Астрашыцкі Гарадок
Астрашы́цкі Гарадо́к[1] (трансліт.: Astrašycki Haradok, руск.: Острошицкий Городок) — аграгарадок у Мінскім раёне Мінскай вобласці, на рацэ Усяжа. Адміністрацыйны цэнтр Астрашыцкагарадоцкага сельсавета. Насельніцтва 2390 чал. (1995). Знаходзіцца за 24 км на поўнач ад Мінску, за 15 км ад чыгуначнай станцыі Калодзішчы; на шашы Мінск — Лагойск.
Астрашыцкі Гарадок — даўняе мястэчка гістарычнай Меншчыны.
Назва
Тапонім «Астрашы́цкі Гарадо́к»[2] складаецца з дзвюх частак: азначэнне «Астрашыцкі» паказвае на блізкасць да вёскі Астрошыцы, назва «Гарадок» сведчыць пра існаванне тут невялікага замка (горада)[3].
Гісторыя
Першы пісьмовы ўспамін пра Гарадок («Астрашыцкі» дадалося пазней) датуецца 1567 годам. Паводле інвентара (1650) у мястэчку існавалі драўляны замак, гандлёвая плошча, царква, карчма і крамы; 3 вуліцы (Мінская, Глебкавіцкая і Кавальская), 51 двор. Замак меў абарончыя сцены і 4 кутнія вежы, яго абкружалі сажалкі і штучны роў. Да замка вёў мост, уваход праз браму-вежу «прускага муру» унутры якой былі жылыя, гаспадарчыя і абарончыя памяшканні. Леваруч ад брамы стаяў 1-павярховы драўляны палац, вакол якога высаджваліся зёлкі. Жылыя памяшканні палаца мелі размаляваныя дзверы і столь, печы і каміны з каляровай кафлі. За палацам размяшчаліся варыўня, кухня, пякарня, псярня, лазня, бровар. Праваруч ад брамы стаялі дом «прускага муру» з жылымі пакоямі, каморай, вазоўняй, стайняй і свіран. Перад замкам знаходзіліся стайня, вадзяны млын і тартак.
Станам на 1734 г. у Астрашыцкім Гарадку было 24 двары. Паводле інвентару 1745 — 30 двароў, драўляны палац, звярынец, фальварак з 2 жылымі будынкамі, пякарняй, стайнямі, аборай, броварам і інш. За сядзібай былі ставы з млынамі і рыбныя сажалкі.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Астрашыцкі Гарадок апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, у Менскім павеце Мінскай губерні. У 1-й пал. XIX ст. за 1 км ад мястэчка збудавалі мураваны 2-павярховы палац, дзе размяшчалася сабраная М. Тышкевічам калекцыя твораў выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Існаваў вялікі парк, у якім быў звярынец. Станам на 1886 г. у мястэчку існавалі 2 царквы, капліца, школа, рудня, майстэрня вырабу меднага посуду для бровара, 11 крам, заезны дом, 4 млыны. На 1917 — 324 двары.
У 1919 годзе Астрашыцкі Гарадок увайшоў у БССР, дзе 20 жніўня 1924 г. стаў цэнтрам Астрашыцка-Гарадоцкага раёна (з 1935 у Мінскім раёне). Статус паселішча панізілі да вёскі. Станам на 1987 г. тут было 1789 двароў, на 1995 — 938 двароў. У 2000-я Астрашыцкі Гарадок атрымаў афіцыйны статус аграгарадка.
Насельніцтва
- XIX стагоддзе: 1897 — 1115 муж.
- XX стагоддзе: 1917 — 1564 чал.; 1987 — 1789 чал.[4]; 1995 — 2390 чал.
Інфраструктура
У Астрашыцкім Гарадку працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, бальніца, дом культуры.
Турыстычная інфармацыя
Славутасці
- Капліца (XIX ст.)
- Могілкі яўрэйскія
- Сінагога
- Царква Праабражэння Гасподняга (XIX ст.)
Страчаная спадчына
- Палацава-паркавы комплекс Тышкевічаў (XVII—XVIII стагоддзі)
- Царква Святога Духа (1773; грэка-каталіцкая)
Вядомыя асобы
- Таццяна Дзмітрыеўна Самусенка (1938—2000) — беларуская фехтавальшчыца (на рапірах), трохразовая алімпійская чэмпіёнка.
- На могілках пахаваны Уладзімір Ільіч Содаль (1937—2015) — беларускі літаратуразнавец, журналіст, даследчык, краязнавец.
- Варлен Леанідавіч Бечык (1939—1985) — беларускі савецкі крытык і літаратуразнавец.
- Ларыса Лявонцьеўна Кароткая (1919—2012) — беларускі літаратуразнавец, педагог, кандыдат філалагічных навук, дацэнт. Маці Варлена Бечыка.
- Іегуда Жухавіцкі (1868 — ?) — беларускі скрыпач і музычны педагог
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- ↑ Дзяржаўны цэнтр картаграфа-геадэзічных матэрыялаў і дадзеных Рэспублікі Беларусь Архівавана 5 сакавіка 2016.
- ↑ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 81.
- ↑ В. В. Віталёва, Ю. А. Якімовіч. Астрашыцкі Гарадок // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — 494 с., [8] к.: іл. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. С. 222.
Літаратура
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — 494 с., [8] к.: іл. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2.
- Gródek (4) // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom II: Derenek — Gżack. — Warszawa, 1881. S. 818.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Астрашыцкі Гарадок
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Мінскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.