Архірэйская Пустынь
Архірэ́йская Пу́стынь, або Антоніева Пустынь — колішні хутар на левым беразе ракі Свіслач, уласнасць мінскіх архірэяў. Цяпер у межах Мінска, на тэрыторыі Мінскага аўтамабільнага завода.
На захадзе ад Архірэйскай Пустыні месціцца Шчотаўка, на паўночным усходзе — Слоўвец, на паўднёвым усходзе — Архірэйская Слабада.
Назва
Пустынь у праваслаўнай традыцыі — адасобленае месца, дзе жыў пустэльнік. Таксама такая назва давалася невялікім манастырам у цяжкадаступнай мясцовасці.
Гісторыя
У 1847 годзе, плануючы сысці з месца мінскага архіепіскапа, тут вырашыў пасяліцца мінскі архіепіскап Антоній Зубко. На атрыманыя ад Найсвяцейшага Сінода грошы (3000 рублёў) Антоній пабудаваў дом і царкву пры ім, царква была асвечаная ў гонар Антонія Кіева-Пячэрскага. Архітэктарам дома стаў епархіяльны архітэктар Восіп Андрэеевіч Выляжынскі (пам. 1869), які раней прымаў удзел у пабудове Мінскай духоўнай семінарыі, архірэйскага дома і храма на Траецкай гары[1].
Падарожнік Павел Шпілеўскі, які быў тут ў 1850-х гадах, так апісваў паселішча: «аточаны бярозавымі і хваёвымі лясамі, вядомы сваёй чысценькай сажалкай, садам і домікамі з мяккай гліны з дамешкамі верасу, пабудаванымі паводле плану самога ўладальніка хутару архіепіскапа Антонія…, пры Пустыні заснаваная архірэйская царква ў імя святога Антонія»[2].
Першапачаткова ў рэзідэнцыі жыў толькі Антоній Зубко, аднак неўзабаве сюды стаў рэгулярна наведвацца Міхаіл Галубовіч, наступны мінскі архірэй. Галубовіч разбіў у рэзідэнцыі вялікі сад з кветнікам, сярод раслін былі рэдкія для беларускага клімату віды. Пры Галубовічу рэзідэнцыю наведвалі найвышэйшыя чыны Мінскай губерні. У 1862 годзе Антоній Зубко з’ехаў з рэзідэнцыі, яна афіцыйна перайшла да мінскага Архірэйскага дома, і афіцыйна стала летняй рэзідэнцыяй мінскіх архірэяў[1].
9 сакавіка 1907 года архірэйскую дачу абрабавалі, а 17 траўня тут здарыўся пажар. Цалкам згарэў дом, у якім месціліся архірэйскія пакоі і царква, а таксама некаторыя пабудовы. Неўзабаве дача была адбудаваная. У 1917 годзе ўрочышча Архірэйская Пустынь Сеніцкай воласці Мінскага павета Мінскай губерні, двор, 8 жыхароў, усе беларусы[3]. У часе Першай сусветнай вайны ў Пустыні быў санаторый для хворых і параненых[1].
За савецкім часам будынак нацыяналізаваны, у ім быў размешчаны Начны санаторый. Пасля Другой сусветнай вайны тэрыторыя хутара была занятая Мінскім аўтамабільным заводам і трасамі вуліц Свіслацкай і Машынабудаўнікоў[1].
Зноскі
- 1 2 3 4 Гордей Щеглов. Антониева Пустынь: страница из истории Минской епархии (XIX – начало XX в.)(руск.) . minds.by. Архівавана з першакрыніцы 30-10-2019. Праверана 30-10-2019.
- ↑ Шпилевский П. М. Путешествие по Полесью и белорусскому краю. Мн., 1992 // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. С. 468
- ↑ Список населенных мест Б.С.С.Р. (б. Минской губернии), 1924, с. 159
Літаратура
- Jelski A. Pustynia-Archirejska // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — T. IX Pożajście — Ruksze, 1888, 960 s.
- Список населенных мест Б.С.С.Р. (б. Минской губернии) / Центральное Статистическое Бюро Б.С.С.Р.. — Минск: Белтрестпечать, 1924.
- Щеглов Гордей, иерей. Антониева Пустынь: страница из истории Минской епархии (XIX — начало XX в.) // Церковно-исторический альманах. — 2016. — № 3. — С. 40-49.
Катэгорыя·Населеныя пункты, якія ўвайшлі ў склад Мінска
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.