wd wp Пошук:

Бершты

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Бершты. Бе́ршты[1] (трансліт.: Bieršty, руск.: Бершты) — вёска ў Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці. Уваходзіць у склад Астрынскага сельсавета. Размешчана побач з Берштаўскім возерам.

Да 2002 года цэнтр Берштаўскага сельсавета[2], у 2002 — 2013 гадах уваходзіла ў склад Навадворскага сельсавета[3].

Гісторыя

ВКЛ

Упершыню згадваецца 27 лютага 1460 г., гаспадарскі двор у Гродзенскім павеце ВКЛ, які ў 1460—1499 неаднаразова наведвалі вял.кн. Казімір і Аляксандр; у 1496 тут адбыўся сойм ВКЛ. У 1633—1639 у Берштах спыняўся на адпачынак і паляванне кароль Уладзіслаў Ваза. Пазней Берштаўскія лясы і каралеўскія паляванні былі апісаныя М. Сарбеўскім у паэме «Silvi ludia» (Лясныя забавы). У 1738 — вёска, 19 валок зямлі, 42 гаспадары, у Астрынскім старостве.

Расійская імперыя

З 1795 у складзе Расійскай імперыі, з 1802 у Гродзенскай губерні. У вайну 1812 году ў Берштах дзейнічаў партызанскі атрад. У 1850 — вёска ў складзе маёнтка Бершты, 75 гаспадарак, 609 жыхароў, 53 дзесяціны ворыва; меліся карчма, свіран. У фальварку Бершты — жылы дом, свіран, стайня і іншыя гаспадарчыя пабудовы; 43 дзесяціны ворыва. У 1853 ад голаду загінулі 100 жыхароў вёскі. У 1859 у казённым маёнтку Бершты: 16 вёсак, 3 урочышчы, 21790 дзесяцін зямлі (у т.л. у сялян 9950 дзесяцін), 13 корчмаў (у 1850 — 18), прадпрыемства па вырабу жалеза, 1187 душ мужчынскага полу (у 1850—326 двароў, 2820 жыхароў, вадзяны млын). Падчас паўстання 1863—1864 каля Берштаў, у Святым Балоце знаходзіўся атрад паўстанцаў пад камандаваннем палкоўніка А. Лянкевіча. Сюды ў красавіку 1863 прыязджаў К. Каліноўскі. У ноч з 29 на 30 сакавіка 1863 г. паўстанцы разабралі масты праз р. Котра каля в. Бершты і праз р. Нявіша каля в. Якубавічы, спыніўшы гэтым сувязь паміж вёскамі. 22.4(4.5.).1863 у раёне Святога Балота адбыўся бой паміж паўстанцамі і расійскімі войскамі, пасля чаго атрад А. Лянкевіча перайшоў у Мілавідскія лясы Слонімскага павета. У 1869 у Берштах (разам з урочышчамі Бабіна, Засады, Зубрава, Зубраўка, Крапіўніца, Мастэйка, Падбершты, Прыдоўгае) 106 двароў, 439 жыхароў, 6372 дзесяціны зямлі. У 19 — пачатку 20 ст. Бершты — сяло, мястэчка, цэнтр воласці Гродзенскага павета. У 1885—117 двароў, 936 жыхароў, валасное праўленне, царква (пабудавана ў 1816, адрамантавана ў 1866—1867), фельчарскі пункт, народнае вучылішча. На тэрыторыі воласці — 34 паселішчы, 527 двароў, 4169 жыхароў. У 1892—976 жыхароў; у 1896—137 двароў, 933 жыхары (разам з выселкам Касцічы), хлебазапасны магазін, піцейны дом; у 1905—1470 жыхароў. У 1889 на беразе возера Берштаўскае быў знойдзены манетны скарб (ухаваны ў 2-й палове 1660-х), які змяшчаў каля 6000 білонных і медных манет і з’яўляўся адным з найбольш буйных манетных скарбаў 17 ст. на Беларусі. У 1910 Гродзенскі лесаахоўны камітэт выдзеліў 6 дзесяцін зямлі лясной плошчы пад будаўніцтва Берштаўскага 2-класнага народнага вучылішча і жаночага аднакласнага вучылішча. У 1-ю сусветную вайну Бершты акупіраваны кайзераўскімі войскамі.

У складзе Польшчы

У ліпені—верасні 1920 улада ў вёсцы належала бальшавіцкаму ВРК (створаны 26 ліпеня, кіраўнік А. Макараў). Пасля польскага наступлення ў 1920 годзе К. Русілка арганізаваў партызанскі атрад. З 1921 — вёска, цэнтр гміны (6119 жыхароў) Гродзенскага павета Беластоцкага ваяводства Польшчы. У 1921 разам з Бераставіцамі — 207 двароў, 1120 жыхароў; дзейнічалі гмінная ўправа, пошта, царква. Жыхар вёскі Лука Дз. Лебядзевіч, член КПЗБ, прымаў удзел у працы Народнага сходу Заходняй Беларусі ў кастрычніку 1939 г.

У складзе БССР

З 1939 у БССР, з 12.10.1940 — цэнтр сельсавета Парэцкага, з 12.11.1940 Скідзельскага раёна Беластоцкай, з 20.9.1944 Гродзенскай вобласці, з 15.12.1962 у Гродзенскім, з 1964—1967 у Шчучынскім раёне.

У Вялікую Айчынную вайну з чэрвеня 1941 г. да ліпеня 1944 г. вёска акупіравана нямецка-фашысцкімі войскамі; вызвалена ў ходзе Беларускай аперацыі. 3 1950 г. вёска ў складзе калгасаў імя Ракасоўскага, «Зара» (з 1957), імя Леніна (з 1960); цэнтр калгаса, пазней саўгаса «Бершты» (да 2001). У 1970 у вёсцы 140 двароў, 387 жыхароў. На 1.1.2001 — 108 двароў, 224 жыхары. Базавая школа, клуб, бібліятэка. Помнікі: магіла партызана В. В. Аляксандрава (стэла пастаўлена ў 1963), помнік 148 землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну (пастаўлены ў 1975), мемарыяльная дошка ў гонар ВРК (устаноўлена ў 1959). Помнік народнага драўлянага дойлідства Свята-Пакроўская царква (дзейнічае з 1988—1990).

Вядомыя асобы

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
  2. Решение Гродненского областного Совета депутатов от 20 сентября 2002 г. № 99 О решении вопросов административно-территориального устройства Щучинского района
  3. Решение Гродненского областного Совета депутатов от 28.08.2013 N 250 О некоторых вопросах административно-территориального устройства Щучинского района Гродненской области Архівавана 17 ліпеня 2019.

Літаратура

  • Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Шчучынскага раёна. — Мн., 2001. — 592 с., іл., 23 см. ISBN 985-11-0218-0

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Шчучынскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be