Алукснэ
А́лукснэ (лат.: Alūksne, ст.-рус.: Олыста, Алыстъ, Волыстъ, ням.: Marienburg) — горад на паўночным усходзе Латвіі каля аднайменнага возера, адміністрацыйны цэнтр Алуксненскага края. Плошча 14,23 км². Насельніцтва 8653 чал. (1 студзеня 2012).
Назва паходзіць ад латг.: olūksna — «крыніца ў лесе». Да 1917 года называўся Марыенбу́рг (у гонар Маці Божай). Вядомы з 1284 года.
Гарадскі востраў вядомы як Замкавы (Pils sala), або востраў Марыі. Замак у наш час выкарыстоўваецца як адкрытая тэатральная пляцоўка.
Гісторыя
Тэрыторыя вакол возера Алукснэ першапачаткова была заселена фінскімі плямёнамі, а з VIII—XII стагоддзяў латгаламі. Паселішча, тады вядомае як Олыста, Алыстъ або Волыстъ, на месцы цяперашняга горада ўпершыню згадана ў пскоўскім летапісе пад 1284 годам.
Мясцовасць і паселішча былі захоплены нямецкімі крыжакамі Лівонскага ордэна ў 1342 годзе. Імі на суседнім востраве быў пабудаваны замак Марыенбург, які служыў для абароны гандлёвых шляхоў з Рыгі ў Пскоў. Горад, які вырас побач з замкам, таксама стаў вядомы як Марыенбург.
Быў узяты войскамі Івана IV у 1560 годзе падчас Лівонскай вайны. У 1582 годзе быў уключаны ў склад Рэчы Паспалітай. У 1629 годзе адышоў да Швецыі.
У 1683 годзе ў Відзэмэ Эрнстам Глюкам, лютэранскім святаром, першым перакладчыкам Бібліі на латышскую мову, заснаваны першыя школы з выкладаннем на латышскай мове.
Руская армія на чале з Шарамецевым захапіла горад падчас Паўночнай вайны ў 1702 годзе. Пры гэтым у палон патрапіў Глюк і яго выхаванка Марта Скаўронская (Крузэ), якая стала палюбоўніцай і пасля жонкай першага расійскага імператара Пятра I. У 1724 годзе пад імем Кацярына I была каранавана на расійскі прастол, стаўшы расійскай імператрыцай.
У сярэдзіне XVIII стагоддзя памесце Марыенбург было падаравана дзяржаўнаму канцлеру М. І. Варанцову, які ў 1764 годзе прадаў яго лейб-медыку І. Ф. Фітынгофу. У сярэдзіне XIX стагоддзя побач з развалінамі старога замка Фітынгофы пабудавалі новую рэзідэнцыю.
Зноскі
- ↑ Колькасць жыхароў у самакіраваннях. 01.01.2016(лат.)
- ↑ Кніга паштовых індэксаў Латвіі — красавік 2011 (лат.)
- ↑ Класіфікатар адміністрацыйных тэрыторый і тэрытарыяльных адзінак Латвіі — 16 лютага 2011 (лат.)
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Алукснэ
- Афіцыйны сайт Алуксненскага края (лат.) (руск.) (англ.) (эст.)
- Інфармацыя пра Алукснэ ў тапанімічнай базе даных (лат.)
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.