wd wp Пошук:

Аляксандраўка 2

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Аляксандраўка.

Алякса́ндраўка 2[2] (трансліт.: Aliaksandraŭka 2, руск.: Александровка 2) — вёска ў Слаўгарадскім раёне Магілёўскай вобласці.

Геаграфія

Знаходзіцца за 14 кіламетраў на паўночны ўсход ад Слаўгарада[3]. Уваходзіць у склад Гіжэнскага сельсавета.

Гісторыя

Аб засяленні гэтых месцаў у глыбокай старажытнасці сведчыць той факт, што за 1,5 кіламетра на паўднёвы захад ад вёскі, на правым беразе р. Сожа захавалася стаянка каменнага веку і паселішча эпохі Кіеўскай Русі[3]. У пісьмовых крыніцах вёска Таўкачоўка ўпершыню ўзгадваецца каля 1870 года, калі ў маёнтку побач Шая Яхнін заснаваў кафляны завод, дзе выраблялі талеркі, сподкі, чайнікі, абліцавальную плітку і іншае. Існуюць меркаванні, што гэтую плітку скарыстоўвалі для абліцоўкі Крамля ў Маскве. Магчыма так і было, бо Яхнін вёў гандаль нават з іншымі краінамі свету, а ягоны тавар быў са штампам «Ш. Яхнін», што сведчыць аб грунтоўнасці прадпрыемства[3].

Па дадзеных гістарычных дакументаў ў 1897 годзе вёска і фальварак пана Рамідаўскага належалі Доўжанскай воласці Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерніі[3]. Годам пазней здарыўся пажар, у якім згарэла ўся вёска разам з дзецьмі, якія былі вінаватымі ў ім. Пан Рамідаўскі злітаваўся над пагарэльцамі, дазволіўшы будавацца на новым месцы. Частка людзей засталася жыць на ранейшых тэрыторыях, а новым месцам для пагарэльцаў стала сённяшняя Аляксандраўка 1[3].

У 1909 годзе ў Таўкачоўцы налічвалася 18 двароў, 113 жыхароў, у аднайменным фальварку, які належаў памешчыцы Рамідаўскай, быў адзін двор з 9 жыхарамі. Пасля ўстанаўлення савецкай улады непадалёку ад вёскі, на беразе Сожа, пачаў дзейнічаць смалакурны завод. Пабудаваў яго Масей Катляр у 1922 годзе[3]. У той час на прадпрыемстве дзейнічалі два катлы ёмістасцю 8 метраў кубічных. Першымі рабочымі-качагарамі былі Ціхан Свірыдаў і Малет Клімянкоў. Працаваў завод на мясцовай сыравіне — асмоле або абгніўшых сасновых пнях. Нарыхтоўку і падвозку смалы рабілі навакольныя жыхары. Завод выпускаў вугаль, дзёгаць і шкіпінар. Вугаль і дзёгаць Масей Катляр прадаваў навакольным жыхарам, а шкіпінар адвозіў на баржах у Гомель. Крыху пазней на базе завода была створана прамарцель. У яе аб’ядналіся жыхары Новай Слабады. Гэта былі ўжо штатныя рабочыя савецкага прадпрыемства[3].

У час Вялікай Айчыннай вайны завод быў моцна пашкоджаны, але пасля выгнання фашысцкіх акупантаў яго аднавілі, і ён пачаў даваць прадукцыю. Пры заводзе быў адкрыты новы цэх, які выпускаў воцатна-кальцыевы парашок[3]. Магутнасць завода была невялікая, але прадукцыя яго была важная: выпускалася ў месяц 2100 кг шкіпінару, удвая больш дзёгцю, 9 тон вугалю, 1,1 тоны воцатна-кальцыевага парашку. Вугаль скарыстоўваўся для мясцовых патрэб, а шкіпінар, дзёгаць, воцатна-кальцыевы парашок адпраўляліся па прызначэнні[3].

У 1941 годзе каля вёскі пры пераправе цераз Сож у час выхаду з акружэння загінуў савецкі ваенны дзеяч, камандзір 13-га механізаванага корпуса(руск.) бел. генерал-маёр Пётр Ахлюсцін(руск.) бел.[3].

На шашы, недалёка ад вёскі, стаіць помнік, якім адзначана брацкая магіла, дзе пахаваны байцы 771-га стралковага палка 137 стралковай дывізіі(руск.) бел.[3]. Тут жа пахаваны салдаты 497-га гарматнага артылерыйскага палка, што загінулі 24 ліпеня 1941 года. 470 артылерыстаў былі пахаваны ў гэтым месцы ў 60-я гады мінулага стагоддзя. У 2018 годзе астанкі яшчэ васьмі чырвонаармейцаў, якія былі знойдзеныя падчас пошукавай экспедыцыі, знайшлі свой пакой ля гэтай магілы[3].

Са жніўня 1941 года да 3 кастрычніка 1943 года вёска была акупаваная намецка-фашысцкімі захопнікамі. А пры адступленні немцы ў жніўні 1943 года спалілі 20 двароў з 21 існуючага на той час, 6 мясцовых жыхароў загінулі ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў[3]. Падчас наступлення Чырвонай Арміі пераправа каля Аляксандраўкі-II стала месцам баявых дзеянняў — партызанскія фарміраванні ўтрымлівалі яе да падыходу савецкіх войскаў[3].

Пасля вайны вёска была адбудавана і некаторы час адносілася да Краснапольскага раёна[3].

У 1990 годзе Аляксандраўка была ў складзе калгаса «40 гадоў Кастрычніка», тут налічвалася 21 гаспадарка, пражывалі 34 жыхары, была вытворчая брыгада, крама. Але ў 1986 годзе вёска пацярпела ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Засталося толькі некалькі двароў[3].

Насельніцтва

  • 2011 год — 12 чалавек[1]
  • 2010 год — 14 чалавек
  • 1999 год — 14 чалавек
  • 1926 год — 180 чалавек[4]

Інфраструктура

У вёсцы функцыянуе Дом сацыяльных паслуг[5] і некалькі аграсядзіб[3].

Зноскі

  1. 1 2 3 КОЛИЧЕСТВО НАСЕЛЕНИЯ СЛАВГОРОДСКОГО РАЙОНА (руск.)
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
  3. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 Аксана Нямцова. Аляксандраўка: ад кафлянага завода да аграсядзіб Архівавана 4 верасня 2018.
  4. Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Слаўгарадскага раёна, Мінск, БелТА, 1999, с. 562
  5. Сайт раённай адміністрацыі Архівавана 27 студзеня 2014.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Слаўгарадскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be