Бакалажэва
Бакалажэва[1] (польск.: Bakałarzewo) — вёска ў Польшчы, за 19 км на захад ад Сувалак і за 114 км на поўнач ад Беластока, на рацэ Распудзе. Уваходзіць у склад Сувальскага павета Падляскага ваяводства, сядзіба вясковай гміны Бакалажэва.
Назва
Назва Бакаларава паходзіць ад мянушкі Мікалая Рачковіча «Бакалара», аднаго з заснавальнікаў паселішча.
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Мястэчка было заснавана ў пачатку XVI стагоддзя пад назвай Даўспруда Бакаралаўская або Бакалараўшчына. Яно ўваходзіла ў склад Гарадзенскага павета Троцкага ваяводства. У другой палове XVI стагоддзя мястэчка ўжо ўпамінаецца пад назвай Бакаларава.
Да 1558 года Бакаларава атрымала магдэбургскае права. У 1609 годзе Мікалай Вольскі фундаваў стварэнне касцельнага алтара (захоўваецца ў касцёле Святога Якуба).
У другой палове XVII стагоддзя Бакаларава перайшло ў валоданне Хлявінскіх[2], у XVIII стагоддзі — да Цемналонскіх.
Пад уладай Расійскай імперыі
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Бакаларава апынулася ў складзе Прусіі, у 1807 годзе згодна з Тыльзіцкім мірным дагаворам — у складзе Расійскай імперыі, у Сейненскім павеце Аўгустоўскай губерні. У 1870 мястэчка было пазбаўлена гарадскіх правоў. Да 1880 колькасць будынкаў дасягнула 103.
Найноўшы час
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам 1921 года Бакаларава апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі.
У часы Другой сусветнай вайны з 4 верасня 1939 да 1945 года Бакалажэва знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Рэйха. У 1973 годзе вёска стала сядзібай вясковай гміны. У 1975—1998 гадах Бакалажэва ўваходзіла ў склад Сувальскага ваяводства.
Насельніцтва
- XIX стагоддзе: ~1880 год — 1554 чал.[3]
- XX стагоддзе: 1929 год — 705 чал.
- XXI стагоддзе: 2019 год — 872 чал.
Славутасці
- Касцёл Святога Якуба (1936)
- Млын (XIX ст.)
- Могілкі: старыя каталіцкія, іўдзейскія
Зноскі
- ↑ Напісанне ў адпаведнасці з ТКП 236-2010 (03150) «Спосабы і правілы перадачы геаграфічных назваў і тэрмінаў Рэспублікі Польшча на беларускую мову». Гл. польска-беларускую практычную транскрыпцыю.
- ↑ Naruszewicz T. Miejscowości ziemi bakałarzewskiej. — Bakałarzewo, 2014. S. 20—24.
- ↑ Chlebowski B. Bakałarzewo // Słownik geograficzny… T. I. — Warszawa, 1880. S. 84.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Бакалажэва
Катэгорыя·Населеныя пункты Падляскага ваяводства Катэгорыя·Населеныя пункты Сувальскага павета Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.