 487 двароў.
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Новы Свержань апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Стаўбцоўскага павета.
У 1939 Новы Свержань увайшоў у склад БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 стаў цэнтрам сельсавета. Статус паселішча панізілі да вёскі. Станам на 1998 тут было 864 двары.
Насельніцтва
- XIX стагоддзе: 1897 год — 1749 чал.
- XX стагоддзе: 1901 год — 2432 чал.; 1921—514 чал.[3]; 1998 год — 2205 чал., 864 двары[4].
- XXI стагоддзе: 2009 год — 1982 чал.[5]; 2019 год — 1849 чал., 819 двароў[1].
Інфраструктура
У Новым Свержані працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, дом культуры, бібліятэка, пошта. Дзейнічае РУП «Навасвержанскі лесазавод» (вырабляе піламатэрыялы, шпон, шпалу), ТАА «Стаўбцоўскі райаграсервіс», ПУП «Мядзведзь тайгі» (вытворчасць слясарнага інструменту).
Славутасці
- Замчышча
- Касцёл Святых Пятра і Паўла (XVI ст.)
- Млын вадзяны (XIX ст.)
- Могілкі: яўрэйскія; польскіх салдат, загінуўшых у 1919—1920
- Сінагога (XIX ст.)
- Царква Успення Прасвятой Багародзіцы (XVI ст.)
Галерэя
- Краявіды Новага Свержаня
- Царква
- Брама царквы
- Касцёл
- Вадзяны млын
- Даўні гасцінец
Вядомыя ўраджэнцы
- Юры Весялкоўскі (нар. 1924) — грамадска-палітычны дзеяч беларускай эміграцыі.
- Аляксей Пяткевіч (нар. 1931) — беларускі літаратуразнавец, краязнавец.
- Мікола Сенька (1924—2008) — беларускі грамадскі дзеяч.
- Міхась Сенька (1922—2016) — дзеяч беларускай эміграцыі.
- Уладзімір Сенька (1918—1997) — беларускі ваенна-палітычны дзеяч і публіцыст.
- Аляксей Сянкевіч (1904—1991) — беларускі грамадскі дзеяч.
- Барыс Шчорс (1916—1975) — беларускі грамадскі і ваенны дзеяч.
- Ігар Шчорс (1918—1992) — беларускі грамадскі і ваенны дзеяч.
- Мікалай Шчорс (1913—1995) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч.
- Эдуард Шыркоўскі (1932—2002) — старшыня КДБ Рэспублікі Беларусь (1990—1994).
- Міканор Ярашэвіч (1885 — пасля 1937) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, першы рэктар Беларускага політэхнічнага інстытута.
Зноскі
- 1 2 Навасвержанскі сельскі выканаўчы камітэт. (руск.) — Стаўбцоўскі раённы выканаўчы камітэт
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Но́вы Све́ржан, Но́вы Све́ржынь
- ↑ Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej. Tom VII. Część I: Województwo Nowogródzkie. Warszawa, Główny Urząd Statystyczny Rzeczypospolitej Polskiej, 1923.
- ↑ Валерый Шаблюк. Новы Свержань // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — 592 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9. С. 334.
- ↑ Насельніцтва населеных пунктаў Беларусі па выніках перапісу 2009 года Архівавана 2 кастрычніка 2019.
Літаратура
- Шаблюк В. Новы Свержань // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.5. Мн.: БелЭн, 1999.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Новы Свержань
- Radzima.org: мястэчка Свержань Новы
- Jurkau kutoczak — Юркаў куточак — Yury’s Corner. Храмы Новага Свержаня Архівавана 24 мая 2012.
- Глобус Беларусі: Новы Свержань
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Стаўбцоўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.